Своё счастье семья Семёновых строит в Кардоне

Сельское хозяйство Семья

Калі ў доме шчасце
Час  няўмольны,  ён хутка ляціць і для маладых. Мінула ўжо два гады, як маладая сям’я Андрэя і Ядзвігі Сямёнавых з аграгарадка Кардон працуе ў КУСГП “Ульскі”.  Прыжыліся ў вёсцы,  нікуды з’язджаць не збіраюцца.
“Так, у нас закончылася абавязковая адпрацоўка і мы ведаем, што маем права памяняць месца работы ці кудысьці з’ехаць, – усміхаецца Ядвіга. – Але не бачу ў гэтым ніякага сэнсу. Нам і тут добра. Ёсць работа, жыллё, узаемаразуменне. Ну, што яшчэ трэба?  Як кажуць, добра там, дзе нас няма. Урэшце рэшт, наша жыццё лепшым зробім толькі мы самі”.
Андрэй і Ядзвіга доўгі час сябравалі яшчэ будучы студэнтамі. Часта разам ездзілі з Гарадоцкага раёна (абодва адтуль родам) у Віцебск. Ядзвіга заставалася ў абласным цэнтры, дзе вучылася на заатэхніка ў Віцебскай ветэрынарнай акадэміі, а Андрэй ехаў ў Горкі – ён быў студэнтам Беларускай  сельскагаспадарчай акадэміі. На пятым курсе Андрэй і Ядвіга пажаніліся і іх разам размеркавалі ў Шумілінскі раён.
Андрэй працуе ў гаспадарцы галоўным інжынерам, Ядзвіга – галоўным заатэхнікам. З першых дзён  маладыя спецыялісты не расчараваліся ў рабоце. Кажуць, што ў “Ульскім” нядрэнныя майстэрні і фермы, маўляў, прыходзілася бачыць намнога горшыя. Галоўнае, што ў гаспадарцы працуюць шчырыя і добрыя людзі, з якімі Андрэй і Ядзвіга паспелі пасябраваць.  Андрэй не толькі “кіруе тэхнічным працэсам у майстэрні”, але і дапамагае выточваць дэталі на такарным станку. А калі ў кагосьці з механізатараў “нарадзілася ідэя” – бягуць з ёй дадому да галоўнага інжынера.
“Сустрэлі нас у “Ульскім” вельмі добра, – кажуць Сямёнавы. – Часова пасялілі ў адзін з пакояў дома, дзе жылі маладыя спецыялісты. І адразу паказалі  наш будучы дом – ён тады дабудоўваўся. Вельмі падабалася туды хадзіць, глядзець на новабудоўлю. А потым мы па свайму густу выбралі шпалеры, узяліся прыбіраць у пакоях, што-нішто пафарбавалі ў любімыя колеры. І на працягу месяца справілі наваселле. Ведаеце: мець асобны ўласны дом з трыма пакоямі – гэта шчасце”.
Сёння ў  Сямёнавых усе пакоі абстаўлены сучаснай мэбляй. Спальню купілі за вясельныя грошы, а вось кухню абставілі за пад’ёмныя – ад гаспадаркі атрымалі па дзесяць мільёнаў кожны.  “Мару яшчэ набыць духавую шафу, бо вельмі люблю займацца выпечкай”, – кажа Ядзвіга.
Праз год жыцця ў новым доме ў маладой сям’і нарадзіўся сынок Дзіма. Зараз Ядзвіга даглядае гадавалага сыночка. Кажа, што праз два гады, а, можа, і раней выйдзе на работу.
Маладая сям’я Сямёнавых распрацавала ля новага дома агарод, ужо летась садзілі бульбу і гародніну. Для перцаў і памідораў Андрэй пабудаваў парнік. Мяркуюць завесці курэй,  а пазней – свіней. Але для гэтага трэба пабудаваць хляўчук. Той, што будаўнікі ўзвялі ля дома, Андрэй заняў пад дрэваапрацоўчую майстэрню. Захапленне ў яго такое: робіць з дрэва стулы, столікі, палічкі, падсвечнікі і яшчэ шмат чаго прыгожага.
Ларыса ЗАЙЦАВА.
Надрукавана ў №26 ад 03.04.2015 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *