Происшествия. Криминал

Происшествия

Здарэнні. Крымінал
Падвалы
У гэтым годзе зарэгістраваны чатыры крадзяжы з падвалаў шматпавярховак па вуліцы Першамайскай, што ў Обалі. Злодзеі крадуць бульбу і закаткі грамадзян. Супрацоўнікі РАУС просяць абальчан замяніць замкі на падвалах на больш надзейныя.
Калі ёсць сведкі крадзяжоў, варта тэлефанаваць 4-10-41 або 102. За каштоўную інфармацыю будзе грашовае ўзнагароджанне.

Грабеж
Пацярпеў жыхар Добрына: яго абрабавалі ля чыгуначнай станцыі ў Шуміліне. Як высветлілася, пацярпелы ехаў на дызелі Віцебск-Полацк і там з жыхаром райцэнтра распіваў спіртное. А калі выйшаў па перон у Шуміліне, сабутэльнік  адабраў у вяскоўца сумку і залаты пярсцёнак.
Агульны ўрон ацэнены ў 3,6 мільёна рублёў. Рабаўнік затрыманы, частка ўкрадзенага канфіскавана і вернута гаспадару.

Электралобзік
У міліцыю звярнулася жыхарка Наваполацка і паведаміла, што яе дачны дом у Обалі абрабавалі. Прапаў электралобзік, плэер і дыскі да яго, асабістыя рэчы гаспадыні. Агульны ўрон ацэнены на 1,1 мільёна рублёў. Злачынца вышукваецца.

Крадзеж раскрыты
Раённая газета пісала, што ў адной з пацыентак  дзіцячага ад-дзялення райбальніцы ўкралі грошы. Нядаўна супрацоўнікі крымінальнага вышуку раскрылі гэты крадзеж. Устаноўлена, што чужыя грошы прыбрала да рук жыхарка Язвіна. Супраць яе ўзбуджана крымінальная справа.

Са зводак ДАІ
Без правоў

Жыхар Віцебска прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці за тое, што ехаў на аўтамабілі “Мерседэс-Бэнц” без вадзіцельскіх правоў. Як высветлілася, мужчына раней жыў у Расіі, але атрымаў від на жыхарства ў Беларусі. Згодна з заканадаўствам мужчына павінен быў на працягу трох месяцаў атрымаць вадзіцельскія правы грамадзяніна Рэспублікі Беларусь. Але гэтага не зрабіў, за што  атрымаў
штраф  20 базавых велічынь.
Студэнты
Студэнтка з Віцебска ехала на аўтамабілі “Пежо” па вуліцы Юбілейнай у Шуміліне ў стане алкагольнага ап’янення. Адміністрацыйны пратакол для далейшага разгляду перададзены па месцы жыхарства парушальніцы. Да адказнасці будзе прыцягнуты і гаспадар “Пежо” (таксама студэнт з Віцебска), які перадаў права кіравання аўто нецвярозай.

З правамі механізатара
Думаецца, ведаў жыхар а.-г. Крывое Сяло, што, не маючы правоў катэгорыі В, нельга кіраваць легкавым аўтамабілем. Але ж усё-такі сеў за руль “Жыгулёў”. Больш таго, мужчына не меў на аўто рэ-гістрацыйных дакументаў і страхоўкі. Вясковец выкліканы на адміністрацыйную камісію РАУС.
Па матэрыялах РАУС падрыхтавала Людміла ЗУЙКОВА.
Надрукавана ў №19 ад 10.03.2015 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *