Ветэраны працы аб’ядноўваюцца
Адчуванне таго, што час не ідзе, а бяжыць, прыходзіць з гадамі. Не паспелі азірнуцца – пенсія. Неаспрэчна, што для некага гэты момант доўгачаканы і радасны, маўляў, на пенсіі жыццё толькі пачынаецца… Але ісцінай з’яўляецца і той факт, што многія пенсіянеры губляюцца ў гэтай вольніцы і не ведаюць, як жыць без свайго працоўнага калектыву і чым заняцца, каб не сумаваць.
І вельмі добра, што ў Шуміліне арганізаваны ветэранскія калектывы і пры Доме культуры, і пры тэрытарыяльным Цэнтры. Яны запрашаюць людзей паважнага ўзросту разам заняцца мастацкай самадзейнасцю, спортам, дэкаратыўна-прыкладным мастацтвам ці іншымі цікавымі справамі.
Праводзіць работу з ветэранамі вайны і працы раённы Савет ветэранаў на чале з К. Ф. Палоўнікавай. Днямі па ініцыятыве Кацярыны Фамінічны на сустрэчу былі запрошаны ветэраны педагагічнай працы дзіцячага сада № 3. У актавую залу гэтай педагагічнай установы, у якой плённа адпрацавалі не адзін дзесятак год, завіталі былая загадчыца садка Л. В. Кузняцова, выхавацелі З. В. Селязнёва, Г. С. Грыгор’ева, В. У. Несцерава, Л. Ф. Прытулік, памочнікі выхавальнікаў В. Р. Танковіч, Т. М. Аляксеева. Сустрэча для іх была арганізавана не выпадкова, а з мэтай стварыць пярвічную арганізацыю ветэранаў педагагічнай працы дзіцячага сада. Абмеркаваўшы пытанні аб мэтазгоднасці такой групоўкі, прысутныя адзінагалосна вырашылі: суполцы быць і абралі старшынёй Л. В. Кузняцову. Потым абмеркавалі план работы новастворанай пярвічнай арганізацыі.
Ветэраны педагагічнай працы прызналіся, што вельмі расчуліліся і ад сустрэчы адна з адной, і ад сустрэчы з былым месцам працы, і ад той шчырай увагі, якую выказалі ім сённяшняе кіраўніцтва і калектыў установы. Асабістую падзяку выказалі жанчыны старшыні раённага савета ветэранаў К. Ф. Палоўнікавай.
Таццяна РАСТОЎСКАЯ.
Надрукавана ў №6 ад 25.01.2011 г.