Сеять нужно в темпе — считает механизатор «Улльского» Владимир Прыгун

Актуалии Сельское хозяйство Экономика

Красавік выводзіць на старт
Ранняя вясна, якая, здавалася, трывала адарыла наваколле цяплом у канцы сакавіка, усё ж паказала свой зменлівы характар.  “Прыйшлося часова прыпыніць сяўбу, – кажа  дырэктар КУСГП “Ульскі” В. У. Лабейка. – Галоўнае ж не толькі ўкінуць насенне ў глебу, але і закрыць яго добра. Дажджы і мокры снег ставяць палкі ў колы пасяўной. Пры павышанай вільготнасці насенне не загортваецца як след, каляіна поўнасцю не закрываецца. Мы не можам дапускаць такіх хібаў”.  Валянціна Уладзіміраўна, з якой размаўлялі напрыканцы мінулага тыдня,  расказала, што пасля дажджоў гразка нават на прыдзвінскіх землях ля в. Убоіна, дзе тыдзень таму пачалі сеяць авёс.
Па меркаваннях агранамічнай службы “Ульскага”, на гэтым тыдні пасяўная адновіцца. У гаспадарцы ёсць два пасяўныя агрэгаты і невялікія сеялкі СПУ. Без іх аніяк – лічаць механізатары, бо на маленькіх лапіках (такіх у гаспадарцы дастаткова) нязручна разварочвацца на шыроказахопных агрэгатах.
“Сёлетняй вясной нам трэба пасеяць 785 гектараў зерневых і зернебабовых, – кажа Валянціна Уладзіміраўна. – Стаўку робім на ячмень і пшаніцу. Акрамя гэтага, будзем сеяць 200 гектараў яравога рапсу і 350 гектараў кукурузы. Работы непачаты край, расслабляцца няма калі”.
Гутарым з адным з самых вопытных сейбітаў гаспадаркі Уладзімірам Антонавічам Прыгуном (на здымку). Восенню ён адзін справіўся з азімым зерневым клінам. І ў красавіку мяркуе засяваць па сорак гектараў за дзень. “У нашай гаспадарцы землі спецыфічныя: ля Дзвіны падсыхае хутка, трэба адсеяцца ў тэмпе – пакуль вільготнасць глебы аптымальная, – кажа механізатар. – А потым амаль заўсёды перапынак, бо астатнія землі, што ў бок Полацка, цяжкія, там падсыхае значна пазней”. Уладзімір Антонавіч ведае гэта дакладна, бо за дваццаць гадоў работы ў гаспадарцы вывучыў кожны гектар зямлі. Тым больш, што не толькі працуе з сеялкай, але і падчапляе да свайго МТЗ плугі.
“Радуе, што ў нас надзейны касцяк механізатараў, – кажа В. У. Лабейка. – І на ўборачную, і на пасяўную – надзея толькі на іх. Трактароў сваіх хапае, толькі папрасілі ў нашых шэфаў – прадпрыемства меліярацыйных сістэм – МАЗ для падвозу мінеральных угнаенняў”.
На палетках “Ульскага” напрыканцы мінулага тыдня працавалі трактары з плугамі, адначасова на палеткі вывозілі арганічныя ўгнаенні і падкормлівалі азотам пашы.
Ларыса ЗАЙЦАВА.
Надрукавана ў №27 ад 07.04.2015 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *