Чалавек года Віцебшчыны – 2014
Сёння ў Віцебску праходзіць урачыстая цырымонія ўзнагароджвання лаўрэатаў ганаровага звання “Чалавек года Віцебшчыны”. Гэтае званне прысуджаецца з 2009 года за вялікі асабісты ўклад ў сацыяльна-эканамічнае развіццё рэгіёна, актыўную грамадзянскую пазіцыю і грамадскую дзейнасць, а таксама за іншыя дасягненні, якія прынеслі вядомасць Віцебскай вобласці і атрымалі грамадскае прызнанне. Штогод па дваццаці намінацыях сто прадстаўнікоў з усіх раёнаў і гарадоў Віцебскай вобласці атрымліваюць гэтае ганаровае званне.
Рашэннем Віцебскага абласнога выканаўчага камітэта №27 ад 21 студзеня 2015 года вызначаны лаўрэаты ганаровай ўзнагароды і сёлета. Сярод тых, каму прысвоена званне “Чалавек года Віцебшчыны”, трое нашых землякоў.
У намінацыі «Аграпрамысловы комплекс»:
ПРЫГУН Людміла Мітрафанаўна – галоўны аграном сялянскай (фермерскай) гаспадаркі
Сямёнава Юрыя Віктаравіча “Раднік”
У Людмілы Мітрафанаўны Прыгун з Мішкавіч у гэтым годзе памятная дата – 35 гадоў як працуе аграномам СФГ “Раднік”. За гэтыя гады кожны гектар зямлі ў гаспадарцы жанчына змерала крокамі незлічоную колькасць разоў. А гектараў нямала – 3291, у тым ліку 2287 га ворнай зямлі.
Людміла Мітрафанаўна зараз, бясспрэчна, вопытны спецыяліст. І пра гэта сведчаць поспехі гаспадаркі. Па выніках раённых спаборніцтваў СФГ “Раднік” заняла першае месца па вытворчасці бульбы (ураджайнасць 223 ц/га, валавы збор – 4050 тон), першае месца па вытворчасці рапсу (ураджайнасць 24 ц/га) і першае месца па вытворчасці насення шматгадовых траў (намалацілі 84 тоны). Гэта поспех у першую чаргу галоўнага агранома.
Л. М. Прыгун у адказе за пітомнікі бабовых і шматгадовых траў, за захаванне суперэлітнага насення бульбы, за падрыхтоўку глебы да сяўбы, за ўнясенне мінеральных угнаенняў, за доглядныя работы і ратаванне ўсходаў ад шкоднікаў. Словам, галоўнае ў рабоце агранома – дакладна вызначыць тэрміны і строга вытрымаць працэс пасеву і ўборкі. І Людміла Мітрафанаўна ўсё робіць старанна і дасканала.
Ларыса ЗАЙЦАВА.
У намінацыі «Архітэктура, будаўніцтва, дарожная гаспадарка»:
ЛЫСАНАЎ Аляксандр Віктаравіч – абпальшчык цэха №1 адкрытага акцыянернага таварыства “Обальскі керамічны завод”
Абпальшчык цэха №1 Аляксандр Віктаравіч Лысанаў працуе на Обальскім керамічным заво-дзе больш чым 15 год. Па выніках мінулага года перавыканаў планавае заданне па абпалу гатовай прадукцыі на 50%, працаваў на дзвюх печках.
На керамічным абпальшчыкам працаваў бацька Аляксандра. Менавіта ён і стаў першым настаў-нікам. “Калі пачынаў, печкі былі на мазуце, – успамінае А. В. Лысанаў. – Абпальшчыку нялёгка прыходзілася, каб падтрымліваць патрэбную тэмпературу”. Усё памянялася ў 2002 годзе, калі завод перайшоў на газ.
Аляксандр Віктаравіч цудоўна ведае вытворчасць. Захоўвае ўсе тэхналагічныя працэсы, а вопыт дазваляе знайсці аптымальны варыянт. Як вынік – з печкі выходзіць якасная цэгла высокай маркі. “Па вогнішчы гарэлкі магу вызначыць тэмпературу ў печцы”, – усміхаецца А. В. Лысанаў. Спрыт, назіральнасць, дакладнасць – якасці, якія характарызуюць абпальшчыка Лысанава.
А. В. Лысанаў актыўна ўдзельнічае ў грамадскім жыцці як завода, так і пасёлка. Ён інструктар па фізкультурна-аздараўленчай рабоце ОКЗ, часта абараняе гонар завода на раённых спартыўных мерапрыемствах, удзельнічае ў мастацкай сама-дзейнасці пры Обальскім Доме культуры.
Аляксандр ШЭДЗЬКО.
ТКАЧОЎ Рыгор Генадзьевіч – машыніст аўтагрэйдэра філіяла “Шумілінскае дарожнае рамонтна-будаўнічае ўпраўленне №204” КПРБУП “Віцебскаблдарбуд”
Што Рыгор Генадзьевіч Ткачоў – перадавік, які працуе без скаргаў і прэтэнзій на цяжкасці, – пра гэта ведаюць не толькі ў калектыве ДРБУ-204, дзе ён працуе на аўтагрэйдэры звыш 30 гадоў. Гэтыя яго выдатныя чалавечыя якасці і вытворчыя паказчыкі не раз былі нагодай для газетных публікацый. Працаваць, між тым, умее і любіць. Працуе так, што кіраўніцтва ДРБУ-204 не можа на яго нахваліцца. “Адказны, сумленны, прыстойны працаўнік, чалавек, які ніколі не падвядзе ў напружаную хвіліну, – так ахарактарызаваў Рыгора Генадзьевіча Ткачова начальнік участка аўтатранспарту прадпрыемства М. У. Маркіянаў.
А вытворчыя паказчыкі ў вадзіцеля сапраўды выдатныя. Як адзначаецца ў аб’ектыўцы, дасланай для прадстаўлення Р. Г. Ткачова на ганаровае званне, ён прагрэйдзіраваў за вясну і восень 2014 года 576 км дарог, ачысціў за зімовы перыяд ад снегу 4330 км дарог, гадавое заданне па эканоміі выканаў на 168%, сэканоміў 0,2 т дызельнага паліва.
Акрамя гэтага, Рыгор Генадзьевіч плённа працаваў два месяцы ў Гарадку, рыхтуючы яго да абласных “Дажынак-2014”. Шумілінскія дарожнікі вялі планіроўку дарог, клалі асфальт на вуліцах горада, словам, папрацавалі там на славу.
Мікалай БАРЫСАЎ.
Надрукавана ў №10 ад 06.02.2015 г.