Месца прапіскі – Мішкавічы
Марозная лютаўская раніца. У акно нясмела заглядваюць скупыя сонечныя прамяні і будзяць васьмігадовага Кірыла і маленькую Уладзіславу, якой хутка споўніцца два годзікі. Бацькі дзяцей даўно на нагах: гаспадар працуе на МТЗ у мясцовай гаспадарцы, а маці, дамашняя гаспадыня, варыць на кухні кашу да сняданку і пячэ бліны.
“Добрай раніцы, – весела ўсміхаецца дзецям Ірына. – Хуценька мыцца і чысціць зубы”. Затым спяшаецца на кухню, каб пачаставаць сына і дачку сняданкам.
Гаворка пра маладую сям’ю Лабейкаў. Месца іх прапіскі – вёска Мішкавічы. Ірына і Сяргей нарадзіліся і выраслі ў вёсцы. Прызналіся, што ў абодвух нават і ў думках не было перабрацца жыць у горад.
СФГ “Раднік” два гады таму выдзеліў маладой сям’і новы дом. “Дом добры, – задаволены Лабейкі. – Мы ведаем, што ў некаторых вёсках скардзяцца на няякаснае жыллё. А нам проста пашанцавала: і падлога цёплая, і пакоі прасторныя. Можна сказаць, дом нашай мары”.
На думку Ірыны, менавіта ў вёсцы створаны натуральныя ўмовы для выхавання дзяцей: тут даецца магчымасць развівацца і спасцігаць свет самім. Наваколле, дамы, дрэвы, дарогі – усё вакол роднае і сваё. “Ды справа не толькі ў гэтым, – дадае Ірына. – Як мы будзем будаваць адносіны – такімі вырастуць і нашы дзеці. Галоўнае, каб яны адчувалі бацькоўскую любоў і тое, што яны патрэбныя і любімыя. Вельмі хочацца, каб дзеці выраслі добрымі і шчырымі”.
У гэтых словах – павага да мужа, гонар за сваіх дзяцей. Тое, што сям’я Лабейкаў дружная і ўсё тут ладна, сведчыць паездка сям’і ў мінулым годзе на абласны этап сельскагаспадарчага праекта ”Уладар сяла”, які праводзіўся ў Полацку Віцебскім абкамам БРСМ. Лёгкія на пад’ём, Лабейкі з ахвотай згадзіліся паўдзельнічаць у конкурсе. Паехалі туды ўсёй сям’ёй. Дачушка Уладзіслава была там, бадай, самым маленькім удзельнікам. Лабейкі паказалі, на што яны здольныя: і цяслярнічалі, і каня запрагалі, і дровы калолі, і песні спявалі, і сцэнкі ставілі, і расказвалі пра свой родны край. У намінацыі “Святочны воз” занялі першае месца, у намінацыі “Святочныя прысмакі” – трэцяе. Вельмі даражаць прызамі, якімі ўзнагародзілі на свяце: электрачайнікам, міксерам і кухонным посудам.
У Ірыны і Сяргея Лабейкаў вялікія планы на жыццё. У наступным годзе плануюць пабудаваць хляўчук, а потым завесці парасят і ўзяць у гаспадарцы ў растэрміноўку карову. “Жыць добра можна і ў вёсцы, – упэўнена маладая сям’я. – Галоўнае, каб у цябе душа ляжала да вясковага побыту, каб ты хацеў і ўмеў працаваць”. Лабейкі хочаць і ўмеюць. Таму ў іх усё атрымаецца.
Ларыса КІСЯЛЁВА.
Надрукавана ў №15 ад 24.02.2015 г.
Ну вот опять поражаюсь «профессианализму» Киселевой. «Марозная лютаўская раніца.» начало статьи и тут же фото далеко не февральского пейзажа с портретами героев. Сложно фото сделать адекватное или снабдить данное, не совсем подходящее, соответствующим комментарием. Кого еще поучить азам журналистики?