Шумилинские волейболисты получили призы от ОО «Белая Русь»

Общество Спорт, туризм

На прызы “Белай Русі”
На веснавых канікулах у ДзЮСШ прайшоў міжраённы турнір па валейболе на прызы раённай арганізацыі ГА “Белая Русь”. Пяць дзён на пляцоўцы  ДзЮСШ кіпеў валейбольны запал.
На ўрачыстым адкрыцці турніру старшыня раённага Савета дэпутатаў Ірына Новікава адзначыла, што шумілінскі спорт мае годныя традыцыі. “Зусім нядаўна наша зямлячка Ганна Сола ў складзе юніёрскай  каманды Беларусі па біятлоне стала чэмпіёнкай свету, – падкрэсліла Ірына Мікалаеўна. – Упэўнена, што і з гэтых спаборніцтваў вырастуць спартсмены сусветнага ўзроўню”.
“Валейбол на Шуміліншчыне – спорт № 1, – зазначыла старшыня раённай арганізацыі ГА “Белая Русь” Ларыса Маладзечкіна. – Таму раённая арганізацыя “Белая Русь”  падтрымала правядзенне турніру. Спадзяюся, што гэтыя спаборніцтвы стануць  традыцыйнымі”.
Усе выступаючыя пажадалі спартсменам перамог і яркай прыгожай барацьбы.
У спаборніцтвах сярод хлопчыкаў 2000-2001 гадоў нараджэння за перамогу змагаліся каманды з Шуміліна, Віцебска і Верхнядзвінска. “Для нашай каманды гэты турнір вельмі прынцыповы, – дзеліцца трэнер Аляксей Паршыкаў. – На мінулым дамашнім турніры ў фінале мы прайгралі верхнядзвінскай камандзе. Таму задача стаяла адна – узяць рэванш”. Шумілінскія валейбалісты не падвялі свайго трэнера, паказалі добрую гульню і выйгралі першае месца. Лепшымі ў нашай камандзе былі Антон Сушынскі, Ягор Пальвінскі, Аляксандр Красікаў і Андрэй Нячай.
А вось у спаборніцтвах сярод валейбалістаў 2002-2003 гадоў нараджэння вострай барацьбы не атрымалася: нашы землякі былі на галаву вышэй за віцебскіх, наваполацкіх і бешанковіцкіх валейбалістаў. Годную гульню паказалі Даніла Сафонаў, Ілья Піульскі, Мікіта Лабоўкін і Аляксандр Лабачоў. “Падрастае вельмі добрая каманда, – адзначае дырэктар ДзЮСШ Алег Асташонак. – Ім неабходна пастаянная гульнявая практыка. Таму ў наступным годзе гэта каманда будзе выступаць у Дзіцячай валейбольнай лізе”.
У спаборніцтвах дзяўчат 2002 года нараджэння  шумілінская каманда заняла другое месца, перамогу святкавала каманда з Верхнядзвінска. Няблага выглядалі Аліна Ягорава і Анастасія Сівачэнка, удала дэбютавалі Валянціна Ходзюш і Карына Ільінец.
Цікава прайшлі гульні сярод валейбалістак 2000 года нараджэння. Упрыгожаннем турніру стала сустрэча “Шуміліна” – “Верхнядзвінск”. Хаця і каштавала яна нерваў трэнеру Людміле Харкавец і валейбольным заўзятарам: шумілінскія валейбалісткі лёгка ўзялі першыя дзве партыі, а трэцяю і чацвёртую прайгралі. І толькі ў заключнай партыі пры гучнай падтрымцы балельшчыкаў вырвалі перамогу ў матчы, а разам з ёй і перамогу на турніры. Лепшымі ў складзе нашай каманды былі Карына Пяткевіч, Вераніка Несцярэнка і Ірына Варанцова.
Каманды-прызёры, лепшыя ігракі, трэнеры атрымалі каштоўныя падарункі ад раённай арганізацыі ГА “Белая Русь”.
Завяршыўся тыдзень валейболу ў суботу жаночым турнірам, у якім прынялі ўдзел  каманды “Шуміліна-1”, “Шуміліна-2”, “Шумілінская ДзЮСШ”, “Віцебск” і “Новалукомль”.  Перамогу святкавалі віцебскія валейбалісткі,другое месца ў  “Шуміліна-2” (лепшыя ігракі Вікторыя Дубко, Святлана Пятрова і Алена Салаўёва), трэцяе – у “Шуміліна-1” (Таццяна Лазоўская і Антаніна Сямёнава).
Аляксандр ШЭДЗЬКО.
Надрукавана ў №26 ад 03.04.2015 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *