Здарэнні. Крымінал
Пажар
6 лютага ў Шуміліне на вуліцы Маладзёжнай адбыўся пажар. У доме знаходзілася гаспадыня і трое дзяцей. Жанчына не разгубілася і ўратавала дзяцей – вывела іх на вуліцу. Па словах выратавальнікаў, ачаг узгарання быў у санвузле. Адтуль агонь перакінуўся на веранду, дах якой згарэў. Прычына пажару высвятляецца.
Мабільнікі
У міліцыю звярнулася жыхарка в. Крупчына, якая расказала, што ў яе з дома прапала пяць мабільных тэлефонаў і сталярныя інструменты.
Як высветлілася, жанчына напярэдадні распівала спіртное са сваім знаёмым з Шуміліна, які, дарэчы, быў раней судзімы. Украдзенае знойдзена і вернута пацярпелай.
Грошы
Пацярпела маладая жанчына, якая знаходзіцца ў водпуску па догляду за дзіцём. З палаты дзіцячага аддзялення райбальніцы (там ляжала з дзіцём) у яе укралі 700 тысяч рублёў. Узбуджана крымінальная справа.
З павіннай
Жыхар Шуміліна, які быў арыштаваны за крадзеж, прызнаўся яшчэ ў адным злачынстве. Так, будучы ў в. Крупчына ў знаёмых у гасцях, ён украў 400 тысяч рублёў і электралобзік, пасля чаго ўцёк. Узбуджана крымінальная справа.
Бульба
Пенсіянерка з Обалі паведаміла ў міліцыю, што з яе гаспадарчай пабудовы збіты навясны замок. З памяшкання прапала 80 кілаграмаў бульбы, некалькі слоікаў квашанай капусты, памідораў і кансерваваных салатаў. Агульны ўрон склаў амаль 800 тысяч рублёў. Узбуджана крымінальная справа.
Са зводак ДАІ
Аварыйная сітуацыя
Жыхар Обалі, які ехаў на аўтамабілі “Фальксваген-Пасат” у Полацк, не ўступіў дарогу аўтамабілю “Пежо”, які рухаўся па галоўнай дарозе. У выніку машыны сутыкнуліся, абедзвюм патрабуецца рамонт. На абальчаніна складзены адміністрацыйны пратакол, яму пагражае да 20 базавых велічынь.
Без правоў
Супрацоўнікі ДАІ г. Віцебска на вуліцы 2-ая Заслонава прыпынілі шумілінскага вадзіцеля, які, не маючы правоў кіравання, ехаў на ўласным аўтамабілі “Фальксваген-Пасат”. Як высветлілася, мужчына яшчэ толькі вучыцца, каб атрымаць правы катэгорыі “В” і прыехаў у Віцебск да інструктара на ваджэнне. Такая паездка абыдзецца яму ад 5 да 20 базавых велічынь.
Сутыкнуліся
Вадзіцель аўтамабіля таксі, які ехаў па вуліцы Ленінскай, не выбраў бяспечную дыстанцыю да аўто, што ехала ўперадзе, і сутыкнуўся з ім. Абедзве машыны пашкоджаны. Добра, што пасажыраў у таксі не было.
Вадзіцелю пагражае штраф ад 4 да 20 базавых велічынь з пазбаўленнем або без пазбаўлення вадзіцельскіх правоў.
Нецвярозы
На вуліцы Юбілейнай у Шуміліне супрацоўнікі ДАІ прыпынілі жыхара Амбросавіч, які кіраваў “Фальксвагенам” у стане алкагольнага ап’янення. Мужчыну пагражае штраф ад 50 да 100 базавых велічынь і пазбаўленне вадзіцельскіх правоў на тры гады.
Па матэрыялах РАУС падрыхтавала Людміла ЗУЙКОВА.
Надрукавана ў №11 ад 10.02.2015 г.