Кавун не сапраўдны, а вязаны
Выхавальніца дзіцячага садка з Амбросавіч Святлана Васільеўна Трашкова лічыць галоўным у сваёй рабоце напоўніць жыццё маленькага чалавека сэнсам, яркімі вобразамі, новымі словамі. А для гэтага трэба разнастайныя дыдактычныя матэрыялы. Прычым, некаторыя, якіх не знойдзеш у магазінах, жанчына вырабляе сваімі рукамі.
Справа ў тым, што ў Святланы Васільеўны ёсць даўняе захапленне: яна вяжа і шые. Ды такія прыгожыя рэчы, што заглядзенне! Калі жанчына выклала на стол “усё багацце”, зробленыя сваімі рукамі для дзіцячага садка, разбегліся вочы. Стол з вырабамі нагадваў адну з вітрын магазіна “Дзіцячы свет”. Тут былі вязаныя лялькі, машыны, кавуны, тарты, качаны капусты, морква, перац, гуркі, пельмені, варэнікі і многае іншае. У кожным вырабе – часцінка душы майстра, цеплыня яе рук. Прычым, нішто не паўтаралася. Гэтым самым падкрэслівалася багатая выдумка і фантазія майстра, яе адметная працавітасць. А вязаны вогнетушыцель увогуле мог бы змагацца за прызавое месца нават у конкурсе на абласным ўзроўні.
“Мая калекцыя – для дзіцячага садка, – кажа Святлана Васільеўна. – Калегі лічаць, што атрымаўся нядрэнны дыдактычны матэрыял. З дапамогай яго дзеці вучацца лічыць, пазнаваць свет, адрозніваць колеры і адценні. Больш таго, агучваючы гэтыя рэчы, паказваем выхаванцам, як прыгожа гучаць беларускія словы. Расказваем, што кожны лісточак на дрэве і фрукты непадобныя адзін на аднаго, што ў іх ёсць нешта сваё, адметнае. Пра бяспечныя паводзіны, зноў жа, дзеці лепш запамінаюць пры выкарыстанні нагляднага матэрыялу. Яны ўжо добра ведаюць, што пры пажары трэба тэлефанаваць 101, бо такія лічбы напісаны на пажарнай машыне”.
Вязанне спіцамі і пруткамі – захапленне Святланы Васільеўны, без якога жанчына не ўяўляе зімовыя вечары. Глядзіць тэлевізар – і вяжа. Паступова з-пад умелых рук майстра з’яўляюцца світары, камізэлькі і шкарпэткі. А яшчэ – розныя сувеніры. Пытаемся ў С. В. Трашковай, дзе ж яна бярэ ўзоры для сваіх вырабаў. “Ды па-рознаму, – кажа жанчына. – Цікаўлюся рознымі часопісамі накшталт “Умелыя рукі” ці “Ксюша”, у бібліятэцы бяру адпаведную літаратуру. Некаторыя ўзоры знаходжу ў інтэрнэце. Праўда, бывае мне не ўсё падабаецца, тады фантазірую і дадаю нешта сваё”.
Святлану Васільеўну ў дзіцячым садку іншы раз называюць чараўніцай. Шчыра, ад душы. І гэтыя словы як нельга лепш характарызуюць жанчыну, даюць ўяўленне пра яе любімую справу. “Вязаць не так і цяжка, – кажа С. В. Трашкова. – Галоўнае, каб падабалася справа, каб было натхненне і ляжала душа. Тады ўсё атрымаецца. Некаторыя рэчы паспяваю зрабіць за адзін дзень, а на іншыя і тыдня мала”.
Святлана Васільеўна расказала, што наперадзе ў яе шмат планаў і творчых задумак. Прычым, і надалей мяркуе ствараць сваімі рукамі прыгожыя рэчы не толькі для сябе і сваіх родных, але і для дзіцячага садка.
Ларыса ЗАЙЦАВА.
Надрукавана ў №22 ад 20.03.2015 г.