Пра абавязаных, кампенсацыі і даўгі
На мінулым тыдні адбылося пасяджэнне каардынацыйнага савета па кантролі за выкананнем Дэкрэта № 18, якое правёў намеснік старшыні райвыканкама А. М. Зайцаў.
Дэкрэт забяспечвае абарону дзяцей, якія апынуліся ў сацыяльна небяспечным становішчы. Іхнія бацькі павінны кампенсаваць дзяржаўныя выдаткі на дзяцей, якія знаходзяцца пэўны час на дзяржаўным забеспячэнні.
Члены савета абмяркоўвалі праблему нізкага ўзроўню кампенсавання грашовых сродкаў абавязанымі асобамі. У раёне 89 абавязаных асоб, якія павінны выплачваць грошы на ўтрыманне 92 дзіцяці. За студзень бягучага года кампенсацыя склала 26,4% ад агульнай сумы. Гэта вельмі мала. Грошы паступілі толькі ад 40 чалавек. А астатнія?
Былі названы асноўныя прычыны такога становішча: прагулы, п’янства, нізкія заробкі, некаторыя абавязаныя знаходзяцца ў следчым ізалятары ў Віцебску, у лячэбна-працоўных прафілакторыях ці ў вышуку. Некалькі абавязаных летась прыехалі да нас з іншых раёнаў. Яны не працавалі ў сябе на радзіме, прагульваюць і ў нас, а даўгі растуць.
Нядбайныя бацькі звычайна такія ж і работнікі. Гэта галаўны боль кожнага кіраўніка прадпрыемства, дзе працуюць такія асобы. Большасць з іх не хоча хадзіць на работу, пастаянна дапускае прагулы. Вышукваць такіх “працаўнікоў” і дастаўляць іх на месца працы кожны дзень прыходзіцца супрацоўнікам РАУС. Вядома, кіраўнікі прадпрыемстваў штодзень кантралююць выхады абавязаных асоб на работу, адсочваюць выплаты грошай. Але ў некаторых абавязаных накапіліся касмічныя запазычанасці: рэкорд складае 102 мільёны рублёў, пры гэтым мужчыне трэба выплачваць штомесяц па 6 мільёнаў рублёў. Але ж дзе ўзяць такія грошы?
Так, толькі за адзін дзень лютага 8 абавязаных не выйшлі на работу, расказаў начальнік аддзялення аховы правапарадку і прафілактыкі РАУС В. М. Воранаў. Супраць такіх, на думку міліцыянераў, ёсць толькі адзін спосаб – прыцягненне да крымінальнай адказнасці. Такую магчымасць прадаставілі змяненні ў заканадаўстве, якія ўступілі ў сілу з 28 студзеня 2015 года. Як паказвае жыццё, толькі тады некаторыя (але не ўсе) пачынаюць задумвацца.
На каардынацыйным савеце разглядалася пытанне выканання дадатковых мер па забеспячэнні патрабаванняў Дэкрэта № 18: сістэматычны кантроль за выхаваннем дзяцей, якія стаяць на розных прафілактычных уліках, неабгрунтаванае зняцце нядбайных сем’яў з кантролю, абследаванне умоў жыцця непаўналетніх, прафілактыка правапарушэнняў у сферы сямейна-бытавых адносін, сацыяльныя расследаванні па фактах уцёкаў дзіцяці з сям’і. Па гэтых пытаннях выступілі работнікі аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама, райбальніцы, раённых аддзелаў па надзвычайных сітуацыях і ўнутраных спраў, раённага сацыяльна-педагагічнага цэнтра.
Ларыса КІСЯЛЁВА.
Надрукавана ў №15 ад 24.02.2015 г.