А Синицыны картошку и суп варят в чугунках

Общество Сельское хозяйство

Капуста і крупеня – родныя брацені
Даўней у кожнай без выключэння сялянскай хаце была руская печка. Памятаю, як мая бабуля не прызнавала газавую пліту, якая стаяла ў сенцах, і карысталася ёй толькі ў выключных выпадках. Кожную раніцу гаспадыня, якая ўставала разам з пеўнямі, паліла ў печы і гатавала ежу на цэлы дзень для ўсёй сям’і. Пякліся бліны, варыліся клёцкі і супы, тушылася бульба з мясам. А на дэсерт – тварожная запяканка, самаробнае пячэнне або пірог з разынкамі ці макам.
Асабліва смачнымі стравы атрымліваліся ў чыгунках. Бывала, бабуля зварыць суп з ячневых круп са свінымі рэбрамі – ён цёплы ў печы цэлы дзень. Крупы разварацца, набухнуць і ад гэтага страва становіцца асабліва смачнай.
Часта бабуля любіла варыць ў печы капусту, якая таксама мела непаўторны смак. А яшчэ расказвала, што раней гатавалі крупеню – так называлі суп з грэцкіх ці ячных круп. Капуста і крупеня былі штодзённымі стравамі для сялян. У народзе нават бытавала прыказка: капуста і крупеня – родныя брацені.
Нягледзячы на тое, што чыгунок лічыцца даволі старажытным посудам (яго пачалі выкарыстоўваць яшчэ ў 19 стагоддзі), не страціў ён сваёй актуальнасці і зараз. У многіх хатах і сёння ёсць рускія печкі, у якіх хоць зрэдку вараць ежу. Такую, напрыклад, мы ўбачылі ў хаце Сініцыных у вёсцы Чысці. Якраз палілася печка, у топцы стаялі два чыгункі: варылася бульба і суп.  Побач з печкай прымайстраваліся вілкі, з дапамогай якіх ставілі ў печку і выцягвалі адтуль чыгункі з ежай. З вілкамі было зручна, бо дапамагала асаблівая форма чыгункоў, завужаная знізу і расшыраная зверху.
Дарэчы, рэцэпты рэгіянальных страў Шуміліншчыны, якія гатаваліся ў чыгунках і якімі карысталіся нашы прабабулі, збіраюць члены клуба аматараў беларускай нацыянальнай кухні “Разынка” Дома рамёстваў. Удзельніца клуба Вольга Загвоздава расказала рэцэпт супу з бобам: “Напярэдадні трэба адварыць і пачысціць боб. Потым бяром мяса, боб, ячныя крупы, дробна парэзаныя бульбу і цыбулю, лаўровы ліст і іншую прыправу па смаку. Усё кладзём у чыгунок, солім і заліваем вадой. Гадзіны праз дзве-тры бабовы суп будзе гатовы. Атрымліваецца смачна. Паспрабуйце”.
Ларыса ЗАЙЦАВА.
Надрукавана ў №25 ад 31.03.2015 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *