Па снезе сеюць канюшыну
На мінулым тыдні ва УП “Шумілінскі райаграсэрвіс” стартавала сяўба – пачалі сеяць шматгадовыя травы. Па беласнежных палетках у Светласельскім шчыравала сеялка. Гэта працаваў механізатар Сяргей Гоманаў.
– Кожны дзень засяваю канюшынай гектараў па 25, – расказаў Сяргей. – Для мяне няма розніцы сеяць зімой ці летам. Зараз падэшва зямлі не аддала, так што трактар бегае па полі без перашкод. У кабіне цёпла і камфортна, бачыце, нават куртку з шапкай зняў.
Размаўляем з галоўным аграномам райаграсэрвісу М. Я. Маліноўскім. Ён расказаў, што зімовая сяўба – дапамога веснавой. Насенне правальваецца ў снег, якога небагата ў гэтым годзе, а вясной у вільгаці разбухае і пачынае прарастаць. Дарэчы, у гэтым годзе ў гаспадарцы мяркуюць падсеяць шматгадовых траў амаль пяцьсот гектараў, удакладніў Міхаіл Ягоравіч. Зараз пад азімую пшаніцу падсяваюць чырвоную канюшыну. Затым будуць сеяць канюшыну ў сумесі з купкоўкай. У Сенненскім раёне мяркуюць купіць 350 кілаграмаў белай канюшыны – яна незамянімая пры перазалужэнні пашаў. У гэтым годзе гаспадарка плануе атрымаць больш насення канюшыны, чым летась – каб уволю хапіла для ўласных патрэб. Ну, а лішкі і прадаць можна.
Сёлета УП “Шумілінскі райаграсэрвіс” упершыню будзе вырошчваць люцэрну. “Для набыцця насення з бюджэту нам павінны вы-дзеліць грошы, – кажа Міхаіл Ягоравіч. – Думаем, што люцэрна, багатая на бялок, прыжывецца на нашых палетках. Адвялі пад гэтую культуру сто гектараў”.
Па словах в. а. дырэктара УП “Шумілінскі райаграсэрвіс” І. І. Сідарава, на гэтым тыдні сяўба шматгадовых траў паскорыцца, бо на дапамогу механізатару Сяргею Гоманаву выяз-джае яшчэ адна сеялка.
Ларыса КІСЯЛЁВА.
Надрукавана ў №15 ад 24.02.2015 г.