На приём к представителю облисполкома пришёл молодой специалист

Молодёжь Президент Сельское хозяйство

Пра сельскую гаспадарку і адказнасць на сваім месцы
У мінулую пятніцу асабісты прыём грамадзян у нашым раёне правёў намеснік старшыні аблвыканкама Э. М. Дзям’янаў. Да яго звярнуўся  малады спецыяліст з аднаго з сельгаспрадпрыемства раёна, які паскардзіўся на канфлікт з кіраўніцтвам прадпрыемства і незаконнае, на яго погляд, звальненне. Адбылася вельмі сур’ёзная размова, у ходзе якой Э. М. Дзям’янаў паставіў перад маладым спецыялістам пытанне аб адказнасці на сваім працоўным месцы кожнага, у тым ліку і маладога спецыяліста. Асабістыя амбіцыі, максімалісцкая пазіцыя – гэта добра, але што было зроблена, каб не даводзіць справу да канфлікту, ці ўсё правільна і адказна рабіў на сваёй пасадзе сам малады спецыяліст. У сельскагаспадарчых прадпрыемствах няпростая сітуацыя – не хапае сродкаў на запчасткі, на ГЗМ, многія неабходныя патрэбы.  Але ёсць пытанні па арганізацыі работы, па кантролі за якасцю рамонту, за дысцыплінай – а гэта якраз пытанні спецыялістаў вытворчасці. Высветлілася, што малады спецыяліст хоча працаваць у раёне, у сельскай гаспадарцы. Размова была няпростая, але шчырая. Да яе падключыліся старшыня райвыканкама У. П. Куранны, спецыялісты ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама. Намеснік старшыні аблвыканкама даручыў ім узяць сітуацыю на кантроль і дапамагчы маладому чалавеку знайсці правільны шлях у працы і ў жыцці.
Э. М. Дзям’янаў склаў размову па пытаннях узнаўлення малочнага статку ў раёне са спецыялістамі адпаведных службаў, падкрэсліў, што пакуль вынікі работы ў гэтым напрамку нікога не могуць задаволіць.
Намеснік старшыні аблвыканкама адказаў на пытанне карэспандэнта газеты аб лёсе Шумілінскага льнозавода. Як высветлілася, наш льнозавод не першы, які апынуўся ў такой сітуацыі. Дзяржава не мае магчымасці падтрымліваць стратныя прадпрыемствы бясконца, заўважыў Эдуард Міхайлавіч, таму іх пусцілі, можна сказаць, у “свабоднае плаванне”: калі ёсць жаданне працаваць па профілю – працуйце, калі няма такога жадання – мяняйце сферу дзейнасці.
Дарэчы, зараз попыт на льновалакно на сусветным рынку вельмі высокі і яго вытворчасць выгадная. Няхай завод сее столькі лёну, колькі зможа і перапрацоўвае яго. “Вопыт некаторых іншых заводаў паказвае, што яны могуць працаваць і выжываць у такіх умовах, нават працуюць лепш, чым раней”, – сказаў Э. М. Дзям’янаў.
Сяргей ЕРМАЛАЕЎ.
Надрукавана ў №13 ад 17.02.2015 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *