Семья. С детьми или без детей?

Семья

Сям’я з дзецьмі ці  без дзяцей?
Так, напэўна, пытанне ставіць некарэктна – вядома ж, з дзецьмі. Як без іх? Практычна кожны дарослы, заводзячы сям’ю, адразу падумвае над тым, каб замацаваць свае адносіны новай радасцю – дзіцём. Праўда, і тут ёсць свае выключэнні. Не трэба доўга шукаць такую сям’ю, дзе спачатку хочуць пажыць для сябе, накапіць “капітал”, а пасля ўжо ўзяцца, даруйце, за дзяцей. Бывае, што за гэтым капіталам і мітуслівасцю спазняюцца па гадах з нараджэннем дзіцяці або, “даганяючы” да пакупкі прэстыжнага аўто ці кватэры, адмаўляюць, у рэшце рэшт, сабе ў такім  задавальненні, шчасці. Або хочуць немаўлятка, калі маці пад сорак, калі і нараджаць вельмі небяспечна. Або ствараюць сям’ю на манер заходняй, калі жанчыне за трыццаць, а пасля яшчэ зацягнуць з дзіцём…
Словам, жыццё  трэба планаваць. Не спадзявацца на нейкі фатум, не верыць у лёс, а – планаваць. Вядома, не ўсё з запланаванага спраўдзіцца (кажуць: “Чалавек мяркуе, а Бог размяркоўвае”), і з нараджэннем дзіця таксама. З гэтым, магчыма, і больш складана. Ну, па-першае, ёсць нямала маладых жанчын і мужчын,  якія сваіх дзяцей мець не могуць. Бо хворыя ці нейкая ў іх  несумяшчальнасць. Тым не менш многія з іх едуць у Мінск, у Еўропу, яшчэ некуды, каб падлячыцца. І плён бывае, і прыходзіць радасць ад таго, што сваё дзіця. Ну, а калі няма свайго, бяруць з дзіцячых дамоў. Хаця не ўсе. Не разумею такіх, хто жыве ці пражыў век без дзяцей. Для каго нажытыя грошы, мэбля, нерухомасць, машына, чым пацешыцца, як не дзіцём, а пасля ўнукам, праўнукам. Хто, нарэшце, калі пастарэеш, паднясе табе шклянку вады?..
Тым не менш ведаю некалькі сямей, дзе без дзяцей адчуваюць сябе добра. Ва ўсякім разе, не падаюць выгляду, што маркотна ім ці гнятліва. А адзін мой знаёмы, у каго ніколі не было сваіх дзетак, прызнаўся: “Ведаеш, Мікола, ад іх бываюць і беды. Такія, што загоняць дачасна ў труну!”. Згодзен, бываюць. Але ад каго гэта залежыць? Ад Пушкіна ці суседа Іванова? Ад саміх жа бацькоў – як паставяць сябе, ці будуць знаходзіць час на даверлівую размову з сынам ці дачкой.
Нашы бацькі ці дзяды мелі плойму дзяцей. Не адно, як зараз, не дзьмулі на яго, не вазілі бясконца па бальніцах. Шкада было, вядома, калі паміраў каторы, насілі жалобу, а потым на яго месца нараджаўся яшчэ адзін. Час лечыць.  Было тады па дзесяць-адзінаццаць дзетак у  хаце.  Бывала, так залепяць печ ды палаці, столькі тлуму ды сварак, што сённяшнія бацькі з глузду з’ехалі б. А тады была дысцыпліна ого-го! Яна  патрэбна і сёння,  інакш не даможашся таго, чаго хочаш.
Сённяшнія жанчыны нараджаюць менш. Што, горш жывём, чым, скажам, у 60-70-х гадах ХХ стагоддзя? Вядома, лепш. Дык у чым справа? А ўсё проста: на адной бульбе дзяцей не паднімеш. Ды і ніхто табе не дазволіць, каб так дзіця харчавалася. Патрэбна збалансаванае харчаванне, каб былі вітаміны, каб ежа была разнастайнай і каларыйнай.  А потым вучоба. Бацькам хочацца, каб стала дзіця прыстойным чалавекам з годнай зарплатай. А гэта абавязкова даб’ешся, калі закончыш ВНУ. Любую, абы вучыўся, няхай нават за плату. Так павялося.  Апошняе бацькі, бабулі пакладуць на гэты алтар, а дзіця адукацыю атрымае. Няхай у школе вучыўся так сабе, ні млён ні таўкач, а вось паступіў і вучыўся (дарма, што  за грошы) і выйшаў са сцен універсітэта…такім жа таўкачом.
А вывучыць дзіця ў ВНУ – гэта не байку збаяць. Тут патрэбны грашышчы, і бацькі, заводзячы трое ці чацвёра дзяцей,  павінны быць упэўнены, што ўсім хопіць сямейнага дабрабыту на вучобу, на абзавядзенне сваёй сям’і, на іншую помач. Калі такой упэўненасці няма, нармальныя людзі столькі дзяцей не маюць. Баяцца. А не баяцца тыя, каму патрэбны дзяржаўныя “гранты”, хто наогул не думае пра тое, ці ўтульна, ці добра, ці сытна будзе іхнім дзецям у жыцці. У нас не Захад, дзе даў адукацыю і – бывай! У нас дапамагаюць дзецям да самай смерці. Такі ў нас менталітэт, такія традыцыі. А можа, каб была ў маладых гарантаваная дастойная зарплата ды жыллё давалася не з такой крывёй, можа, і мы, бацькі, вялі б сябе па-іншаму.
Мікалай МАРОЗ.
Надрукавана ў №24 ад 27.03.2015 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *