Куды здаць бульбу?
Многія вясковыя гаспадары ўжо ў красавіку адкрываюць бурты. Ведаючы, што бульбы засыпалі лішкі, шукаюць рынак збыту. “Бульбу можна здаць у райспажыўтаварыства па цане 2800 рублёў за кілаграм, – падказвае начальнік аддзела нарыхтовак Ю. А. Глаўдзель. – Зразумела, бульба павінна мець таварны выгляд і не быць вялай. Калі чалавек жыве ў вёсцы, то здатчыкам трэба звярнуцца ў мясцовы прадуктовы магазін райпо”.
Акрамя гэтага, у магазінах райспажыўтаварыства рады будуць прыняць моркву, буракі, капусту, цыбулю, часнок і журавіны. У неабмежаванай колькасці райпо закупляе і мяса буйной рагатай жывёлы.
Дзе купіць штыкетнік?
Вясна – час наводзіць парадак. Некаторыя вяскоўцы плануюць паставіць новую агароджу і не ведаюць, дзе купіць штыкетнік. Мы патэлефанавалі ў многія арганізацыі і высветлілі, што штыкетнік ці драўляныя пралёты ў неабмежаванай колькасці прадаюць райбыткамбінат і УП ЖКГ.
“Пралёт трохмятровай агароджы ў нас каштуе 143 тысячы рублёў, адна штыкеціна – 5600 рублёў”, – расказаў дырэктар КУП БАН В. П. Бабічаў.
Гэтыя ж тавары прадае і камунгас: адна штыкеціна тут каштуе 9 тысяч рублёў, пралёт – амаль 350 тысяч.
Людміла ЗУЙКОВА.
Надрукавана ў №27 ад 07.04.2015 г.