С подарками приехали многочисленные гости в Обольский приют

Актуалии Образование Общество

Падарылі дзецям і санкі, і вітаміны…
26 дзетак раёна сустракалі Новы год у Обальскім прытулку. У перадсвяточныя дні яны не засталіся без увагі. Вось і 30 снежня ў прытулак завіталі Дзед Мароз і Снягурка.
Разам з імі прыехалі дзевяцікласнікі СШ № 1, якія падрыхтавалі святочную праграму. Сімпатычны Дзед Мароз, прыгожая Снягурка, вясёлыя чэрці і старуха Шапакляк стваралі добры настрой сваімі песнямі і жартамі. Дзеці спявалі, танцавалі, разгадвалі загадкі, вадзілі карагоды. І ўсім хацелася расказаць вершык Дзеду Марозу. А за гэта атрымлівалі не толькі салодкія падарункі, але і мяккія цацкі. Многія абдымалі і цалавалі падораных пушыстых зайцаў і мядзведзяў. У дзіцячых вачах бачылася задавальненне і шчасце. Дзевяцікласнікі за дзве гадзіны так пасябравалі з дзецьмі з прытулку, што не хацелі развітвацца.
У гэты дзень у прытулку пабывала многа гасцей. Падарункі – цукеркі, апельсіны, мяккія цацкі, канцылярскія прынадлежнасці – ледзь змясціліся на сцэне актавай залы. Салодкія ласункі – ад аддзела адукацыі, райгазу, прыватных прадпрыемстваў “Карынагандаль” і “Славянскі прадукт”. З падарункамі прыехалі з камунгасу, Обальскага керамічнага завода, ваенкамата, Чырвонага Крыжа, БРСМ. Работнікі аптэкі перадалі дзецям вітаміны, Беларусбанк –  спартыўны інвентар, ПМК-70 – палас, РУЭС – настольныя гульні і адзенне. Прытулак пабагацеў і на санкі – іх прывезлі ад райкама прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі і раённага аддзела ўнутраных спраў. У дабрачыннай акцыі “Падзяліся цеплынёй душы сваёй” прынялі ўдзел і навучэнцы раённай гімназіі, якія завіталі ў прытулак з навагоднім прадстаўленнем і падарункамі.
Другі раз у прытулак з дабрачыннай акцыяй прыязджаюць навучэнцы Полацкага гандлёва-тэхналагічнага каледжа. Падарункі прывезлі з віцебскіх прыватных арганізацый – “Віцебскбудтранс” і “Будуем разам”.
Свет не без добрых людзей. І ў пераднавагоднія дні дзецям  падарылі дабрыню і чуласць некаторыя жыхары раёна. Напрыклад, прадпрымальнікі з Обалі Марына Захаранка, Аляксандр Уласаў і Алег Карбавец, жыхары Мікіціхі Валянціна Котава і Аляксандр Мацуганаў. Дзецям было прыемна не толькі ад атрыманых падарункаў, але і ад душэўнай цеплыні людзей.
Людміла ЗУЙКОВА.
Надрукавана ў №1 ад 5.01.2011 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *