Праект “Башні – сіла волі і сіла духу” прынёс 16 мільёнаў
З аднаго боку, ёсць выдатная ідэя і прагнае жаданне ажыццявіць яе. Па-трэбен толькі спонсар. З другога боку, ёсць спонсар, які гатовы дапамагчы добрай ідэі прабіцца ў жыццё, але ён не ведае, дзе жыве ідэя. Патрэбны масток, каб дапамагчы ідэі і спонсару сустрэцца. Ён з’явіўся, і з гэтай нагоды ў Башнёўскай школе ўсе сабраліся на спартыўнае свята.
Чаму ў Башнёўскай школе і чаму свята спартыўнае? Ды ўся справа ў тым, што ідэя нарадзілася менавіта ў Башнях і характар у яе самы што ні на ёсць спартыўны.
У Башнях здаўна існуе бурлівая крыніца ідэй. У вялікай ступені крыніцу гэтую сілкуе энтузіязм такіх людзей, як Марына Аляксеенка, нястомны кіраўнік гуртка “Вандроўнік”. На гэты раз Марына Ягораўна разам са школьнікамі ўвасобіла сваю спартыўную ідэю ў праект “Башні – сіла волі і сіла духу”. Праект з такой моцнай сцвярджальнай назвай накіравалі ў сталіцу на конкурс “Socialweekend” (конкурс сацыяльных праектаў). І перамаглі! Журы перагледзела больш за 200 праектаў і прысудзіла перамогу Башнёўскай школе ў намінацыі “Будуем свет вакол нас”. Перамога падмацавана грантам у 16 мільёнаў рублёў.
Грант праспансіраваў партал “Realt.by”, які займаецца нерухомасцю. Намеснік дырэктара “Realt.by” Алена Патаповіч, якая разам са сваімі сталічнымі сябрамі прыехала на спартыўнае свята ў Башні, расказала, што іх арганізацыя пастаянна выступае спонсарам сацыяльна значных праектаў і што да іх часта звяртаюцца за дапамогай. Але як адрозніць сапраўды важны праект ад другараднага? І тут на дапамогу прыйшоў дабрачынны аўкцыён сустрэч “МаеСэнс” – той самы масток паміж ідэяй і спонсарам, гэта яны праводзяць конкурсы сацыяльных праектаў, высвятляюць усе нюансы і дапамагаюць многім марам стаць рэальнасцю.
Што датычыць Башнёўскай школы, то сталічныя госці, якія прыехалі на Шуміліншчыну, расказалі, што праект “Башні – сіла волі і сіла духу” падкупіў сваёй адкрытасцю, і яны рады праспансіраваць пакупку спартыўнага інвентару для новых перамог башнёўцаў.
У фае школы стаялі новенькія лыжы, веласіпед, ляжалі новыя мячы… – матэрыялізаваныя 16 мільёнаў. Пасля ўрачыстасцей усе гэта знайшло годнае прымяненне, тым больш, што ў гэты вечар у школьнай спартзале ладзілася сустрэча па баскетболе паміж школьнай і калгаснай камандамі.
Гасцей з Мінска ў гэты час частавалі ў школьнай сталовай чаем з тортамі, дырэктар школы Васіль Зянькоў дзякаваў сталічным гасцям за разуменне і падтрымку, выказваў меркаванне, што пабудаваны масток акажацца трывалым.
А Марына Аляксеенка пачала рыхтаваць новы праект…
Аліна ПЯТРОВА.
Надрукавана ў №10 ад 06.02.2015 г.