В Шумилино будет гаражный кооператив

Новости Общество

Будзе ў Шуміліне гаражны кааператыў
У аўторак ў будынку райвыканкама адбыўся сход грамадзян, на якім планавалася стварыць гаражна-будаўнічы кааператыў. У зале сабралася паўтара дзясятка чалавек, якія маюць патрэбу ў даху для свайго аўтамабіля.
Начальнік аддзела жыллёва-камунальнай гаспадаркі райвыканкама В. А. Емяльянаў расказаў, што каб пачаць будаўніцтва, трэба арганізаваць гаражна-будаўнічы кааператыў: выбраць старшыню, зарэгістраваць Статут, адкрыць банкаўскі рахунак і іншае. Членамі кааператыву могуць быць грамадзяне, якія маюць уласны транспартны сродак, і не маюць гаража.
Была абяцана падтрымка і кансультацыя ў рашэнні арганізацыйных пытанняў з боку спецыялістаў райвыканкама. Колькасць членаў  кааператыву не абмяжоўваецца.  Галоўны архітэктар раёна З. А. Мясаедава і начальнік землеўпарадкавальнай службы райвыканкама З. А. Алюліна паведамілі, што пад будаўніцтва гаражоў мяркуецца выдзеліць тэрыторыю, на якой размесцяцца 22 гаражы, у раёне існуючых гаражоў на вуліцы Маладзёжнай.
Прысутных цікавіў кошт пытання. Выдзяленне зямельнага ўчастка, устанаўленне яго межаў будзе каштаваць каля 12 мільёнаў рублёў. Яшчэ каля 3 мільёнаў спатрэбіцца на стварэнне генеральнага плана гаражнага кааператыва, плюс расходы па рэгістрацыі, афармленні дакументацыі і іншыя. Гэта агульныя выдаткі кааператыву. Было дадзена тлумачэнне, што калі збярэцца 20 чалавек, то плаціць прыйдзецца каля мільёна, калі згадзяцца будаваць гараж 10 чалавек, то і плата будзе па 2 мільёны з кожнага. Дарэчы, калі жадаючыя з’явяцца пасля арганізацыі кааператыву, то за кошт іхніх узносаў можна правесці пераразлік і часткова кампенсаваць выдаткі заснавальнікаў кааператыву.
Пасля выдзялення зямлі і афармлення генплана кожны член кааператыва ўжо ў індывідуальным парадку будзе заказваць праект свайго гаража (кошт праекта каля мільёна рублёў) і пачынаць будаўніцтва. Праекты можна будзе заказаць у Шуміліне, у праектным бюро.
На сходзе было прапанавана ўсім жадаючым пабудаваць гараж звяртацца ў службу “адно акно” райвыканкама для пастаноўкі на ўлік. Пасля чаго адбудзецца арганізацыйны сход кааператыва.
За больш падрабязнай інфармацыяй ці пытаннямі пра гаражна-будаўнічы кааператыў можна звяртацца па тэлефонах 4-10-32 – ад-дзел жыллёва-камунальнай гаспадаркі райвыканкама ці 4-22-02 – галоўны архітэктар раёна.
Сяргей ПАЎЛАЎ.
Надрукавана ў №15 ад 24.02.2015 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *