Тема родительского собрания — именины ребёнка

Семья

Бацькоўскі сход № 4: Імяніны сына ці дачкі
Кожнае дзіця (як, дарэчы, і кожны з нас, дарослых) разлічвае на ўвагу да сябе. Яно мае на гэта права, і хаця такое права не прапісана ў нашай Канстытуцыі, усё ж дарослыя, бацькі павінны помніць, што і яны некалі былі малыя, і ім ладзілі імяніны. Ды і хіба не хочацца бацьку ці маці зрабіць роднаму дзіцяці прыемнае хаця б раз у год.
Трэба сказаць,  святкаванне першай гадавіны дзіцяці ладзіцца, напэўна, у кожнай сям’і. Спачатку прыезд матулі з радзільнага дома, рэгістрацыя нованароджанага, адведкі (прыходзяць сябры, сваякі), хрышчэнне. Усе гэтыя вехі жыцця дзіцяці адзначаюцца. На розных узроўнях і па-рознаму, але важна для сям’і, для таго ж нованароджанага, каб пасля падзеі засталася памяць. У тым ліку і прыгожыя фота. Хто з нас не глядзіць усцешана праз смугу гадоў на свае дзіцячыя здымкі?
Калі малому два ці тры гады і ён выхаванец садка, лепш за ўсё дамовіцца з выхавацелькай  групы, каб тая дапамагла прама ў групе павіншаваць дачку ці сына з днём нараджэння. Матулін клопат – купіць цукерак, торт, прыбраць свайго імянінніка, а выхавацелька зможа стварыць адпаведную атмасферу свята.
Многія бацькі ладзяць такія святы дома. Няважна, што гэта для іх дадатковыя клопаты. Той-сёй нават плануе двое імянін – асобна для дзіцяці і другі дзень – з дарослымі.  Вядома, пры дзецях піць гарэлку нельга. А п’юць часам, і тады многія такія гора-бацькі пытаюцца: адкуль што ўзялося, чаму сын ці дачка пазней, пасталеўшы, становяцца п’яніцамі і такімі ж гора-бацькамі?
Калі малому два, тры ці крыху больш гадкоў, дарослым трэба ведаць, што галоўнае для такога застолля – падарункі, гульні, але каб гульні не стамлялі, не былі працяглымі, даўжэй за дзве гадзіны. Можна зрабіць так, каб не толькі імяніннік (а ён абавязкова), але і ўсе яго сябры атрымалі нейкія прызы ці падарункі. Няхай нават і сціплыя. Тут важная ўвага. Калі гульні ці конкурсы, то пажадана абысціся без нейкага пераможцы, які забярэ ўсе прызы. Гэта робіцца для таго, каб не выклікаць у тых, хто прайграе, слёз і крыўды.
Пра падарункі. Гэта, бадай, самы цікавы і самы патрэбны элемент свята. Без падарункаў – не свята. Як іх выбраць, колькі павінны каштаваць – гэта ў асноўным на волі бацькоў. Вядома, малому не трэба купляць нешта дарагое. Яму больш прыемна атрымаць грузавічок, які нечакана заехаў у пакой, а ў кузаве арэшкі, яблыкі, мандарыны. Такі падарунак больш дарагі, чым  касцюм ці кветкі, у якіх яны нічога не цямяць. Іншая справа, дарослыя дзеці. Кветкі, касцюм, сукенка, новы абутак яны ацэньваюць вельмі высока.  Акрамя гэтага, бацькі павінны ведаць схільнасці дзіцяці. Іншым разам набор для разьбы па дрэву, слясарна-сталярны інструмент для хлопчыка, прылады для вязання,  перамоткі для шарсцяных нітак для дзяўчынак, музычны дыск, кніга выклічуць больш радасці, чым новы касцюм ці сукенка. Бо касцюм і сукенка, на іх думку, рэчы,  якія купляць бацькі павінны і без свята.
Ведаючы сынава захапленне тэхнікай, важна ведаць, дзе, у якім патайным кутку ён збірае свой  “цуда-мапед” ці нават матацыкл або машыну, каб папярэдзіць магчымую бяду на дарозе. А лепш пачакаць, пакуль яму не споў-ніцца чатырнаццаць гадоў, больш таго, на набыццё такога дарагога падарунка трэба, каб і сам імяніннік ўнёс сваю долю. Няхай нават і неістотную, але ўсё ж заробленую ўласным мазалём, бо гэта стане  важкім матывам шанаваць свой дарагі падарунак. Тое ж і з дзяўчынкай, пра пакупку дарагіх туалетаў,  прадметаў раскошы. Хаця  калі дачка падбіраецца пад  сталую дзяўчыну, можна папесціць яе да дня нараджэння нечым модным і арыгінальным. Не абавязкова дарагім, але каб  без вычварнасці і вульгарнасці. Нешта з біжутэрыі, але не вельмі дарагой, залатыя завушніцы,   аднак трэба глядзець, каб не было напружана для сямейнага бюджэту. Дзяўчынка гэта павінна разумець сама  і не вырываць, даруйце, з зубоў шыкоўныя рэчы. Ва ўсім патрэбны пачуццё меры і сціпласць.
Абавязкова трэба дарыць на дзень нараджэння падарунак   дзіцяці-інваліду. Зноў-такі не дарагі (не ў гэтым шчасце), але абавязкова той,  які яму хацелася даўно. Можа, плэер, можа, лобзік для выпілоўвання, а можа, сапраўдныя алейныя фарбы з каланковымі пэндзлямі, калі, вядома, ён схільны да малявання і жывапісу.
Тэма арганізацыі імянін для дзіцяці вялікая і заўсёды ўдзячная, калі, вядома, бацькі праявяць фантазію, творчасць і любоў.
Мікалай МАРОЗ.
Надрукавана ў №19 ад 10.03.2015 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *