На заседании Шумилинского райисполкома — пожарная безопасность и обращения граждан

Актуалии Президент

Пажарная бяспека і звароты грамадзян – дынаміка станоўчая
Чарговае пасяджэнне райвыканкама ў мінулую пятніцу правёў кіраўнік раёна У. П. Куранны.
Справаздачу аб рабоце раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях па забеспячэнні пажарнай бяспекі трымаў в. а. намесніка начальніка РАНС Я. У. Сташонак. Як расказаў выступоўца, на працягу пяці гадоў колькасць пажараў у раёне паменшылася з 56 (2010 год) да 24 (2014 год), знізілася і колькасць загінуўшых ад агню: 2013 – 2 чалавекі, 2014 – 1 чалавек. Прычынай пажараў часцей за ўсё з’яўляецца так званы “чалавечы фактар” – парушэнне правілаў эксплуатацыі электраправодкі і электрапрыбораў, печак, неасцярожнае абыходжанне з агнём. Калі параўнаць статыстыку па тэрыторыях, то ў мінулым годзе вылучыўся Мішневіцкі сельсавет, дзе адбылося 8 пажараў, 4 пажары было ў Обальскім, 3 – у Мікалаеўскім сельсаветах. Ніводнага пажару не было ў Сіроцінскім сельсавеце.
Пажарная служба праводзіць вялікую работу па прафілактыцы пажараў: было абследавана больш за 600 жылых дамоў, прадстаўнікі РАНС выступаюць на сходах грамадзян, наведваюць працоўныя калектывы, выступаюць перад школьнікамі і  выхаванцамі садоў, вучаць іх бяспечным паводзінам у надзвычайных сітуацыях. Праводзяцца розныя акцыі: “Дзень бяспекі”, “Канікулы без дыму і агню”, “У цэнтры ўвагі – дзеці” і іншыя.
Былі заслуханы справаздачы некаторых кіраўнікоў прадпрыемстваў па прафілактычнай рабоце і ўстаноўцы пажарнай сігналізацыі.
Члены выканкама ўзнялі некалькі слушных пытанняў. Так, за год было зроблена больш за 500 выездаў пажарных машын, многія з якіх былі з-за безадказнасці асобных грамадзян, – што робяць пажарныя, каб прыцягнуць такіх грамадзян да адказнасці?
Падсумоўваючы абмеркаванне, старшыня райвыканкама У. П. Куранны заўважыў, што нельга супакойвацца прыгожымі лічбамі. Так, колькасць пажараў зніжаецца, а калі параўнаць колькасць пажараў на 10 тысяч чалавек, то ў краіне іх 7,2, у вобласці 8,7, а ў раёне – 11,1. Зразумела, што зусім пазбавіцца пажараў немагчыма, але ёсць над чым працаваць усім службам.
Па другім пытанні парадку дня “Аб выніках работы са зваротамі грамадзян і юрыдычных асоб, з заявамі па ажыццяўленні адміністрацыйных працэдур за 2014 год і мерах па ўдасканаленні дадзенай работы”  выступіла загадчыца  сектара па рабоце са зваротамі грамадзян і юрыдычных асоб райвыканкама Л. І. Казаравец. У рабоце са зваротамі грамадзян і юрыдычных асоб наладжана сістэмная работа, пастаянна праводзяцца “прамыя лініі” і прыёмы грамадзян старшынёй райвыканкама, яго намеснікамі, кіраўнікамі ўпраўленняў і аддзелаў, спецыялістамі райвыканкама, у тым ліку і выязныя. У прыватнасці, старшыня райвыканкама правёў за 2014 год 8 прыёмаў грамадзян, на якія звярнуліся 52 чалавекі. Арганізуюцца прыёмы грамадзян кіраўнікамі сельвыканкамаў і прадпрыемстваў і арганізацый на месцах.
Па-ранейшаму пераважная колькасць пытанняў звязана з жыллёва-камунальнай гаспадаркай (29%) і жыллёвым заканадаўствам (19%). Усе пытанні, якія ставяць грамадзяне,  знаходзяцца на кантролі і аператыўна вырашаюцца, многія пытанні рашаюцца на апераджэнне. Як вынік, у мінулым годзе зменшылася колькасць зваротаў грамадзян, у тым ліку і ў вышэйстаячыя арганізацыі.
У. П. Куранны адзначыў, што больш актыўна павінны праводзіць работу з грамадзянамі намеснікі старшыні райвыканкама, кіраўнікі адпаведных службаў, аператыўна рашаць праблемы людзей, больш таго, не дапускаць, каб дробнае пытанне вырасла да праблемы. Уладзімір Пятровіч адзначыў эфектыўнасць такой формы работы, як падворныя абходы і падкрэсліў, што пачынаючы з сакавіка гэтая работа будзе адноўлена.
Сяргей ЕРМАЛАЕЎ.
Надрукавана ў №7 ад 27.01.2015 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *