ВДС вызначыў прыярытэты развіцця Саюзнай дзяржавы на сярэднетэрміновую перспектыву да 2017 года ўключна

Тема недели

ВДС вызначыў прыярытэты развіцця Саюзнай дзяржавы на сярэднетэрміновую перспектыву да 2017 года ўключна

«Сур’ёзную практычную аддачу чакаем ад рашэнняў, прынятых на сённяшнім пасяджэнні ВДС, — сказаў Уладзімір Пуцін. — У першую чаргу маю на ўвазе прыярытэтныя напрамкі і першачарговыя задачы далейшага развіцця Саюзнай дзяржавы на сярэднетэрміновую перспектыву. Разлічваем, што іх паэтапная рэалізацыя дасць магчымасць стварыць новыя сумесныя вытворчасці і рабочыя месцы, умацаваць транспартную інфраструктуру нашых краін».

Прэзідэнт Расіі паведаміў, што ўдзельнікі пасяджэння ВДС дамовіліся напоўніць двухбаковае ўзаемадзеянне новымі праектамі ў энергетыцы, аўтамабілебудаванні, электроннай прамысловасці.

«Прадоўжым аказваць падтрымку на дзяржаўным узроўні праграмам у высокатэхналагічных сферах, — падкрэсліў Уладзімір Пуцін. — У зацверджаным сёння бюджэце Саюзнай дзяржавы на 2015 год амаль палавіна сродкаў накіравана менавіта на гэтыя мэты».

Кабякоў і Мядзведзеў падпісалі сумесны антыкрызісны план

План мерапрыемстваў урадаў Беларусі і Расіі па стварэнні дадатковых умоў для развіцця гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва быў падпісаны па выніках перагавораў прэм’ер-міністраў дзвюх краін.

Раней Андрэй Кабякоў заявіў, што гэты план мае пэўныя пункты, выкананне якіх павінна быць завершана на працягу гэтага паўгоддзя.

Уладзімір Пуцін адзначыў, што падпісаны сёння прэм’ер-міністрамі Беларусі і Расіі план мерапрыемстваў урадаў дзвюх краін па стварэнні дадатковых умоў для развіцця гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва па сутнасці з’яўляецца сумесным антыкрызісным планам, накіраваным на далейшае ўмацаванне беларуска-расійскай эканамічнай інтэграцыі.

Беларусь і Расія падпісалі пагадненні ў сацыяльнай сферы і міграцыйнай палітыцы

Акрамя рашэнняў ВДС па пытаннях парадку дня падпісаны чатыры двухбаковыя дакументы. У іх ліку пагадненне аб парадку ўзаемнага выканання судовых пастаноў па справах аб спагнанні аліментаў; пагадненне аб узаемным прызнанні і парадку выканання рашэнняў аб адмове ва ўездзе на тэрыторыю дзяржаў — удзельніц Саюзнай дзяржавы; пагадненне аб парадку абмену звесткамі аб грамадзянах Беларусі і Расіі, у адносінах да якіх дзейнічаюць абмежаванні на выезд; пратакол аб унясенні змяненняў у пагадненне аб забеспячэнні роўных правоў грамадзян Беларусі і Расіі на свабоду перамяшчэння, выбар месца знаходжання і жыхарства на тэрыторыях дзяржаў — удзельніц Саюзнай дзяржавы ад 24 студзеня 2006 года.

Беларусь і Расія маюць намер стварыць адзіную візавую прастору.

«Мы ўмовіліся прадоўжыць работу па стварэнні адзінай візавай прасторы, — сказаў Уладзімір Пуцін. — У гэтых мэтах плануецца падрыхтаваць пагадненне аб узаемным прызнанні віз, выдадзеных грамадзянам замежных дзяржаў».

Пуцін адзначыў вялікі ўклад Лукашэнкі ва ўрэгуляванне ўкраінскага крызісу

«Сёння мы гаварылі і аб міжнародных праблемах, у тым ліку і аб сітуацыі ва Украіне, — сказаў Уладзімір Пуцін. — Адзначу актыўныя намаганні Аляксандра Рыгоравіча Лукашэнкі па садзейнічанні ва ўрэгуляванні гэтай праблемы. Удзячны за арганізацыю вельмі няпростых, але абсалютна неабходных перагавораў у «нармандскім фармаце» ў Мінску».

Прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін узнагародзіў Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнку ордэнам Аляксандра Неўскага.

Гэтым ордэнам узнагароджваюцца вядомыя расійскія і замежныя палітычныя і грамадскія дзеячы, прадстаўнікі дзелавой супольнасці замежных дзяржаў за заслугі ў супрацоўніцтве з Расійскай Федэрацыяй і аказанні садзейнічання ў яе сацыяльна-эканамічным развіцці.

Беларусь і Расія правядуць серыю сумесных мерапрыемстваў да 70-годдзя Перамогі

Паводле слоў Уладзіміра Пуціна, у святочным парадзе ў Мінску з нагоды юбілею Перамогі прымуць удзел і расійскія падраздзяленні. Акрамя таго, адбудзецца шэраг канферэнцый, форумаў, алімпіяд і іншых мерапрыемстваў.

«Для нашых народаў юбілей Перамогі — свяшчэннае свята», — падкрэсліў прэзідэнт Расіі.

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка падкрэслівае важнасць недапушчэння фальсіфікацый і перагляду вынікаў Другой сусветнай вайны.

«Мы вельмі актыўна працуем, асабліва нашы вучоныя, па процідзеянні спробам фальсіфікацыі гісторыі і скажэння гістарычнай праўды аб Другой сусветнай вайне. Што называецца, на злобу дня, асабліва апошнім часам. Хто б мог падумаць, што на прасторах былога СССР, народы якога поплеч ваявалі супраць агульнага ворага, праз 70 гадоў з’явяцца людзі, якія, мякка кажучы, не разумеюць і не ведаюць гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. Таму нам ужо ў агульным доме даводзіцца абараняць вынікі Вялікай Айчыннай вайны і не дапусціць фальсіфікацый», — падкрэсліў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка падзякаваў Прэзідэнту Расіі Уладзіміру Пуціну за паважлівае стаўленне і выразную пазіцыю адносна агульнай Перамогі, 70-годдзе якой святкуецца ў гэтым годзе.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *