Суд Шумилинского района решил: вернуть родительские права; лишить родительских прав

Закон Общество Семья

З залы суда: Нешэкспіраўскае пытанне: “Піць ці не піць?”
Так адбылося, што ў суддзі суда Шумілінскага раёна Алены Сініцкай у адзін дзень былі дзве супрацьлеглыя справы: на першым пасяджэнні разглядалася  пытанне аб аднаўленні бацькоўскіх правоў, на другім – аб пазбаўленні.
Для грамадзянкі К. пераломным у жыцці стаў студзень 2014 года. Тыя, хто прысутнічалі тады на судовым пасяджэнні, добра памятаюць яе словы “Пазбаўляйце мяне бацькоўскіх правоў, я не магу кінуць піць”. Дзяўчынак забралі ў апякунскую сям’ю.
Але жанчыне хапіла некалькі дзён, каб усвядоміць, што гэта не жарт і можна назаўсёды страціць сваіх дачок. Першае, што зрабіла К., прайшла курс лячэння ад алкагалізму ў стацыянары, затым яшчэ і закадзіравалася. Працавала без прагулаў,  з прадпрыемства атрымала станоўчую характарыстыку.
К. змагла наладзіць добрыя адносіны з апекунамі, прыходзіла да сваіх дзетак ледзь не кожны дзень, актыўна ўдзельнічала ў выхаванні дзяўчынак.
Падчас судовага пасяджэння К. пастаянна паўтарала: “Я проста люблю сваіх дзяўчынак”. А тое, што яна кінула піць, працуе добра – гэта не для сябе, а для сваіх дзяцей.
Судовае рашэнне – аднавіць К. у бацькоўскіх правах. Пасля ўступлення судовага рашэння ў сілу, дзяўчынкі вярнуліся ў сям’ю. І зараз перад сям’ёй  не стаць пытанне “Піць ці не піць?”, для маці сэнсам жыцця сталі яе дочкі.
*  *  *
Пытанне аб пазбаўленні 26-гадовай Л. бацькоўскіх правоў разглядалася на выязным судовым пасяджэнні, якое прайшло ў Добрынскай школе.
У верасні мінулага сына Л. забралі ў прытулак. Для маці, відаць, стала навіной, што 1 верасня – хлопчыку ў школу, што трэба сабраць яго, купіць школьныя прылады, адзенне. Ёй проста з-за бутэлькі было не да сына…
Калі хлопчыка забралі, жанчына апомнілася: закадзіравалася на адзін год, пачала працаваць без прагулаў. Але надоўга яе не хапіла: спіртное перамагло мацярынскі інстынкт. Як вынік – да сына ў прытулак амаль не ездзіла,  на рабоце – прагулы. На судовае пасяджэнне яе даставілі канвоем  міліцыі, дзе яна адбывала адміністрацыйны арышт за прагулы.
Вяскоўцы, якіх шмат прыйшло на судовае пасяджэнне, больш гаварылі не пра Л., а пра яе 6-гадовага сына, які быў любімцам і ў суседзяў, і ў настаўнікаў, і ў прытулку: “Разумнік, маці вельмі любіць”, “У школе радаваўся любой перамозе. І казаў, што маці будзе ганарыцца ім, бо не падвёў”, “Гэта хлопчык глядзеў за маці, прасіў яе, каб не піла. А ёй было ўсё роўна…” Пасля такіх слоў  абыякавай у зале застаўся толькі адзін чалавек – маці, у якой ніякіх эмоцый не было.
Суддзя Алена Сініцкая  спрабавала дастукацца да мацярынскіх пачуццяў Л., але ўсё было дарэмна. Жанчына свае паводзіны растлумачыць не магла, ды і ў паводзінах і п’янках яна не бачыць нічога дрэннага, а пра свайго сына нават слова не сказала.
Пасля судовага  рашэння – пазбавіць Л. бацькоўскіх правоў – многія заплакалі, а ў самой Л. – ні эмоцый, ні слязы…
Алесь САКАЛОЎ.
Надрукавана ў №27 ад 07.04.2015 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *