Балоты – наша будучыня
Сусветны дзень водна-балотных угоддзяў адзначаецца ва ўсім свеце з 1997 года. Дата была абрана невыпадкова: менавіта ў гэты дзень, 2 лютага 1971 года, у іранскім горадзе Рамсар была падпісана “Канвенцыя аб водна-балотных угоддзях” (“Рамсарская канвенцыя”). Дакумент быў прыняты з мэтай абараніць водна-балотныя ўгоддзі, якія маюць міжнароднае значэнне (галоўным чынам у якасці месцапражывання вадаплаўных птушак).
Лозунг сёлетняга дня абвешчаны як “Водна-балотныя ўгоддзі – наша будучыня”. Як вядома, ад захаванасці балот напрамую залежыць будучыня ўсяго чалавецтва, бо водна-балотныя ўгоддзі:
– забяспечваюць нас усіх прэснай вадой;
– ачышчаюць ваду, адфільтроўваюць небяспечныя рэчывы;
– літаральна кормяць чалавецтва (рыс, які вырошчваюць на балоцістых плантацыях, забяспечвае ежай да 3-х мільярдаў чалавек; у сярэднім кожны чалавек ужывае ў год 19 кг рыбы, большасць якой адкладвае ікру і вырошвае маладняк на балотах);
– падтрымліваюць біяразнастайнасць (на балотах жывуць больш за 100 тысяч вядомых прэснаводных відаў, балоты забяспечваюць птушак домам, ежай і бяспечнай міграцыяй);
– натуральныя рэгулятары вільготнасці (назапашаная ў балотах вільгаць дапамагае лягчэй пераносіць засуху);
– супрацьстаяць змяненню клімату (тарфянікі паглынаюць амаль у два разы больш вуглекіслаты, чым лясы);
– частка ўстойлівага развіцця (шмат прадуктаў і матэрыялаў, лекі, корм для жывёлы і раслінныя валокны атрымліваюць з экалагічна збалансаваных балотных угоддзяў).
2 лютага ўсе жадаючыя змогуць унесці свой уклад у прыцягненне ўвагі грамадскасці да праблемы захавання балотных угоддзяў. Сакратарыят Рамсарскай канвенцыі аб’явіў маладзёжны фотаконкурс. Для ўдзелу ў ім прапануецца сфатаграфавацца ў балоцістай мясцовасці ў перыяд з 2 лютага па 2 сакавіка і загрузіць фота на англійскі сайт Сусветнага дня водна-балотных угоддзяў
www.worldwetlandsday.org. Фотаздымак павінен адлюстроўваць, наколькі балоты важныя для нашай будучыні.
І. БЛІЗНЕЦ, галоўны спецыяліст раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя.
Надрукавана ў №8 ад 30.01.2015 г.