У адзінстве наша сіла
2 красавіка ў Дзень яднання народаў Беларусі і Расіі ў чытальнай зале цэнтральнай раённай бібліятэкі прайшла тэматычная сустрэча, на якую сабраліся прадстаўнікі прадпрыемстваў і актывісты грамадскіх аб’яднанняў, моладзь.
Старшыня раённага Савета дэпутатаў І. М. Новікава адзначыла, што пераломнымі ў нашай гісторыі сталі 90-я гады мінулага стагоддзя, менавіта тады народы Беларусі і Расіі выбралі адзінства, сумесны шлях развіцця. “У нас ёсць адзіная славянская духоўнасць, – падкрэсліла Ірына Мікалаеўна. – Нам яе неабходна не толькі захаваць, а і перадаць нашым дзецям”.
Загадчыца аддзела абслугоўвання і інфармацыі цэнтральнай раённай бібліятэкі Л. М. Грыгор’ева адзначыла, што ў народаў Беларусі і Расіі адзіная гісторыя. “А Вялікая Перамога, якой сёлета святкуем 70-годдзе, – была і ёсць нашай агульнай перамогай у Вялікай Айчыннай вайне, – засяродзіла ўвагу Людміла Мікалаеўна. – І толькі разам мы змаглі перамагчы”. Л. М. Грыгор’ева зрабіла экскурс па кнігах, прысвечаных Вялікай Айчыннай вайне, расказала пра творы беларускіх (Святлана Алексіевіч, Алесь Адамовіч, Васіль Быкаў) і расійскіх (Канстанцін Сіманаў, Аляксандр Твардоўскі, Юрый Бондараў) пісьменнікаў.
Дырэктар гісторыка-краязнаўчага музея Святлана Іванова паказала і агульнасць культуры нашых народаў, прэзентавала творчасць фотамайстра Васіля Мясаедава, чые работы ёсць у музеі. “Васіль Мясаедаў родам з нашага раёна, затым пераехаў жыць у Расію, – расказала Святлана Іванова. – На яго работах дзве малыя ра-дзімы – Віцебшчына і Падмаскоўе”.
Завяршылася сустрэча святочным канцэртам, на якім гучалі песні-прызнанні ў любві да Беларусі і Расіі.
Алесь САКАЛОЎ.
Надрукавана ў №27 ад 07.04.2015 г.