Нават за адзін прагул – пад арышт
5 студзеня 2015 года Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь падпісаны Закон Рэспублікі Беларусь “Аб унясенні дапаўненняў і змяненняў у Крымінальны, Крымінальна-працэсуальны, Крымінальна-выканаўчы кодэксы Рэспублікі Беларусь, Кодэкс Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэннях і Працэсуальна-выканаўчы кодэкс Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэннях”. Якія навацыі ўнесены ў заканадаўства, расказвае начальнік аддзялення аховы правапарадку і прафілактыкі РАУС В. М. Воранаў.
“Змяненні ў заканадаўства, якія ўступілі ў сілу з 28 студзеня бягучага года, узмацнілі патрабаванні да абавязаных асоб, – кажа Вячаслаў Мікалаевіч. – Па арт.174 Крымінальнага кодэкса да крымінальнай адказнасці прыцягваюцца абавязаныя асобы, чые дзеці знаходзяцца на дзяржаўным забеспячэнні, якія дапускаюць дзесяць і больш прагулаў на працягу трох месяцаў, якія скрываюць або заніжаюць памер заработнай платы, якія ўхіляюцца ад працаўладкавання па пастанове суда. За гэтыя парушэнні пагражаюць грамадскія або папраўчыя работы на тэрмін да двух гадоў, або арышт, або абмежаванне волі на тэрмін да трох гадоў, або пазбаўленне волі да аднаго года. У выпадку, калі такія ж правапарушэнні здзейснены паўторна, то пагражаюць папраўчыя работы ад аднаго да двух гадоў або арышт, або абмежаванне волі ад аднаго да трох гадоў, або пазбаўленне волі да двух гадоў”.
Цяпер крымінальная справа супраць нядбайных бацькоў узбуджаецца і ў тым выпадку, калі грошы на іх утрыманне не выплачваюцца больш за тры месяцы, нават калі дзеці дасягнулі паўналецця.
У Крымінальны кодэкс унесена тлумачэнне, што ўхіленне ад працаўладкавання – гэта няяўка ў органы па працы, занятасці і сацыяльнай абароне, арганізацыі для працаўладкавання, адмова ад праходжання медыцынскага агляду, ад атрымання неабходных дакументаў для працаўладкавання і іншыя дзеянні, якія вядуць да невыканання судовай пастановы аб працаўладкаванні.
Артыкул 9.27 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях дазваляе прыцягнуць да адказнасці абавязаных асоб, якія без уважлівай прычыны адсутнічалі на рабоце на працягу аднаго дня. Пры гэтым санкцыя артыкула прадугледжвае пакаранне толькі ў выглядзе адміністрацыйнага арышту да 15 сутак.
І такія прыклады ў раёне ўжо ёсць. Так, на мінулым тыдні ў ізалятары часовага ўтрымання РАУС знаходзілася 6 чалавек – 4 жанчыны і 2 мужчыны, якія пражываюць на тэрыторыі Светласельскага, Обальскага, Мікалаеўскага сельсаветаў і г.п. Шуміліна. Абавязаныя асобы адзін дзень не выйшлі на работу і апынуліся пад арыштам. “На першы раз быў накладзены арышт на двое-пяцёра сутак, – кажа Вячаслаў Мікалаевіч. – Абавязаныя не сядзяць без справы – іх прыцягваюць да ўборкі тэрыторыі РАУС. Трэба адзначыць, што некаторыя прагульшчыкі былі проста ў шоку, што іх арыштавалі. Казалі, што лепш будуць хадзіць на работу, чым ся-дзець у ізалятары. Жыццё пакажа праўдзівасць гэтых слоў”. Дарэчы, адзін дзень знаходжання ў ізалятары часовага ўтрымання абыходзіцца ў 90 тысяч рублёў, гэтыя грошы ў далейшым будуць вылічвацца з заробку арыштаваных.
Супрацоўнікі РАУС вядуць прафілактычную работу з абавязанымі асобамі і тлумачаць, што ім пагражае за прагулы.
Ларыса ЗАЙЦАВА.
Надрукавана ў №15 ад 24.02.2015 г.
А смысл? Будут сидеть за казённый кошт и отдыхать от безделья. Работать их всё равно не заставишь. Такие «кадры» уже ничего и никого не боятся и плюют на всех.