Авечка – вакол чалавечка
Часцей на прыватных падворках вяскоўцаў Шуміліншчыны можна ўбачыць свіней, курэй ці гусей, некаторыя трымаюць кароў, а вось авечкі сталі рэдкасцю. А вось Галіна Рыгораўна і Сяргей Уладзіміравіч Купрэевы з Мішкавіч разводзяць авечак даўно. “Помнім, як у часы нашай маладосці яны былі на кожным сялянскім падворку, – кажа гаспадыня. – Бывала, бацькі гаварылі: “Авечка – вакол чалавечка”. Гэта была крыніца мяса, аўчын і воўны. Шылі цёплыя сялянскія кажухі, выраблялі валёнкі. Шарсцяныя вырабы сагравалі ў самыя марозныя дні. Зараз шарсцяныя ніткі часткова замянілі сінтэтычнымі. Магчыма, яны больш трывалыя, але ж для здароўя па-ранейшаму карысная натуральная шэрсць”.
У хлеўчуках Купрэевых больш за дваццаць авечак. Гаспадар Сяргей Уладзіміравіч ведае, як лепш даглядаць іх і чым карміць, як стрыгчы, у якіх умовах трымаць. Напрыклад, расказаў, што і зімой выганяе авечак на прагулку. Маўляў, сёлета мяккая зіма, ды і холаду гэта жывёла не вельмі баіцца: усё ж авечкі “апрануты” ў цёплы кажух. Што датычыцца корму, дык авечкі непераборлівыя: любяць сена, бульбу, капусту. Гаспадары частуюць іх і акрайцам хлеба.
“На зіму нарыхтоўваем для авечак больш за тры тоны сена, – кажа Сяргей Уладзіміравіч. – У нас свой трактар і касілка, дапамагаюць сын з дачкой і ўнукі”.
Купрэевы кажуць, што трымаюць жывёлу для ўласных патрэб і на продаж. Бараніна – карыснае мяса з нізкім узроўнем халестэрыну, з яго асабліва смачнымі атрымліваюцца шашлыкі. “Па шашлыках у нас галоўны зяць – гатуе іх на ўсю сям’ю, – кажа Галіна Рыгораўна. – Ён эксперыментуе, спалучае розныя рэцэпты. А мы аддаём перавагу самаму простаму, падзялюся ім з чытачамі раённай газеты: мяса парэзаць на кавалкі, папярчыць, пасаліць, дадаць па смаку прыправы. Парэзаць кольцамі цыбулю, перамяшаць. Дадаць крыху воцату і соку лімона, няхай мяса марынуецца тры гадзіны. А потым можна смажыць на мангале”.
Ведаючы пра лячэбныя ўласцівасці авечага тлушчу, Купрэевы дзеляцца ім з суседзямі і знаёмымі. Аказалася, некаторыя лечацца ім ад прастудных захворванняў.
Купрэевы з ахвотай паказалі сваю гаспадарку. Авечкі стаяць у розных хлеўчуках, котным адведзены асобны катушок. Гаспадары адмовіліся фатаграфавацца, так што ў аб’ектыў трапілі толькі авечкі.
Купрэевы расказалі, што апошнім часам стала складана здаць воўну – не прымае райспажыўтаварыства. Галоўны спецыяліст аддзела нарыхтовак “Белкаапсаюза”, якому мы патэлефанавалі ў Мінск, патлумачыў, што Віцебскі мехавы камбінат закрыты на рэканструкцыю да 2016 года. Магчыма, праз год сітуацыя зменіцца ў лепшы бок і ў прыватнікаў нарэшце пачнуць прымаць воўну.
Ларыса ЗАЙЦАВА.
Надрукавана ў №17 ад 03.03.2015 г.