Прокурор Шумилинского района Сергей Зайцев — о законности на территории Шумилинского района

Актуалии Закон Общество

Аб стане законнасці на тэрыторыі раёна ў 2014 годзе
У мінулым годзе прымаліся канкрэтныя арганізацыйна-практычныя меры, накіраваныя на ўдасканаленне сістэмы прафілактыкі правапарушэнняў, паляпшэнне каардынацыі дзейнасці дзяржаўных структур у вобласці процідзеяння карупцыі і эканамічных злачынстваў, ажыццяўляўся кантроль за паводзінамі тых, хто схільны да злачынных учынкаў. У цэнтры ўвагі стаялі пытанні грамадскага парадку. На ўзроўні міжведамасных нарад прымаліся дзейсныя і канкрэтныя рашэнні. Усё гэта дазволіла не дапусціць росту цяжкіх і асабліва цяжкіх злачынстваў, у тым ліку забойстваў. У 3 разы скарацілася колькасць цяжкіх цялесных пашкоджанняў. Менш учынена паўторных злачынстваў, групай асоб, у стане алкагольнага ап’янення, непаўналетнімі.
Між тым, з’явіліся негатыўныя тэндэнцыі, пра якія хочацца нагадаць. У 2014 годзе на тэрыторыі раёна зарэгістравана 288 злачынстваў – на 10% больш, чым год назад.  Каэфіцыент злачыннасці ў разліку на 10 тысяч насельніцтва склаў 153,2 (па вобласці – 90,9%). Па лініі крымінальнага вышуку раскрывальнасць злачынстваў складае 65,4% (65,5%).
Вырасла колькасць крадзяжоў, вымагання, махлярства, ухілення бацькоў ад утрымання дзяцей, ад адбывання пакарання ў выглядзе выпраўленчых работ, абмежавання свабоды.
Няма належнай выніковасці ў рабоце РАУС па выяўленні злачынстваў, звязаных з карупцыяй і злоўжываннямі.  У цэнтры ўвагі праваахоўных і іншых дзяржаўных органаў павінны заставацца праблемы здзяйснення злачынстваў супраць жыцця і здароўя людзей. Праверкай выканання заканадаўства аб прафілактыцы правапарушэнняў у РАУС устаноўлена: работа, якая праводзіцца крымінальна-выканаўчай інспекцыяй з асобамі, што стаяць на ўліку, носіць шаблонны характар. Такія адносіны да справы садзейнічалі ўчыненню паўторных злачынстваў, у тым ліку і асабліва цяжкіх.
Не надаецца належная ўвага барацьбе з п’янствам і алкагалізмам.  Між тым кожнае шостае злачынства здзяйсняецца ў стане алкагольнага ап’янення. Не заўсёды схільныя да проціпраўных  учынкаў своечасова накіроўваюцца ў лячэбна-працоўныя прафілакторыі.
Актуальнай застаецца праблема захавання супрацоўнікамі РАУС патрабаванняў заканадаўства  пры прыёме, рэгістрацыі, разглядзе, рашэнні і ўліку заяў і паведамленняў аб злачынствах. У  2014 годзе пракуратурай адменена 59 пастаноў аб адмове ва ўзбуджэнні крымінальнай справы з накіраваннем матэрыялаў на дадатковую праверку, па 4 з іх – з адначасовым узбуджэннем крымінальных спраў. Іншым разам пастановы аб адмове выносіліся пры наяўнасці відавочных прыкмет злачынства.
Пракуратурай раёна прымаюцца меры па паляпшэнні якасці папярэдняга расследавання раённым аддзелам Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь. У мінулым годзе следчымі названага аддзела закончана 191 крымінальная справа, з іх 116 перададзена пракурору для накіравання ў суд, па 60 крымінальных справах вытворчасць папярэдняга расследавання спынена.  Нанесеная шкода кампенсавана на суму звыш 188 мільёнаў рублёў (77,9%).
Пракурорам адменена 11 неабгрунтаваных рашэнняў следчых аб адмове ва ўзбуджэнні крымінальнай справы, па адной з іх з адначасовым узбуджэннем крымінальнай справы. Адноўлена вытворчасць па 17 крымінальных справах, па якіх былі прыняты незаконныя рашэнні аб тым, каб часова прыпыніць ці наогул спыніць папярэдняе следства.
Па выяўленых парушэннях пракурорам вынесена  прадстаўленне, 4 патрабаванні.
У мінулым годзе  падлеткамі ўчынены 4 злачынствы, што ў 3 разы менш, чым год назад.   Аднак у раёне не дамагліся патрэбнай эфектыўнасці ў выкананні патрабаванняў Дэкрэта Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 24.11.2006 № 18 “Аб дадатковых мерах па дзяржаўнай абароне дзяцей у нядобранадзейных сем’ях”. Узровень кампенсацыі сродкаў, затрачаных дзяржавай на ўтрыманне дзяцей, склаў 47,8%, а ў сярэднім па вобласці – на ўзроўні 58,8%. Супрацоўнікамі міліцыі не заўсёды забяспечваецца належная прафілактычная работа з абавязанымі асобамі, дапускаюцца факты спазнення з дастаўкай іх для працаўладкавання ў органы па працы, занятасці і сацыяльнай абароне, не ажыццяўляецца жорсткі кантроль за яўкай гэтых асоб на працу, не хапае аператыўнасці пры накіраванні ў ЛПП пры наяўнасці для гэтага падстаў.
Асаблівая ўвага пракуратурай раёна ўдзялялася эканамічнаму блоку праблем, пытанням аховы навакольнага асяроддзя, абароне сацыяльных правоў грамадзян. Арганізавана 28 наглядных мерапрыемстваў, па выніках якіх падрыхтавана 59 актаў пракурорскага нагляду, звыш 100 вінаватых асоб у дапушчэнні парушэнняў законнасці прыцягнуты да розных відаў адказнасці. Па патрабаванні пракурора  ў пазасудовым парадку  кампенсаваны матэрыяльны ўрон на суму звыш 820 мільёнаў рублёў.
У ходзе праверак выяўлены факты безгаспадарчасці і крадзяжоў у некаторых арганізацыях АПК, дапускаюцца істотныя недахопы ў дзейнасці сельвыканкамаў, існуе патрэба ва ўдасканаленні  пытанняў вядзення паляўнічай і рыбалоўнай гаспадаркі раёна, у тым ліку пры перадачы ў арэнду рыбалоўных, паляўнічых угоддзяў.
З боку многіх арганізацый раёна выяўлены  неаднаразовыя парушэнні тэрмінаў і перыядычнасці выплаты заработнай платы. Толькі ў 4 квартале 2014 года за парушэнне парадку і тэрмінаў выплаты зарплаты 9 суб’ектаў гаспадарання і іх кіраўнікі былі прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці. Не ва ўсіх арганізацыях своечасова праводзіцца разлік з работнікамі пры звальненні.
Не заўсёды забяспечваецца выкананне патрабаванняў  Дырэктывы Кіраўніка дзяржавы па ўмацаванні грамадскай бяспекі і дысцыпліны. Пракуратурай раёна прымаліся меры па выключэнні фактаў фармалізму і няўважлівых адносін да людзей згодна з патрабаваннямі Дырэктывы Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 27.12.2006 №2 “Аб мерах па далейшай дэбюракратызацыі дзяржаўнага апарата”. У 2014 годзе ў пракуратуру раёна паступілі ад грамадзян 54 звароты, з якіх непасрэдна вырашана 26, задаволена 7 заяў, або 26,9%. На асабістым прыёме работнікамі пракуратуры прыняты 73 чалавекі, у тым ліку па месцы жыхарства і работы – 10.
Абагульненне нагляднай практыкі сведчыць аб неабходнасці ўзмацнення кантролю з боку органаў дзяржаўнай улады за рэалізацыяй   праграмных задач, якія вынікаюць з заканадаўства па шырокім спектры праблем жыцця людзей, іншых нарматыўна-прававых актаў, вымагае актыўна выкарыстоўваць  прадстаўленыя законам  паўнамоцтвы для ўмацавання грамадскай дысцыпліны і правапарадку.
С. ЗАЙЦАЎ, пракурор Шумілінскага раёна.
Надрукавана ў № 9 ад 03.02.2015 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *