3 сакавіка ў Маскве прайшло пасяджэнне Вышэйшага дзяржаўнага савета Саюзнай дзяржавы. Прэзідэнты Беларусі і Расіі Аляксандр Лукашэнка і Уладзімір Пуцін на двухбаковай сустрэчы, што папярэднічала пасяджэнню ВДС, абмеркавалі перспектывы развіцця беларуска-расійскага супрацоўніцтва.
Прэзідэнт Беларусі адзначыў, што перспектывы супрацоўніцтва неаднаразова абмяркоўваліся не толькі ў двухбаковым фармаце, але і на пляцоўцы Еўразійскага эканамічнага саюза. Адпаведныя пытанні ўзнімаліся і на нядаўняй сустрэчы ў Сочы, дзе закраналася ў тым ліку ўкраінская праблематыка. «Мы маем магчымасць фармалізаваць усе нашы размовы, прыняўшы канкрэтныя рашэнні. Час няпросты ва ўсім свеце. Лічу, мы з вамі прымем гэтыя рашэнні», — сказаў Прэзідэнт Беларусі, гаворачы аб маючым адбыцца пасяджэнні ВДС.
У сваю чаргу Прэзідэнт Расіі таксама падкрэсліў рэгулярны характар сустрэч з Прэзідэнтам Беларусі. «На гэты раз мы сабраліся, каб пагаварыць па адным з ключавых пытанняў нашага ўзаемадзеяння — будаўніцтве Саюзнай дзяржавы. Шмат зроблена за папярэднія гады. Адно не падмяняе другое, маю на ўвазе стварэнне агульнага рынку разам з Казахстанам. Але ў Саюзнай дзяржаве ў нас ёсць свае задачы, якія мы вырашаем. І гэта аб’яднанне з’яўляецца больш прагрэсіўным, асабліва калі паглядзець на пытанні сацыяльнага характару і тое, як мы іх вырашаем у інтарэсах нашых грамадзян», — сказаў Уладзімір Пуцін.
Лукашэнка лічыць недапушчальным страту тэмпаў саюзнага праекта з Расіяй у штучна створаных разборках
Аб гэтым кіраўнік беларускай дзяржавы заявіў на пасяджэнні Вышэйшага дзяржаўнага савета Саюзнай дзяржавы.
«Перакананы, што ў нашых краін ёсць безумоўнае разуменне неабходнасці далейшага развіцця нашага праекта і, самае галоўнае, бачанне яго перспектыў. Мы рушылі настолькі далёка, што будзе недаравальна, з пункту гледжання народаў нашых дзяржаў, страціць тэмпы руху наперад, тым больш ствараць штучна нейкія разборкі», — падкрэсліў беларускі лідар.
У гэтым кантэксце сённяшняе пасяджэнне ВДС прызначана стаць этапным, паколькі адно з цэнтральных пытанняў парадку дня — зацвярджэнне прыярытэтных напрамкаў і першачарговых задач развіцця Саюзнай дзяржавы на сярэднетэрміновую перспектыву. «Нашы ўрады доўга працавалі над гэтым дакументам, каб вызначыць тыя пункты апоры, адштурхоўваючыся ад якіх саюзны праект атрымае новую дынаміку і выразныя арыенціры далейшага руху», — сказаў беларускі лідар.
Кіраўнік дзяржавы акцэнтаваў увагу на пункце парадку дня, што датычыцца вынікаў двухбаковага гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва ў 2013-2014 гадах. «На жаль, у нас ужо два гады крыху зніжаецца тавараабарот, — канстатаваў Аляксандр Лукашэнка. — Безумоўна, важкая прычына таго — неспрыяльная знешнеэканамічная кан’юнктура. Але ў многім і мы недапрацоўваем: ствараем напружанасць у гандлёвых адносінах, дысбаланс у эканамічнай палітыцы паміж нашымі краінамі, з-за чаго ўзнікаюць штучныя бар’еры для свабоднага перамяшчэння тавараў. Усе гэтыя бар’еры трэба здымаць, і мы гэта зробім, фарміраваць адзіную прамысловую палітыку і адзіны рынак. Гэта ў нашых агульных інтарэсах і вельмі важна для іншых інтэграцыйных праектаў».
Лукашэнка: Беларусь і Расія разам пераадолеюць любыя цяжкасці
«Па-рознаму ставяцца да нашых адносін. Гэта невялікая частка грамадства і ў нас, і ў Расіі. Але тыя, хто думаюць, што мы маем неадольныя праблемы, няхай супакояцца, мы іх расчаруем. Мы ў гэтай складанай сітуацыі ведаем, што рабіць, і мы дамовіліся, што з яе будзем выходзіць разам, як і належыць брацкім народам», — сказаў Прэзідэнт Беларусі.
«Ведаю, што вам, ураду не проста ў гэтыя часы. Але мы адчуваем вашу падтрымку», — сказаў Аляксандр Лукашэнка, звяртаючыся да Прэзідэнта Расіі Уладзіміра Пуціна.
Ён падкрэсліў, што размова ідзе не проста пра падтрымку, а пра сумесную рэалізацыю маштабных праектаў у перадавых галінах эканомікі, такіх як атамная энергетыка, касмічная сфера.
«Упэўнены: мы разам пераадолеем любыя цяжкасці. Нічога экстраардынарнага не адбылося. Мы проста працуем у новых умовах. Да іх трэба спакойна адаптавацца і далей дзейнічаць, што мы сёння і прадэманстравалі. Вы можаце быць упэўнены, што беларусы дастойна пройдуць сваю частку шляху», — заявіў Аляксандр Лукашэнка.
Лукашэнка не выключае пашырэння функцый і паўнамоцтваў ЕАЭС
«У многім дзякуючы Саюзу (Беларусі і Расіі. — Заўвага БЕЛТА) мы не апынуліся на задворках сусветных і рэгіянальных інтэграцыйных працэсаў. Ён стаў прыкладам пры стварэнні Мытнага саюза, Адзінай эканамічнай прасторы, а затым Еўразійскага эканамічнага саюза, што дазваляе цяпер ставіць пытанне аб магчымасці «інтэграцыі інтэграцый», а магчыма, і пашырэнні ЕАЭС, маючы на ўвазе яго функцыі і паўнамоцтвы», — заявіў Аляксандр Лукашэнка.
Гаворачы аб падпісанні 15 гадоў таму дагавора аб стварэнні Саюзнай дзяржавы, Прэзідэнт Беларусі падкрэсліў, што гэта быў лёсавызначальны крок, які не толькі ўмацаваў стратэгічнае партнёрства брацкіх дзяржаў. «Ён таксама аказаў вялікі ўплыў на развіццё працэсаў на ўсёй постсавецкай прасторы. Намі створаны ўмовы для забеспячэння роўнасці правоў грамадзян, правядзення сумеснай абароннай палітыкі, узгодненага знешнепалітычнага ўзаемадзеяння, рэалізацыі маштабных эканамічных і навукова-тэхнічных працэсаў», — адзначыў кіраўнік дзяржавы.
Пачатак работы ЕАЭС не зніжае актуальнасці і перспектыў развіцця Саюзнай дзяржавы — Лукашэнка
«Праведзенае пасяджэнне пацвердзіла асаблівую значнасць у сучасных умовах і ў перспектыве нашых двухбаковых адносін. Уступленне ў сілу з 1 студзеня 2015 года дагавора аб Еўразійскім эканамічным саюзе, як паказала сённяшняе пасяджэнне ВДС, не зніжае актуальнасці і перспектыў развіцця Саюзнай дзяржавы. Яна застаецца найбольш прагрэсіўным інтэграцыйным утварэннем, у рамках якога ўпершыню сумесна адпрацоўваюцца і рэалізуюцца многія пытанні. Няхай не так хутка, але мы акуратна ўдасканальваем раней прынятыя рашэнні, і працэсы, што адбываюцца на тэрыторыі нашай Айчыны, пастаянна знаходзяцца ў полі зроку ўрадаў і кіраўніцтва нашых краін», — падкрэсліў беларускі лідар.
Аляксандр Лукашэнка расказаў, што па выніках пасяджэння прыняты бюджэт Саюзнай дзяржавы на 2015 год. «Важна, што ў бягучай няпростай сітуацыі мы гэты бюджэт павялічылі. Значная частка гэтых сродкаў пойдзе на саюзныя праграмы. Гэта энергетыка, будаўніцтва, транспарт, сельская гаспадарка. Такіх у нас чатыры дзясяткі праектаў», — адзначыў кіраўнік беларускай дзяржавы.
Зацверджаны таксама прыярытэтныя напрамкі і першачарговыя задачы развіцця Саюзнай дзяржавы на сярэднетэрміновую перспектыву да 2017 года ўключна — правядзенне ўзгодненай знешняй палітыкі, фарміраванне адзінай навукова-тэхналагічнай прасторы, развіццё АПК, стварэнне адзінай міграцыйнай прасторы, агульнага рынку працы, забеспячэнне сацыяльнай абароны грамадзян.
Удзельнікі пасяджэння ВДС разгледзелі ход выканання праграмы ўзгодненых дзеянняў у галіне знешняй палітыкі.
Па выніках пасяджэння таксама падпісаны шэраг міжнародных дакументаў, якія непасрэдна закранаюць інтарэсы грамадзян Беларусі і Расіі.
Прэзідэнт Беларусі падкрэсліў важнасць разглядаемых на ВДС бюджэтных пытанняў і ў прыватнасці неабходнасці ўліку пры выкананні бюджэту 2015 года рэкамендацый, абазначаных кантрольнымі ведамствамі дзвюх краін па выніках праверкі справаздачы аб выкананні бюджэту Саюзнай дзяржавы за 2013 год. «Бюджэт, які мы павінны сёння зацвердзіць, дасягае амаль 5 млрд расійскіх рублёў, 85 працэнтаў расходаў бюджэту будзе накіравана на фінансаванне 36 сумесных праграм і мерапрыемстваў. У цэлым саюзная бюджэтная палітыка павінна быць больш гібкай і эфектыўнай, даваць магчымасць канцэнтраваць рэсурсы на прыярытэтных напрамках», — сказаў кіраўнік беларускай дзяржавы.
Яшчэ адзін пункт парадку дня — вынікі выканання праграмы ўзгодненых дзеянняў у галіне знешняй палітыкі на 2014-2015 гады. «На ўзросшыя знешнія выклікі, рэгіянальную нестабільнасць мы павінны адэкватна рэагаваць, перш за ўсё ў мэтах забеспячэння стабільнага развіцця нашых дзяржаў. У гэтым кантэксце важнасць каардынацыі дзеянняў беларускага і расійскага знешнепалітычных ведамстваў узрастае ў разы», — перакананы беларускі лідар.
Акрамя таго, Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў важнасць унясення ў парадак дня пасяджэння ВДС дадатковага пытання, якое датычыцца плана мерапрыемстваў урадаў Беларусі і Расіі па паглыбленні гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва. «Гэта рэакцыя на рэаліі сённяшняга эканамічнага развіцця дзвюх дзяржаў. Гэта пытанне разгледжана і зацверджана нашымі ўрадамі, што з’яўляецца добрым сігналам», — дадаў Прэзідэнт Беларусі.
Саюзная дзяржава даказала сваю запатрабаванасць і жыццяздольнасць — Пуцін
Уладзімір Пуцін падкрэсліў, што многія беларуска-расійскія напрацоўкі былі выкарыстаны пры стварэнні Мытнага саюза, Адзінай эканамічнай прасторы, а потым і Еўразійскага эканамічнага саюза.
«Упэўнены, што Саюзная дзяржава будзе і надалей адыгрываць важнейшую ролю, у тым ліку ў абкатцы інтэграцыйных мадэлей», — сказаў ён.
Прэзідэнт Расіі нагадаў, што адным з прагрэсіўных напрамкаў у Саюзнай дзяржаве з’яўляецца сацыяльная сфера. У прыватнасці, на тэрыторыі Беларусі і Расіі практычна створана адзіная міграцыйная прастора. Уладзімір Пуцін паведаміў, што на пасяджэнні Вышэйшага дзяржсавета будуць зроблены дадатковыя крокі па спрашчэнні міграцыйных фармальнасцей.
Беларусь і Расія падрыхтавалі пералік сумесных мер па ўстараненні бар’ераў у гандлі — Пуцін
Гэтыя меры прадугледжваюць пашырэнне ўдзелу кампаній і прадпрыемстваў дзвюх краін у праводзімых у Беларусі і Расіі дзяржаўных закупках, паведаміў Уладзімір Пуцін.
Ён падкрэсліў, што важнейшае месца ў Саюзнай дзяржаве займае гандлёва-эканамічнае супрацоўніцтва. Аднак апошнія два гады адбылося некаторае зніжэнне ўзаемнага тавараабароту. Але разам з тым, нагадаў Уладзімір Пуцін, Расія з’яўляецца для Беларусі асноўным гандлёвым партнёрам, а Беларусь уваходзіць у пяцёрку вядучых гандлёвых партнёраў Расійскай Федэрацыі.
Паводле яго слоў, Беларусь захоўвае лідарства сярод краін СНД па аб’ёме расійскіх капіталаўкладанняў: іх аб’ём у 2014 годзе дасягнуў $6,3 млрд. Нямала інвестыцый — $2,3 млрд — уклаў у расійскую эканоміку і беларускі бок.
Беларусь і Расія наблізіліся да стварэння адзінай інавацыйнай прасторы, сказаў прэзідэнт Расіі. Актыўна развіваецца супрацоўніцтва ў атамнай галіне, біятэхналогіях, касмічнай і іншых сферах высокіх тэхналогій.
Будаўніцтва Беларускай АЭС ідзе па графіку. «На 2018 год запланаваны запуск першага энергаблока», — сказаў Уладзімір Пуцін.
У сваю чаргу Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што Беларусь адчувае падтрымку з боку Расіі. «Не проста падтрымку. Мы рэалізуем буйныя праекты — вы адзін з іх назвалі: атамная электрастанцыя — дзесяць мільярдаў долараў. Павінен вам сказаць, што на два месяцы мы ўжо апярэджваем праект. Беларусы і расіяне будуюць яе разам, поплеч. І ў нас ёсць вельмі вялікі касмічны праект, высокія тэхналогіі», — падкрэсліў беларускі лідар.