У легальна працуючых за межамі Беларусі праблем са зборам на фінансаванне дзяржрасходаў не ўзнікае — МПЗ
«Ад выплаты збору за адпаведны падатковы перыяд вызвалены грамадзяне, якія фактычна знаходзіліся на тэрыторыі Беларусі менш як 183 каляндарныя дні. Зразумела, што факт знаходжання за межамі рэспублікі павінен быць пацверджаны дакументальна», — падкрэсліў начальнік галоўнага ўпраўлення падаткаабкладання фізічных асоб Міністэрства па падатках і зборах Міхаіл Расолька.
Адказваючы на пытанне аб тым, як пацвердзіць сваю адсутнасць на тэрыторыі Беларусі калі штампа аб перасячэнні граніцы ў чалавека няма (напрыклад, у выпадку выезду ў Расію), прадстаўнік МПЗ адзначыў, што дзень уезду і выезду фізічнай асобы вызначаецца на падставе праязных дакументаў, адзнак, якія ўносяцца ў дакументы, што засведчваюць асобу. Калі дакументы не дазваляюць адназначна вызначыць час фактычнага знаходжання фізічнай асобы на тэрыторыі рэспублікі, плацельшчык прадстаўляе ў падатковы орган дакументы, якія пацвярджаюць месца яго фактычнага знаходжання на працягу каляндарнага года, а таксама любыя іншыя дакументы, якія могуць служыць падставай для вызначэння месца яго фактычнага знаходжання. Гэта дакумент, што засведчвае асобу; копіі дакументаў, якія пацвярджаюць месца жыхарства (пры яго наяўнасці) на тэрыторыі Беларусі або замежнай дзяржавы (копіі дагавора куплі-продажу, найму (паднайму) жылога памяшкання і іншыя); копіі дакументаў, што пацвярджаюць атрыманне на тэрыторыі Беларусі або замежнай дзяржавы даходаў па працоўных, грамадзянска-прававых дагаворах; копіі іншых дакументаў, якія пацвярджаюць месца фактычнага знаходжання на тэрыторыі рэспублікі або замежнай дзяржавы (жыхарства, знаходжання, работы, службы, вучобы) фізічнай асобы на працягу каляндарнага года (гадоў); копіі іншых дакументаў, што пацвярджаюць уезд у Беларусь (выезд з Беларусі) і час знаходжання на тэрыторыі Беларусі або замежнай дзяржавы.
Сярод плацельшчыкаў збору на фінансаванне дзяржрасходаў першачаргова правераць тых, хто рабіў дарагія пакупкі — МПЗ
Аб гэтым паведаміў начальнік галоўнага ўпраўлення падаткаабкладання фізічных асоб Міністэрства па падатках і зборах Міхаіл Расолька.
Адносна плацельшчыкаў збору падатковым органам прадастаўлена права ажыццяўляць кантроль у сферы дэкларавання даходаў і маёмасці і кантроль за адпаведнасцю расходаў грамадзяніна яго даходам. «У першую чаргу будуць правераны грамадзяне, якія не ўдзельнічалі ў фінансаванні дзяржаўных расходаў, але пры гэтым рабілі дарагія пакупкі», — сказаў прадстаўнік МПЗ.
Дэкрэт нумар 3 будзе садзейнічаць выкараненню зарплаты ў канвертах — Расолька
Такое меркаванне выказаў начальнік галоўнага ўпраўлення падаткаабкладання фізічных асоб Міністэрства па падатках і зборах Міхаіл Расолька.
«Дэкрэт быў падрыхтаваны ў тым ліку ў мэтах забеспячэння выканання канстытуцыйнага абавязку грамадзян па ўдзеле ў фінансаванні дзяржаўных расходаў шляхам выплаты падаткаў, пошлін і іншых плацяжоў, — сказаў прадстаўнік МПЗ. — На жаль, факты ўтойвання грамадзянамі даходаў ад падаткаабкладання і атрымання ценявых даходаў усё яшчэ маюць месца».
Рэалізацыя дэкрэта будзе садзейнічаць выкараненню такіх негатыўных фактаў, як выплата зарплаты ў канвертах або атрыманне даходаў ад незарэгістраванай прадпрымальніцкай дзейнасці, лічыць Міхаіл Расолька.
Паведамленні аб выплаце збору на дзяржрасходы ўручаць да 1 кастрычніка 2016 года, разлічыцца трэба да 15 лістапада
Паведамленне на выплату збору падатковы орган уручыць плацельшчыку да 1 кастрычніка года, што ідзе за мінулым падатковым перыядам. «Першы раз — да 1 кастрычніка 2016 года, збор трэба будзе заплаціць да 15 лістапада», — растлумачыў Валерый Кавалькоў.
Намеснік міністра адзначыў, што дэкрэт нумар 3 прадугледжвае змяншэнне памеру збору ў мэтах стымулявання да яго самастойнай выплаты. Сума будзе зменшана на 10 працэнтаў, калі плацельшчыкі збору з 1 жніўня і не пазней за 31 мая года, які ідзе за мінулым падатковым перыядам, паведамяць у падатковы орган па месцы сваёй рэгістрацыі аб няўдзеле ў фінансаванні дзяржаўных расходаў або ўдзеле ў такім фінансаванні менш за 183 каляндарныя дні. На 10 працэнтаў менш трэба будзе выплаціць і тым, хто на падставе паведамлення разлічыўся да 1 ліпеня года, што ідзе за мінулым падатковым перыядам.
МПЗ: грамадзянін зможа на працягу 30 дзён даказаць, што не абавязаны плаціць збор
Грамадзянін мае права на працягу 30 каляндарных дзён з дня атрымання паведамлення прадставіць у падатковы орган дакументы, тлумачэнні, якія сведчаць аб адсутнасці ў яго абавязку па выплаце збору за адпаведны падатковы перыяд або аб няправільным вылічэнні сумы збору.
Гэтыя дакументы, тлумачэнні разглядаюцца падатковым органам на працягу месяца. Меры па спагнанні збору ў гэты час прымацца не будуць, адзначыў Міхаіл Расолька. У названы тэрмін падатковы орган прыме рашэнне аб пацвярджэнні раней уручанага паведамлення, унясенні ў яго змяненняў або ануляванні. У выпадку пропуску па ўважлівай прычыне тэрміну прадстаўлення дакументаў, тлумачэнняў гэты тэрмін па заяве грамадзяніна можа быць адноўлены.
Нявыплата або няпоўная выплата збору на фінансаванне дзяржрасходаў вядзе да штрафу або адміністрацыйнага арышту — Бягун
«За нявыплату або няпоўную выплату збору дэкрэт нумар 3 прадугледжвае адміністрацыйную адказнасць у выглядзе штрафу ад дзвюх да чатырох базавых велічынь або адміністрацыйны арышт да 15 сутак. Пры гэтым асобы, у адносінах да якіх прыменены адміністрацыйны арышт, у абавязковым парадку (на працягу тэрміну яго адбыцця) будуць прыцягвацца да выканання грамадска карысных работ», — сказаў начальнік Дэпартамента па грамадзянстве і міграцыі Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі Аляксей Бягун.
Ён растлумачыў, што гэта работа без аплаты, для выканання якой не патрабуецца пэўных прафесійных ведаў і навыкаў, кваліфікацыі, што мае сацыяльна карысную значнасць для адміністрацыйна-тэрытарыяльнай адзінкі. Напрыклад, прыбіранне вуліц, могілак, іншых аб’ектаў сацыяльнага прызначэння, збор камянёў на палях і да т.п. Пералік аб’ектаў, на якіх будуць праводзіцца грамадска карысныя работы, і канкрэтныя віды такіх работ будуць вызначацца рашэннямі мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў.
Парадак прыцягнення адміністрацыйна арыштаваных да выканання грамадска карысных работ у частцы, не ўрэгуляванай дэкрэтам і Працэсуальна-выканаўчым кодэксам Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэннях (напрыклад, максімальная штодзённая працягласць, забеспячэнне інструментамі), у бліжэйшы час будзе ўстаноўлены пастановай урада.
Тых, хто ўхіляецца ад работы ў час адміністрацыйнага арышту, могуць чакаць дысцыплінарныя спагнанні — МУС
Як растлумачыў Аляксей Бягун, цяпер арт.18.10 Працэсуальна-выканаўчага кодэкса Беларусі аб адміністрацыйных правапарушэннях прадугледжаны наступныя віды дысцыплінарных спагнанняў за невыкананне грамадзянамі ў час адміністрацыйнага арышту ўстаноўленых для іх абавязкаў: вымова, пазачарговае дзяжурства па прыбіранні памяшканняў, карцар або ўтрыманне ў адзіночнай камеры.
Пытанні, якія датычацца парадку прыцягнення адміністрацыйна арыштаваных да выканання грамадска карысных работ у частцы, не ўрэгуляванай дэкрэтам і Працэсуальна-выканаўчым кодэксам Беларусі аб адміністрацыйных правапарушэннях (напрыклад, максімальная штодзённая працягласць, забеспячэнне інструментамі), у бліжэйшы час будуць урэгуляваны пастановай Саўміна.
Неплацельшчыкі збору на фінансаванне дзяржрасходаў будуць уключацца ў спісы невыязных — МУС
Начальнік Дэпартамента па грамадзянстве і міграцыі Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі Аляксей Бягун растлумачыў, што такі механізм прадугледжаны арт.7 закона «Аб парадку выезду з Рэспублікі Беларусь і ўезду ў Рэспубліку Беларусь грамадзян Рэспублікі Беларусь». «Вызначана, што права грамадзяніна Рэспублікі Беларусь на выезд з краіны можа быць часова абмежавана, калі ён не выконвае без уважлівых прычын маёмасныя, падатковыя або іншыя абавязацельствы перад Рэспублікай Беларусь», — сказаў Аляксей Бягун. Абмежаванні ў праве на выезд за мяжу гэтай катэгорыі асоб будуць ажыццяўляцца на падставе рашэнняў суда.
Амаль 10 тыс. іншаземцаў могуць стаць плацельшчыкамі збору на фінансаванне дзяржрасходаў — МУС
Аляксей Бягун адзначыў, што цяпер у рэспубліцы пражываюць больш як 165 тыс. замежных грамадзян і асоб без грамадзянства, якія маюць пасведчанне на права жыхарства. «Паводле папярэдняй ацэнкі МУС, амаль 10 тыс. іншаземцаў могуць стаць плацельшчыкамі збору на фінансаванне дзяржаўных расходаў», — праінфармаваў Аляксей Бягун.
Ён падкрэсліў, што МУС сумесна з Фондам сацыяльнай абароны насельніцтва з’яўляецца першаснай крыніцай персанальных даных грамадзян, якія будуць абавязаны кампенсаваць дзяржаўныя расходы. Механізм спагнання фінансавых сродкаў аналагічны ўстаноўленаму для грамадзян Беларусі, рэзюмаваў Аляксей Бягун.
МУС: адсутнасць рэгістрацыі не вызваляе ад выплаты збору на дзяржрасходы
Адказваючы на пытанне, ці будуць плаціць збор бамжы, начальнік Дэпартамента па грамадзянстве і міграцыі МУС Аляксей Бягун адзначыў, што няўнасць або адсутнасць рэгістрацыі па месцы жыхарства ў грамадзяніна Беларусі не вызваляе яго ад выканання абавязкаў, прадугледжаных заканадаўствам. Гэта датычыцца ў тым ліку палажэнняў дэкрэта нумар 3.