Щемелёвы переехали из города в деревню Городно, что на Шумилинщине, и счастливы

Актуалии Людзі і лёсы Сельское хозяйство

У спадчыну атрымалі дом і карову
Падворак Рыгора Дзмітрыевіча і Галіны Яфімаўны Шчамялёвых, як і большасць сялянскіх сядзіб у вёсцы Гародна, уяўляе сабой закрытую тэрыторыю з уваходнай брамай. Яны перабраліся ў вёску на сталае месца жыхарства з горада.
Гародна – радзіма Галіны Яфімаўны. Шчамялёвы часта прыязджалі ў вёску на выхадныя, а калі выйшлі на пенсію, то і ўвогуле пераехалі сюды. “У спадчыну нам дастаўся неблагі дом, агарод і карова, – усміхаюцца Шчамялёвы. – Бацькі ўсё жыццё трымалі жыўнасць, а цяпер вось мы працягваем гэтую традыцыю”.
Шчамялёвы не баяцца работы. Да таго ж, пенсійны ўзрост – той этап жыцця, калі трэба як мага больш рухацца, радавацца жыццю, атрымліваць станоўчыя эмоцыі. А на вёсцы іх значна больш, чым у горадзе, упэўнены Рыгор Дзмітрыевіч і Галіна Яфімаўна. “Вядома, кожны хоча жыць камфортна, – кажа гаспадар. – Таму многія нас палічылі дзівакамі, калі мы перабраліся ў вёску. Але камфорт – паняцце вельмі адноснае, і кожны яго разумее па-свойму. Для нас камфортнае жыццё – гэта значыць спакойнае, на свежым паветры. Назбіраў летам ягад ці грыбоў, пагуляў ля возера, парыбаліў – гэта і ёсць камфорт і бальзам для душы”.
Рыгор Дзмітрыевіч усё жыццё адпрацаваў у чыгуначным дэпо электрыкам. Прамудрасцям вясковага жыцця вучыўся будучы ўжо сталым чалавекам. “Калі ў чалавека ёсць розум у галаве, то ён усюды добра будзе жыць: і ў горадзе, і ў вёсцы, – разважае Рыгор Дзмітрыевіч Шчамялёў. – Не хачу сказаць, што мы з жонкай нейкія там багацеі, але жывём прыстойна. Трымаем каня і карову, вырошчваем зерне і гародніну. Думаю, гэта было б па сілах большасці вяскоўцаў. Не разумею абібокаў, якія жывуць адным днём і толькі вартыя на тое, каб пазычаць грошы”.
Рыгор Дзмітрыевіч раіць усім вяскоўцам: “Калі ёсць здароўе і сілы – трымайце карову! Калі адразу няма грошай купіць, яе дасць у растэрміноўку сельгаспрадпрыемства. І малочныя прадукты будуць, і грашовы прыбытак да сямейнага бюджэту”. Па падліках Шчамялёвых, за мінулы год карова ім “прынесла” больш за дванаццаць мільёнаў рублёў. Гэта толькі за малако. А яшчэ плюс прададзенае цялятка.  Карова для Шчамялёвых  – гэта не толькі малако, але і прыемны клопат, без якога не ўяўляюць свайго жыцця.
Сена Шчамялёвы нарыхтоўваюць самі, усёй вялізнай сям’ёй. Прыязджаюць з горада два сыны, нявесткі, унукі. Талакой пуня напаўняецца хутка. “Чатырнаццацігадовы ўнук косіць разам са мною на роўных – пракос у пракос, – пахваліўся Рыгор Дзмітрыевіч. – Адпрацоўвае летам смятану з тварагом, што есць усю зіму”.
Увогуле вёска, якая расцягнулася больш як на кіламетр, ажывае толькі вясной, калі сюды з’язджаюцца дачнікі. Тады там-сям  з’яўляюцца спадарожнікавыя антэны, іншамаркі, некаторыя гаспадары драўляныя агароджы замяняюць каляровымі металічнымі. І, здаецца, вёска маладзее.
Ларыса КІСЯЛЁВА.
Надрукавана ў №21 ад 17.03.2015 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *