Шуміліна праслаўляюць юныя цымбалісты
Нядаўна юныя шумілінскія цымбалісткі Ксенія Храмцова і Ліза Дземінёва ўдзельнічалі ў абласным конкурсе “Здравствуй, мир”. Выступленне дуэта было высока ацэнена журы: дзяўчынкі занялі трэцяе месца. Цымбалісткі выканалі “Танец з шаблямі” Арама Хачатурана і “Вяртанне да спадчыны” беларускага кампазітара Валерыя Іванова.
Дзяўчынкі амаль сем год займаюцца ў выкладчыка дзіцячай школы мастацтваў А. І. Скорынавай і за гэты час паспелі паўдзельнічаць ні ў адным дзясятку конкурсаў, міжнародных і рэспубліканскіх. Усе і не пералічыць. Яны скарылі Віцебск, Мінск, Маладзечна, Гомель, Стоўбцы, Пскоў, Чалябінск, Магнітагорск. А што яшчэ наперадзе?..
Не трэба расказваць, што выступаць дуэтам куды больш складана, чым сольна. Патрэбны асаблівая сыгранасць і адчуванне партнёра. Вельмі важны ўдзел і нязменнага канцэртмайстра нашых цымбалістаў – Ганны Красоўскай.
Бывае, заўважае Алена Ігараўна, што пасля нашых выступленняў людзі пачынаюць цікавіцца, а што гэта за гарадок такі – Шуміліна. І як выдатна, што ў іх свядомасці наш горад асацыіруецца цяпер выключна з месцам, якое дорыць свету таленавітых музыкантаў.
Вось так нашы дзеці праслаўляюць сваю малую радзіму. А калі сярод нас знайшліся б людзі, што гатовы выступаць спонсарамі юных талентаў, то конкурсаў і перамог магло б быць і больш.
Наталля ЧАРНІЧЭНКА.
Надрукавана ў №22 ад 20.03.2015 г.