Абрэзка пладовых дрэў
Вясна рашуча ўступае ў свае правы, і для абрэзкі пладовых дрэў і кустоў застаецца не так многа часу, таму гэтую работу трэба выконваць неадкладна.
Асноўныя правілы і спосабы абрэзкі пладовых дрэў:
моцная абрэзка маладых дрэў замаруджвае пачатак плоданашэння;
для атрымання моцнага дрэва трэба выразаць канкурэнтаў (галінкі, якія прэтэндуюць на ролю вяршыні);
пры слабым гадавым прыросце патрэбна больш моцная абрэзка (рост пабегаў лічыцца слабым, калі за год ён вырас менш чым на 0,3 м);
часам лепш выразаць адну буйную галіну, чым шмат дробных;
калі выразаеце галінку, падумайце пра замену для яе;
пры абрэзцы галін дыяметрам больш за 1 см неабходна рану замазаць садовым варам, алейныя фарбы лепш не выкарыстоўваць;
абрэзку пладовых дрэў трэба праводзіць штогод, акуратна і ў адпаведныя тэрміны (да цвіцення, калі прайшлі моцныя замаразкі);
летнюю абрэзку праводзяць толькі для выдалення канкурэнтаў, ваўчкоў, якія растуць у глыб кроны. Летам таксама праводзяць пінцыроўку пабегаў, прышчыпваючы канцы пабегаў. Пінцыроўку праводзяць, калі пабег мае даўжыню 15-20 см і 5-6 развітых лістоў;
на дрэве не павінна быць галін, якія адыходзяць ад ствала ці шкілетнай галіны пад вострым вуглом;
плоданашэнне залежыць ад напрамку росту галіны – на гарызантальных галінах плоданашэнне пачынаецца раней і яно больш багатае;
да абрэзкі кожнага дрэва трэба падыходзіць індывідуальна.
Абрэзка кустоў парэчак і агрэсту праводзіцца ранняй вясной да распускання почак ці восенню пасля лістапада. Кусты прарэджваюць, выдаляючы 5-6 гадовыя галінкі са слабым прыростам (менш за 15 см) цалкам ці да моцнага бакавога адгалінавання. Таксама выразаюць паніклае галлё.
Маліну абразаюць вясной, калі добра бачна, як перазімавалі аднагадовыя пабегі. Пабег маліны укарочваюць да першай добра развітай почкі. Летам, пасля збору ягад выразаюць галіны, якія аддалі ўраджай.
Абрэзку ліян (вінаград, актынідыя, лімоннік) не праводзяць вясной, бо з ран будзе выдзяляцца сок. Абрэзку праводзяць бліжэй да лета, пасля распускання лісця ці позна восенню.
Моцнай абрэзкай (калі зразаюць больш за трэць галін) можна значна амаладзіць старое дрэва ці куст і павялічыць плоданашэнне на запушчанай культуры, але трэба памятаць, што абрэзку праводзяць паэтапна за 2-3 гады, інакш можна моцна аслабіць расліну.
Пасля абрэзкі ўсе зрэзаныя галіны трэба вынесці з сада ці спаліць, каб не распаўсюджваць шкоднікаў.
Абрэзку варта праводзіць садовай пілой ці вострымі нажамі, але не сякатарам, які пры абрэзцы моцна змінае канцы галінак.
Васіль КРОП.
Надрукавана ў №21 ад 17.03.2015 г.