З залы суда: Дапіліся да прафілакторыя
Нядаўна ў будынку Лаўжанскага сельвыканкама прайшлі выязныя судовыя пасяджэнні, на якіх разглядаліся справы аб накіраванні грамадзян у лячэбна-працоўны прафілакторый.
У 2010 годзе грамадзянку К. пазбавілі бацькоўскіх правоў у адносінах да сына, яшчэ раней двух старэйшых дзетак узяў да сябе на выхаванне бацька. Такое грэбаванне бацькоўскім абавязкам для 37-гадовай жанчыны стала нормай, мацярынскі інстынкт быў поўнасцю заліты алкаголем. Як абавязаная асоба яна павінна была працаваць. Толькі вось гэта працай цяжка назваць – пастаянныя прагулы. «Як вып’ю – на работу не іду», – прызналася жанчына. Праўда, гэтае «вып’ю» у К. было шмат разоў на месяц. Як вынік, запазычанасць К. перад дзяржавай склала больш чым 21 мільён рублёў.
Суддзя суда Шумілінскага раёна Алена Сініцкая спрабавала дастукацца да маці, але ўсё было дарэмна. У адказ толькі і чулася: “А што тут такога? Дзецям часам з зарплаты цукеркі купляю”.
На рахунку К. і іншыя “геройскія ўчынкі” на алкагольнай глебе. Так, яна, будучы нецвярозай, учыніла скандал у… міліцыі. Спрабавала крыкамі, пагрозамі і нецэнзурнай лаянкай даказаць, што цвярозая (абследаванне паказала 2,97 праміле алкаголю ў крыві). За што і атрымала трое сутак арышту.
* * *
Грамадзянін Л. у міліцыі часты госць. За апошні год ён сюды трапляў сем разоў, у суме атрымаў 49 сутак арышту. Прычына, чаму мужчына трапляе ў міліцыю, банальная – напіўся, учыніў скандал, забралі ў міліцыю.
У 43 гады ў Л. няма ні сям’і, ні работы, ні свайго жылля. Затое было некалькі судзімасцяў.
У снежні мінулага года судовым рашэннем ён павінен быў адпрацаваць 240 гадзін грамадскіх работ. Але ж не да работ яму было – сэнсам жыцця стала выпіўка.
Падчас судовага пасяджэння Л. не спрачаўся і не апраўдваўся. Ён і сам добра разумее, што ва ўсім вінавата спіртное. Толькі вось сам агучыць гэта не можа, не можа ён сам і кінуць піць.
Судовы прысуд у адносінах да грамадзянкі К. і грамадзяніна Л. аднолькавы – накіраваць іх на адзін год у лячэбна-працоўны прафілакторый.
Алесь САКАЛОЎ.
Надрукавана ў №21 ад 17.03.2015 г.