Новости из шумилинских школ и детских садов

Актуалии Образование

Пра навучанне і выхаванне
7 сталовых для птушак з’явілася ў Ляжнёўскім дзіцячым садзе

Выхавальнік Ляжнёўскага дзіцячага сада А. І. Рабчаева расказала раённым журналістам пра праведзеную акцыю “Птушкам – кармушкі!”.
Выхавальнікі мелі на мэце не проста змайстраваць кармушкі, яны найперш хацелі пазнаёміць дзяцей з птушкамі, якія зімуюць у Беларусі, мацаваць у дзяцей любоў да прыроды, пачуццё ўласнай адказнасці за экалагічную раўнавагу, а таксама прыцягнуць бацькоў да сумеснай творчасці.
І вось на тэрыторыі дзіцячага сада з’явілася сем кармушак – з дрэва, фанеры, пластыку. Бацькі вельмі пастараліся, асабліва ўхвальныя словы работнікі сада адрасавалі С. Н. Дзямідаву, Н. В. Уракбаеву, Д. А. Рабчаеву, В. В. Скітову, Д. А. Сяліцкаму.
Трэба было бачыць радасць у дзіцячых вачах, калі яны ўбачылі, як у птушыную сталоўку прыляцелі вераб’і, чарада сінічак, снегіры, галкі.
Дзеці ведаюць, што клопат павінен быць пастаянным, што трэба рэгулярна падсыпаць у кармушкі крошкі белага хлеба, семкі, крупы, зерне. А птушкі ўжо і не хочуць далёка адлятаць, трымаюцца чародкамі непадалёк.
Дзеці ж перапоўнены гордасцю, што дапамагаюць птушкам перажыць выпрабаванні зімы, і ў дзіцячых сэрцах расце дабрыня.

Урокі дабра
Вучаніца 7 класа Башнёўскай школы Ангеліна Пятрова расказала, што іх школа ў год 70-гадовага юбілею Вялікай Перамогі жыве цікавымі мерапрыемствамі.
Вось і нядаўна ўдзельнікі аб’яднання па інтарэсах “Спадчына” (кіраўнік Аляксеенка М. Я.) правялі патрыятычную акцыю “Урокі дабра”.
“Раніцай 7 лютага мы паехалі на аўтобусе ў вёску Лажок, – піша Ангеліна, —  потым узялі курс на Полцева. Па дарозе мы назіралі за птушкамі, лічылі іх (мы яшчэ з’яўляемся і ўдзельнікамі клуба “Крылаты дазор”)”.
Вы думаеце, што ў малалюднай вёсачцы Полцева няма нічога асаблівага? А вось башнёўскія школьнікі ведаюць, што тут шмат цікавага, і найбольшы інтарэс уяўляе гісторыя вёскі і яе цудоўныя краявіды. Таму ў Полцеве дзеці наведалі пітомнік Шумілінскага лясніцтва, агледзелі будынак былой царкоўнапрыходскай школы, а потым завіталі ў госці да Алены Рыгораўны Азаранка. Ветэран педагагічнай працы вельмі ўзрадавалася такому візіту, вядома, ёй ёсць што расказаць сённяшнім хлопчыкам і дзяўчынкам. Дзяцей асабліва ўразіў аповед пра падзеі ваеннага часу, пра партызанку Любоў Гарлачову, якую фашысты закатавалі ў снежні 1943 года.
Пасля гэтых успамінаў школьнікі не маглі не пакланіцца магіле адважнай партызанкі. Яе подзвіг нашчадкі памятаюць і шануюць, вось і замест старэнькага помніка тут сіламі Светласельскага сельвыканкама ўстаноўлены новы. Дзеці прыбралі накіданае ветрам голле, навялі парадак і на магілках былых дырэктараў школы М. З. Азарава і М. Ф. Журава.
А паход працягваўся. Удзельнікі “Спадчыны”  ўзялі накірунак на бераг Заходняй Дзвіны, дзе знаходзіцца пахаванне воінаў, якія загінулі ў 1944 годзе падчас аперацыі “Баграціён”. Дзеці ўшанавалі памяць герояў хвілінай маўчання, прыбралі брацкія могілкі.
А па дарозе дадому яны наведалі панскую ліпавую алею, пераканаліся, што тут сапраўды растуць векавыя дрэвы, якія ахапіць можна толькі ўчатырох. А яшчэ юныя падарожнікі ўбачылі бабровую хатку на ручаі…
Ці трэба казаць, колькі ўражанняў атрымалі дзеці і якую карысць іх душам нясуць такія ўрокі дабра!

Чым хварэе хлеб і як яго лячыць?
Навуковую работу “Хваробы хлеба” падрыхтаваў дзевяцікласнік Мікіціхінскай СШ Арцём Чэрнік.
Нібы сапраўдны вучоны, Арцём вёў даследаванні, вывучаў, як плесневыя грыбы ўплываюць на хлеб, якія хваробы яны могуць выклікаць, праводзіў анкетаванне сярод школьнікаў наконт беражлівых адносінаў да хлеба.
Гэта не першая работа юнага навукоўцы і не першае прызнанне. На працягу апошніх чатырох гадоў Арцём – нязменны пераможца раённых алімпіяд па біялогіі. Такіх поспехаў хлопец дасягнуў у вялікай ступені дзякуючы свайму настаўніку біялогіі Раісе Мікалаеўне Данчанка.

Ці цяжка вучыцца ва ўніверсітэце?
Уладзіслаў Антаненка  і Уладзіслаў Арлоў яшчэ нядаўна самі сядзелі за сталамі ў роднай Мікіціхінскай школе, а зараз яны студэнты 2 курса Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта, і ў сваю школу прыйшлі ўжо як дарослыя.
А сённяшнія школьнікі глядзяць на іх з павагай і чакаюць падказкі на самае, бадай, важнае ў жыцці пытанне “Кім быць?”
Ці цяжка вучыцца ва ўніверсітэце, якія патрабаванні ставіць час да сучасных студэнтаў, ці ёсць у іх вольны час і як ён арганізаваны – на гэтыя і іншыя пытанні адказвалі студэнты эканамічнага і машынабудаўнічага факультэтаў падчас сустрэчы ў школе.
Напрыканцы студэнты і школьнікі пажадалі адзін аднаму ўзаемных поспехаў і новых сустрэч.
Пра гэтыя цікавыя школьныя справы рэдакцыі газеты «Герой працы» паведаміла намеснік дырэктара Мікіціхінскай СШ па вучэбнай рабоце А. В. Скрыпкіна.
Падрыхтавала Аліна КАНСТАНЦІНАВА.
Надрукавана ў №13 ад 17.02.2015 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *