Фінскі метад у нашых лясах
Тэхналогія стварэння лясных культур з выкарыстаннем пасадачнага матэрыялу з закрытай каранёвай сістэмай упершыню была прапанавана фінскімі лесаводамі і паспяхова прымяняецца за мяжой апошнія чатыры дзесяцігоддзя. У Канадзе, Фінляндыі, Швецыі, Нарвегіі да 90% і больш пасадка лесу праводзіцца з выкарыстаннем гэтых тэхналогій. У Расіі тэхналогію пачалі прымяняць каля дзесяці гадоў таму.
Сутнасць тэхналогіі ў тым, што ў якасці пасадачнага матэрыялу выкарыстоўваюць сеянцы, вырашчаныя ў спецыяльных шматячэйкавых кантэйнерах. Пры пасадцы каранёвая сістэма практычна не пашкоджваецца, таму саджанцы лёгка пераносяць перасадку і маюць высокую прыжывальнасць (амаль 100%). Такі метад асабліва эфектыўны на плошчах з неспрыяльнымі ўмовамі, адбываецца істотная (у 2-2,5 разы) эканомія насення, пасадку лясных культур можна праводзіць на працягу ўсяго вегетацыйнага перыяду.
Сёння сеянцы з закрытай каранёвай сістэмай вырошчваюць і ў цяпліцах ДЛГУ “Шумілінскі лясгас”. У мінулым годзе лясгас набыў спецыяльныя касеты F-35 для вырошчвання 48 тысяч сеянцаў. Сёлета плануецца закупіць касеты для 84 тысяч сеянцаў елкі еўрапейскай.
У. ТРЭНОГІН, галоўны ляснічы ДЛГУ “Шумілінскі лясгас”.
Надрукавана ў №25 ад 31.03.2015 г.