Тэма тыдня: Прэзідэнт патрабуе павышэння эфектыўнасці сельгасвытворчасці

Тема недели

Тэма тыдня: Прэзідэнт патрабуе павышэння эфектыўнасці сельгасвытворчасці
Пасяўная кампанія набірае абароты ў Беларусі. У рэспубліцы прыняты неабходныя арганізацыйныя рашэнні для своечасовага і паспяховага правядзення пасяўной кампаніі, праведзена работа па забеспячэнні аграрыяў насеннем, мінеральнымі ўгнаеннямі, гаруча-змазачнымі матэрыяламі, сродкамі аховы раслін. На сёння ва ўсіх абласцях Беларусі вядуцца веснавыя палявыя работы.

Лукашэнка: пытанні стратэгічнага развіцця сельскай гаспадаркі будуць разгледжаны ў красавіку
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 27 сакавіка правёў нараду па сітуацыі ў сельскагаспадарчай галіне, праблемах і перспектывах развіцця.
Кіраўнік дзяржавы запатрабаваў справаздачу аб рэальнай сітуацыі ў сельскай гаспадарцы. Ён нагадаў, што ў мінулым годзе прынята некалькі ўказаў, накіраваных на паляпшэнне сітуацыі ў галіне. «З усімі па вертыкалі ў сельскай гаспадарцы дамовіліся, што калі Прэзідэнт падпісвае 3-5 указаў, то сельская гаспадарка ўздыхне. Прайшло нямала часу, каб паглядзець — дыхае сельская гаспадарка ці не. Я хацеў бы сёння пачуць, як яна дыхае і чаго ёй не хапае для таго, каб нармальна дыхаць», — сказаў Прэзідэнт.
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што па ўсіх пытаннях развіцця вёскі былі не проста прыняты рашэнні, а ўкладзены каласальныя рэсурсы, каб сельская гаспадарка нармальна працавала. З улікам гэтага дзяржава чакае адпаведнай аддачы па ўсіх напрамках развіцця АПК.
«Стратэгічныя пытанні развіцця сельскай гаспадаркі мы разгледзім па выніках першага квартала, у красавіку, як і дамаўляліся, у Віцебскай, Магілёўскай або ж Брэсцкай вобласці, дзе новыя губернатары. Можа, яны будуць больш шчырыя і раскажуць аб праблемах, якія існуюць  зыходзячы з таго, што ўсё-такі гэта не іх віна, што недзе дрэнна», — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.
На нарадзе закраналіся пытанні пагашэння пратэрмінаваных плацяжоў. Акрамя таго, дэталёва абмеркаваны пытанні эканомікі сельгаспрадпрыемстваў, выканання тэхналагічнай і выканальніцкай дысцыпліны, бягучай сітуацыі з правядзеннем пасяўной кампаніі. Прэзідэнт даў шэраг даручэнняў, якія датычацца належнага правядзення пасяўной кампаніі з улікам умоў надвор’я.

Кабякоў: рашэнні па рэфінансаванні даўгоў сельгаспрадпрыемстваў за ГЗМ і ўгнаенні спрацавалі
На гэтым тыдні прэм’ер-міністр Андрэй Кабякоў пабываў з рабочай паездкай у Брэсцкай вобласці. Гаворачы аб мэтах рабочай паездкі, ён адзначыў, што яму хацелася на месцы ацаніць, наколькі меры, прынятыя ўрадам і мясцовымі органамі ўлады, садзейнічаюць таму, каб зрабіць сур’ёзную заяўку на ўраджай 2015 года.
Рашэнні ўрада, звязаныя з рэфінансаваннем запазычанасці прадпрыемстваў за гаруча-змазачныя матэрыялы і ўгнаенні, спрацавалі, заявіў журналістам Андрэй Кабякоў.
«Па раней выдзеленых крэдытных рэсурсах прадпрыемствы разлічваюцца і тут жа іх рэфінансуюць для ажыццяўлення бягучай дзейнасці ўжо ў 2015 годзе. Актыўна разгорнута работа па давядзенні да гаспадарак таварнага крэдыту на ГЗМ», — сказаў прэм’ер-міністр.
У час рабочай паездкі прэм’ера вывучаліся пытанні, звязаныя з бягучай дзейнасцю АПК, у прыватнасці ход веснавых палявых работ. З гэтай мэтай Андрэй Кабякоў пабываў у двух СВК — «Ляхавіцкі» і «Крошын». Кіраўнік урада ў цэлым застаўся задаволены ўбачаным: «Тэхналагічныя пытанні, звязаныя з падрыхтоўкай насення, набыццём угнаенняў, вырашаюцца ў нармальным рэжыме».
Мясцовыя органы ўлады прэм’ер-міністр нацэльвае на тое, каб ліквідаваць нераўнамернасць у развіцці гаспадарак. «У гэтым заключаецца задача кіраўніцтва, у першую чаргу мясцовых улад, каб элементы няроўнасці ў развіцці ў пэўнай ступені знівеліраваць», — падкрэсліў Андрэй Кабякоў.
Акрамя таго, прэм’ер-міністр наведаў ААТ «Ляхавіцкі льнозавод» і СААТ «Ляхавіцкі малочны завод». На першым прадпрыемстве ён азнаёміўся з работай сучаснай высокапрадукцыйнай лініі па перапрацоўцы льнотрасты, на другім — з вытворчасцю натуральнамалочнай прадукцыі і казеіну.

Заяц: зніжэнне сабекошту і павышэнне якасці прадукцыі АПК — залог поспеху на знешніх рынках
Такое меркаванне выказаў 20 сакавіка на прысвечаным пасяўной кампаніі выязным пасяджэнні Гродзенскага аблвыканкама міністр сельскай гаспадаркі і харчавання Беларусі Леанід Заяц.
«Беларускім аграрыям важна ўтрымацца на знешнім рынку. Мала вырабіць — важна прадаць, а гэта сёння ўсё складаней. Не сакрэт, што 95 працэнтаў прадукцыі перапрацоўкі мы рэалізуем у Расійскай Федэрацыі, але апошнім часам ёсць пэўныя цяжкасці з пастаўкамі прадуктаў харчавання ў гэту краіну. Расія паводзіць сябе прыдзірліва, і для гэтага часта ёсць абгрунтаванні. Гаспадаркі і прадпрыемствы-перапрацоўшчыкі павінны выразна разумець, што для таго, каб упэўнена пазіцыянаваць сябе на рынку, мы павінны быць самі на 100 працэнтаў упэўнены ў якасці сваёй прадукцыі. Усім павінна быць зразумела: некалькі сігналаў — і мы будзем закрываць вытворчасці, каб не страціць марку, імя. Выяўляйце прычыны вяртанняў на этапе вытворчасці і над гэтым працуйце», — сказаў міністр, звяртаючыся да кіраўнікоў гаспадарак і прадпрыемстваў.
Ён растлумачыў, што Расія з 2008 па 2014 год пайшла далёка наперад у плане развіцця аграпрамысловага комплексу, значна нарасціла вытворчасць мяса, свініны, птушкі. Расіяне самастойна закрываюць 80 працэнтаў сваіх патрэбнасцей у свініне, 90 працэнтаў — у птушцы і прадаўжаюць нарошчваць аб’ёмы. «На расійскім рынку ёсць дэфіцыт малака (8 млн т) і ялавічыны (400 тыс. т) — гэта і павінна быць наша ніша. Пры гэтым нам трэба вырабляць прадукцыю з высокай дабаўленай вартасцю, працаваць над зніжэннем сабекошту, вырабляць прадукцыю таннейшую, але вышэйшай якасці, тады мы выйграем», — адзначыў міністр.
Беларускі экспарт складае 113 тыс. т з 600 тыс. т імпартуемага Расіяй малака і 120 тыс. т з 400 тыс. т сыру. Відавочна, што трэба развіваць малочную і мясную жывёлагадоўлю, і рабіць гэта праз паляпшэнне якасці кармоў і павышэнне прадукцыйнасці, падкрэсліў Леанід Заяц. Прынята рашэнне нарасціць колькасць БРЖ за 5 гадоў на 5 галоў на 1 га. Ялавічына будзе запатрабавана не толькі ў Расіі, але і на Блізкім Усходзе, у ААЭ, аднак якасць яе павінна быць высокай, у вытворчасці трэба арыентавацца на перадавыя тэхналогіі. Напрыклад, Ізраіль вырашыў поўнасцю адмовіцца ад выкарыстання антыбіётыкаў у жывёлагадоўлі. Можна чакаць, што патрабаванні да прыёмкі малака і мяса будуць толькі павялічвацца.
У маючую адбыцца пасяўную кампанію аграрыі краіны будуць поўнасцю забяспечаны калійнымі ўгнаеннямі, ад вытворцы іх пойдзе ў гаспадаркі 150 тыс. т. На ўзроўні мінулага года застанецца ўнясенне азотных угнаенняў. Ёсць некаторыя праблемы з фосфарнымі ўгнаеннямі з-за значнага росту цэн на сыравіну: пры патрэбнасці 102 тыс. т будзе закуплена 70 тыс. т, але з улікам запасаў унясенне ўдасца забяспечыць на ўзроўні мінулага года. «Галоўнае — правільна выкарыстоўваць дарагія рэсурсы, не дапускаць нядбайнага расходавання. Тое ж датычыцца і сродкаў аховы раслін», — сказаў міністр.
Леанід Заяц таксама нацэліў кіраўнікоў сельгаспрадпрыемстваў на няўхільнае выкананне мер прафілактыкі АЧС.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *