Николай Капич из Шумилинского района — о советско-финской войне

Общество

На забытай вайне
Для савецка-фінскай вайны выдатны рускі паэт Аляксандр Твардоўскі знайшоў трапнае вызначэнне – “незнаменитая”. Пра яе і сапраўды ў СССР хутка забыліся, бо прэстыж Чырвонай Арміі ў Еўропе пахіснуўся. А праз год грымнула Вялікая Айчынная… Яшчэ тую вайну назвалі зімняй, бо вялася яна з 30 лістапада 1939 года і скончылася 13 сакавіка 1940 года. Славутую лінію Манергейма савецкія дывізіі бралі на першым этапе лабавымі франтальнымі ўдарамі, што вяло да вельмі вялікіх людскіх страт. Фіны ж ваявалі вынаходліва: раптоўна нападалі на непаваротлівыя паходныя калоны Чырвонай Арміі і рассякалі іх на часткі…
У рэшце рэшт савецкія войскі ўсё ж прарвалі лінію Манергеймы і акружылі з флангаў фінскі горад Выіпуру (Выбарг). Пачаліся мірныя перамовы савецкага і фінскага ўрадаў.
У сваёй вядомай кнізе «Гісторыя другой сусветнай вайны» нямецкі генерал Курт фон Ціпельскірх зазначыў, што савецкія часці змагаліся ўпарта нават у безнадзейных сітуацыях і з’яўляліся даволі моцным праціўнікам у абароне.
Чырванаармейцам давялося ваяваць у вельмі цяжкіх кліматычных умовах. У студзені ўдарылі жудасныя і працяглыя маразы. Цяжка было і фінам. Але яны, вярнуўшыся з лыжных рэйдаў у свае казематы, маглі адпачыць, сагрэцца, прыняць гарачую ежу. Аб гэтым нашым байцам пад адкрытым небам заставалася толькі марыць…
Свае ўспаміны пра тую вайну пакінуў Мікалай Фёдаравіч Капіч з вёскі Шаенка Бараньскага сельсавета тады яшчэ Сіроцінскага раёна. Вядомы вучоны, доктар гістарычных навук. У далёкім 1939 годзе наш зямляк служыў сувязістам у 84-й стралковай дывізіі. На савецка-фінскую вайну трапіў у студзені 1940 года. Вось яго першыя ўражанні: «На ўсё жыццё запомнілася траншэя, дзе напярэдадні адбыўся рукапашны бой. Уся яна была запоўнена забітымі салдатамі – нашымі і фінскімі. Мароз скаваў знявечаныя і скамянелыя трупы… Зямлянак на фронце не было. Разграбалі рукамі глыбокі снег, насцілалі дно яловымі галінкамі. Ноччу адзін з нас клаўся на галінкі, спрабуючы хоць неяк заснуць. Мы ж двое дзяжурылі, увесь час прытоптваючы нагамі. Праз 15-20 хвілін будзілі свайго таварыша, больш спаць не давалі, каб не здранцвеў ад марозу. На яго месца клаўся наступны. А паколькі ночы ў студзені доўгія, то лёгка ўявіць, што раніцай усе мы былі ніякія, разбітыя, дашчэнту змарнелыя…
А раніцай батальён пайшоў у наступ. Кінуліся ў атаку з крыкам «ура». Фіны, дачакаўшыся, калі мы выбеглі на адкрытую мясцовасць, сустрэлі нас шалёным перакрыжаваным агнём з усіх сваіх ствалоў. Наша атака адразу захлінулася… Жывыя адпаўзлі за схіл гары.
Ніколі не забуду параненага салдаціка. Зусім маладзенькі, ён жаласліва плакаў: «Мама, я паміраю». Скрозь яго шынель сачылася пузырыстая кроў, якая на нашых вачах замярзала, пакрывалася ледзяной каростай».
Каля месяца прабыў наш зямляк на перадавой пазіцыі. З усяго палка ўцалелі толькі 25 байцоў.
Адно са шчырых прызнанняў Мікалая Капіча як токам б’е: «На той вайне я ўпершыню апынуўся ў сітуацыі, калі жывыя зайздросцілі мёртвым. Не адзін я схіляўся да думкі: лепей жахлівы канец, чым жах без канца. Я быў перакананы, што смерць мяне знойдзе. Ля кастра саграваліся толькі днём. Здаралася, што засыналі каля яго і падалі ў агонь. Многія таму хадзілі, як здані, у абпаленых шынялях і шапках. І хлеб елі абгарэлы, бо нам прывозілі яго ў выглядзе мёрзлых цаглін. Ніякі нож не браў. Разагравалі на полымі. Ваду здабывалі, набраўшы снегу ў кацялкі… Вельмі хутка ўсе звыкліся з тым, што кагосьці забіваюць, калечаць… А як даймалі фінскія снайперы-«кукушки». У засадзе яны хаваліся на дрэвах.
Камандзірам у нас быў сапраўдны афіцэр лейтэнант Лайко. Неяк мы з ім пераходзілі рачулку. Лейтэнант толькі ступіў на мосцік, як раптам пахіснуўся і ніцма ўпаў на лёд… Начамі фіны падкрадваліся да нашых пазіцый, здымалі вартавых, нажамі забівалі байцоў, што спалі на яловых галінках, і гэтак жа бясшумна знікалі ў цемры».
Менавіта на той вайне чырванаармейцы пачалі атрымліваць гарэлачную пайку – славутыя наркамаўскія сто грамаў.
Толькі на зыходзе студзеня ў перадавыя часці пачалі паступаць айчынныя кажушкі і маскхалаты. З’явіліся тэрмасы з гарачай гарбатай, мазь супраць абмаражэння. Па прыкладзе фінаў ствараліся лыжныя батальёны, якія так дарэчы спатрэбіліся падчас бітвы за Маскву.
Менавіта ў фінаў «пазычылі» чырванаармейцы бутэлькі з запальнай сумессю – як сродак барацьбы з танкамі. Фінскія салдаты называлі бутэлькі «кактэйлем для Молатава».
Да гэтай пары так і невядома, колькі дакладна загінула ў той вайне салдат Чырвонай Арміі. Лічбы прыводзяцца розныя, але толькі прыблізныя. Фінская армія страціла 23342 салдаты, усіх іх у краіне Суомі ведаюць пайменна.
На пачатку 1941 года сем’ям загінуўшых савецкіх воінаў давалася аднаразовая дапамога. У Дзяржаўным архіве захавалася статыстычная справаздача Віцебскага абласнога аддзела сацыяльнага забеспячэння. Згодна з гэтай справаздачай на савецка-фінскай вайне паклалі галовы 69 воінаў, прызваных у дзеючую армію з Шумілінскага раёна.
На вайне ў кожнага свой  лёс. Камусьці моцна пашанцавала вярнуцца з пекла на родны парог. Вось звесткі пра воінаў, якім наканавана было доўгае жыццё. У кожнага – па дзве вайны. Пасля Вялікай Айчыннай яны яшчэ шмат гадоў працавалі ў народнай гаспадарцы. І мы павінны помніць пра іх, аддаючы належнае мужнасці і цярплівасці гэтых людзей, якія з гонарам вытрымалі ўсе выпрабаванні суровага часу, што выпаў на іх долю:
Ігнат Піусавіч Воранаў з в. Лакетчына, Парфен Сяргеевіч Дубінін з в. Гародна, Станіслаў Іосіфавіч Ермаловіч з в. Сутокі, Андрэй Мікалаевіч Пальвінскі з г. п. Обаль, Канстанцін Ігнатавіч Цімчанка з в. Бачышча, Пётр Дарафеевіч Якаўлеў з в. Лоўша, Мікалай Міхайлавіч Бураў з в. Тупічына, Рыгор Аляксеевіч Буланчыкаў з в. Дубраўскае, Сямён Аляксеевіч Дубін з в. Кардон, Ілья Іванавіч Яромін з в. Лескавічы, Павел Пятровіч Ігнатаў з в. Шавекі, Рыгор Яфімавіч Кучаравы з г. п. Обаль, Мікалай Несцеравіч Кузняцоў з в. Мікіціха, Якаў Арцёмавіч Лявонаў з в. Шчарбакі, Мікалай Дзмітрыевіч Лямнёў з в. Ваўчкі, Васіль Харытонавіч Мулькоў з г. п. Обаль, Рыгор Пятровіч Скарынкін з в. Лескавічы, Пётр Дзмітрыевіч Шыёнак з в. Крывое Сяло, Аляксандр Васільевіч Чарнічэнка з в. Брыцікі, Пётр Андрэевіч Юшчанка з в. Пушча, Антон Антонавіч Прыгун з в. Надзежына.
Анатоль БРУЦКІ, г. Віцебск.
Надрукавана ў №19 ад 10.03.2015 г.



1 комментарий по теме “Николай Капич из Шумилинского района — о советско-финской войне

  1. Все же Твардовский не был никогда русским поэтом, он был советским…
    А так статья неплохая, респект.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *