“Дзве сястры – Беларусь і Расія”
Такую назву меў Міжнародны фестываль-конкурс маладых выканаўцаў эстраднай песні, які адбыўся ў канцы сакавіка ў Віцебску. Відавочна: музычнае мерапрыемства было прымеркавана да Дня яднання народаў Беларусі і Расіі і запрасіла да ўдзелу выканаўцаў з дзвюх краін. Паспяхова прадставілі Шуміліншчыну на гэтым конкурсе выхаванцы Шумілінскай дзіцячай школы мастацтваў.
Два дыпломы заваявалі нашы дзеці ў намінацыі “Саліст-вакаліст”. Дыплом “Спецыяльны прыз за творчыя дасягненні” і памятны сувенір прывезла з конкурсу Вераніка Юрчанка (выкладчык А. М. Сініцкая), якая скарыла журы выкананнем дзвюх песень “Нараджэнне зорак” і “Анёлы дабрыні”. Адзначана дыпломам і Лідзія Кахтэнка (выкладчык А. А. Фёдарава).
У намінацыі “Вакальная група” (10-13 год) Дыпломам III ступені і памятным сувенірам узнагароджана вакальная група ў складзе Максіма Бурлакова, Таццяны Гутнікавай, Вікторыі Мандрык і Дар’і Скальзаевай. Дзеці разам з выкладчыкам А. А. Фёдаравай падрыхтавалі да конкурсу кампазіцыі “Прекрасное далёко” і “Свята дзяцінства”. Журы высока ацаніла выступленне шумілінскай вакальнай групы.
Некалькі слоў пра сам фестываль-конкурс. Ён праходзіў тры дні і сабраў пад сваім крылом шмат дзяцей, якія ўмеюць і любяць спяваць. Па ўмовах конкурсу ўдзельнікі павінны былі выканаць дзве песенныя кампазіцыі: беларускага аўтара і расійскага. Шумілінцы выступалі ў першы дзень. Наогул у творчых песенных спаборніцтвах прынялі ўдзел больш за 150 прадстаўнікоў розных рэгіёнаў нашай краіны і госці з Расіі.
На здымку: Максім Бурлакоў, Таццяна Гутнікава, Лідзія Кахтэнка,
Вераніка Юрчанка, Вікторыя Мандрык і Дар’я Скальзаева.
Алена КАРПУШЭНКА.
Надрукавана ў №27 ад 07.04.2015 г.