Моладзь трэба займаць карыснымі справамі
На мінулым тыдні пад кіраўніцтвам старшыні райвыканкама У. П. Кураннога адбылася міжведамасная нарада па стане злачыннасці ў маладзёжным асяроддзі на тэрыторыі раёна ў 2014 годзе.
Адкрываючы нараду, кіраўнік раёна адзначыў, што нягледзячы на станоўчую статыстыку, не ўсё ў парадку з выхаваннем моладзі. “Паламаныя агароджы, разбітыя вокны, крадзяжы і іншае – гэта недахопы работы з моладдзю. Зразумела, што галоўная роля ў выхаванні належыць сям’і. Але, на жаль, ёсць нядбайныя бацькі, якія могуць выхаваць са сваіх дзяцей толькі такіх жа нядбайных, як і самі, – адзначыў Уладзімір Пятровіч. – Значыць, зараз мы павінны брацца за іх выхаванне, каб не сталі яны падобнымі на сваіх бацькоў. Брацца ўсе разам, сумеснымі намаганнямі”.
Пракурор раёна С. У. Зайцаў расказаў аб стане злачыннасці ў маладзёжным асяродку. Пракуратура раёна правяла 6 праверак па выкананні заканадаўства ў названай сферы, вынесла 8 прадстаўленняў, 23 папярэджанні. За дапушчаныя парушэнні 9 адказных асоб прыцягнуты да дысцыплінарнай адказнасці, 1 – да адміністрацыйнай. Пракурор раёна прадставіў аналіз работы арганізацый і ўстаноў раёна, вызначыў асноўныя парушэнні і недахопы.
Аб рабоце камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама па каардынацыі дзейнасці дзяржаўных органаў, устаноў і іншых арганізацый, якія ажыццяўляюць прафілактыку безнагляднасці і правапарушэнняў непаўналетніх у раёне, паведаміў старшыня камісіі, намеснік старшыні райвыканкама А. М. Зайцаў. У 2014 годзе непаўналетнія здзейснілі 4 злачынствы (для параўнання, у 2004 – 35). Камісія правяла 31 пасяджэнне, у тым ліку выязныя ў Амбросавічах, Мікіцісе, Обалі. Было запрошана на камісію 362 чалавекі, у тым ліку 229 бацькоў, складзена 114 адміністрацыйных пратаколаў. Дакладчык прааналізаваў недахопы ў рабоце ўстаноў адукацыі, якія дапусцілі факты падлеткавай злачыннасці, вызначыў асноўныя напрамкі прафілактычнай работы. “У параўнанні з мінулымі гадамі колькасць злачынстваў, якія здзяйсняюцца падлеткамі і моладдзю, зніжаецца, як і колькасць удзельнікаў злачынстваў. Але лічбы не павінны супакойваць. Толькі пастаянная сістэматычная работа дае свой плён,” – заўважыў Анатоль Мікалаевіч.
Аб рабоце інспекцыі па справах непаўналетніх аддзела ўнутраных спраў далажыла старшы ўчастковы інспектар ІСН РАУС А. М. Селязнёва. У інспекцыі на ўліку 31 падлетак, з кожным работа будуецца на індывідуальнай аснове. Стаяць на ўліку ў інспекцыі і бацькі, якія дапускаюць сацыяльную нядобранадзейнасць. За кожным падлеткам замацаваны супрацоўнік міліцыі, які працуе з ім, кантралюе яго паводзіны. У РАУС выкарыстоўваюцца самыя розныя формы работы з падлеткамі, якія знаходзяцца ў групе рызыкі, ці ўжо здзейснілі правапарушэнне.
Начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама В. В. Мянькова расказала пра сістэму выяўлення дзяцей, якія знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы ці патрабуюць дзяржаўнай абароны, паведаміла пра работу ўстаноў адукацыі з дзецьмі, якія стаяць на розных відах уліку.
Галоўны ўрач ЦРБ К. Ф. Баканаў паведаміў пра работу ўстаноў аховы здароўя па накірунках прафілактыкі правапарушэнняў, сацыяльнай нядобранадзейнасці. У прыватнасці, заставіць задумацца многіх павінны такія лічбы: на ўліку ў нарколага на пачатак года стаіць 9 падлеткаў (у 2014 – 2), 218 жанчын, з якіх 56 – абавязаныя асобы.
Падводзячы вынікі абмеркавання, старшыня райвыканкама падкрэсліў, што работа па прафілактыцы падлеткавых і маладзёжных правапарушэнняў будзе выніковай, калі кожны дзень, кожную гадзіну моладзь будзе задзейнічана карысным правядзеннем вольнага часу: спартыўныя заняткі і спаборніцтвы, гурткі, мастацкая самадзейнасць. Менавіта таму раённыя ўлады трымаюць у цэнтры ўвагі праблемы дзяцей, падлеткаў, моладзі, для іх пабудавана школа мастацтваў, будуецца фізкультурна-аздараўленчы комплекс з басейнам, выдзяляюцца фінансавыя сродкі на разнастайныя заняткі ў школах і ўстановах культуры. Занятаму карыснай справай юнаку ці дзяўчыне няма часу рабіць нядобрыя ўчынкі. Ён будзе выхоўвацца сапраўдным чалавекам.
Сяргей ЕРМАЛАЕЎ.
Надрукавана ў №14 ад 20.02.2015 г.