Достали соседские пчёлы?

Общество

Калі пасека з’явілася на суседскім участку?
Уявіце, што на вашым участку з’явілася пасека. О, здорава, думаеце вы, мёд будзе і акуратненька ставіце вуллі на ўскрайку свайго ўчастка – каб не заміналі акучваць бульбу ды паліваць агуркі.
А цяпер уявіце, што пасека з’явілася на суседскім участку, і ваш сусед акуратненька ставіць вуллі на ўскрайку свайго ўчастка – каб… (глядзі вышэй). Вы думаеце: жах, цяпер і сам не выйдзеш на ўчастак, а дзяцей наогул страшна на вуліцу выпускаць.
Пчолы. Гэтыя лёгкакрылыя працаўніцы часта становяцца прычынай разладу паміж суседзямі. Як гэтага пазбегнуць? Якіх норм павінен прытрымлівацца чалавек, які вырашыў завесці пасеку? Пра гэта пытаецца і наша чытачка з Шуміліна Лілія Дзмітрыеўна Скорынава.
Як паведамілі рэдакцыі галоўны ветэрынарны ўрач раёна І. У. Галуза і галоўны архітэктар раёна З. А. Мясаедава, асноўныя нарматыўныя патрабаванні ўстаноўлены Тэхнічным кодэксам практыкі “Горадабудаўніцтва. Раёны сядзібнага жыллёвага будаўніцтва. Нормы планіроўкі і забудовы”, уведзеным у дзеянне 1 ліпеня 2009 года (ТКП 45-3.01-117-2008). І згодна з гэтым дакументам дапускалася ўтрыманне не больш 5 дзеючых пчаліных вулляў (пры ўмове забеспячэння мер бяспекі для сумежных домаўладальнікаў), на адлегласці не менш 5 (пяці) метраў ад мяжы ўчастка.
Аднак з 1 студзеня 2013 года ўступілі ў сілу змяненні, ўнесеныя ў вышэй указаны дакумент. Дарэчы, іх можна знайсці на сайце Міністэрства архітэктуры і будаўніцтва Рэспублікі Беларусь. Згодна з гэтымі змяненнямі прадугледжваецца размяшчэнне вулляў (з пчалінымі сем’ямі) не бліжэй 20 м да граніцы ўчастка з боку вуліцы і не бліжэй 10 м да граніцы памежнага ўчастка. Указаныя адлегласці могуць быць зменшаны, калі на шляху лёту пчол ёсць перашкода вышынёй не менш 2 м ад узроўню зямлі. Гэта можа быць сценка, пабудова, глухая агароджа, сетка з ячэйкай не больш 15х15 мм, шчыльнае кустоўе.
Акрамя таго, вуллі на прысядзібных участках, якія прымыкаюць да тэрыторый дзіцячых дашкольных і школьных, медыцынскіх устаноў, іншых аб’ектаў рознага прызначэння, дзе мяркуецца збор людзей, дапускаецца размяшчаць не бліжэй 100 м.
Такая вось нескладаная арыфметыка. Але правільнае рашэнне, як паказвае практыка, атрымліваецца не ва ўсіх пчалаводаў. Між тым, уменне не ствараць суседзям нязручнасці, будаваць з імі добразычлівыя адносіны – адзін з паказчыкаў цывілізаванага грамадства.
Аліна ПЯТРОВА.
Надрукавана ў №25 ад 31.03.2015 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *