Заўсёды быў на першых ролях
Мікалай Аляксандравіч Калянковіч родам з Лунінецкага раёна Брэсцкай вобласці, але менавіта на шумілінскай зямлі ён знайшоў свой лёс, тут нара-дзіліся і выраслі яго дзеці.
Пасля заканчэння Віцебскага ПТВ №46 М. А. Калянковіч быў прызваны ў рады Узброеных Сіл, служыў у вайсках сувязі Маскоўскай ваеннай акругі на пасадзе памочніка камандзіра ўзводу, быў накіраваны ў Афганістан, дзе яго падраздзяленню давялося ўдзельнічаць у баявых дзеяннях. Ён бачыў раненні і смерць таварышаў, ваяваў адважна і сумленна, за што ўзнагароджаны медалём “За баявыя заслугі”, яму было прысвоена пазачарговае званне старшыны. Тэрміновую службу закончыў на пасадзе намесніка камандзіра ўзводу.
Пасля вяртання на радзіму старшына Калянковіч абраў службу ў органах унутраных спраў. І ў гэтай нялёгкай справе заўсёды быў на першых ролях, актыўна ўдзельнічаў у жыцці калектыву, змагаўся са злачыннасцю. Як камандзір аддзялення, шмат часу ўдзяляў выхаванню асабістага саставу. Выключна прыстойны і добразычлівы чалавек, заўсёды дапамагаў добрай парадай і справай. Усмешлівы і сціплы, у той жа час валявы і моцны духам.
Пасля выхаду на пенсію Мікалай Аляксандравіч дзесяць год працаваў у Шумілінскім аддзяленні Дэпартамента аховы МУС Рэспублікі Беларусь дзяжурным пульта кіравання. І толькі ў 2013 годзе вырашыў пайсці на заслужаны адпачынак.
М. А. Калянковіч ужо 13 год узначальвае раённую арганізацыю ГА «Беларускі саюз ветэранаў вайны ў Афганістане». Ягоныя супрацоўнікі і ўсе, хто ведае Мікалая Аляксандравіча, кажуць пра яго толькі добрыя словы, сцвярджаюць, што менавіта такім павінен быць сапраўдны супрацоўнік органаў унутраных спраў.
А. БАГАЦЁНАК, маёр міліцыі, начальнік Шумілінскага аддзялення Дэпартамента аховы МУС Рэспублікі Беларусь.
Надрукавана ў №17 ад 03.03.2015 г.