Координационный совет по реализации Декрета №18 прошёл в Шумилино

Общество Президент

На каардынацыйным савеце па рэалізацыі Дэкрэта №18
Вінавата віно?
Пад кіраўніцтвам намесніка старшыні райвыканкама А. М. Зайцава адбылася нарада раённага каардынацыйнага савета па рэалізацыі Дэкрэта №18 “Аб дадатковых мерах па дзяржаўнай абароне дзяцей у нядбайных сем’ях” .
Нядбайная сям’я. Як правіла, у гэтую кагорту трапляюць тыя, хто з-за віна і гарэлкі не бачыць уласных дзяцей, хто, як у тумане, брыдзе па жыцці, не ўсведамляючы ні яго каштоўнасці, ні сваёй ролі ў свеце. А паспрабуй іх выцягнуць з гэтага туману? Колькі камісій і саветаў патрэбна для гэтага?
Вось свежы прыклад з грамадзянкай Х. Яна даўно і трывала знаходзілася на ўліку па Дэкрэце №18. Увагі ёй, як і іншым падобным асобам, з боку розных камісій хоць адбаўляй. Вось і 31 снежня перад самым Новым годам у 8 гадзін вечара да яе завіталі члены каардынацыйнага савета. Карціна, якую яны ўбачылі ў доме гэтай грамадзянкі, іх прыемна ўразіла: усё прыбрана, дзіця дагледжана, сама дама пры макіяжы і манікюры, адным словам, усё як мае быць. І здавалася, што ў новы год маладая маці ўвойдзе з новымі светлымі памкненнямі.
А 4 студзеня грамадзянку Х. прывезлі з дзіцём у бальніцу, ад былога знешняга бляску не засталося і следу: сама п’яная, дзяўчынка (1 год і 8 месяцаў) недагледжаная. А што ёй дзіця! Яна зноў знаходзілася ў п’яным міражным віру, дзе няма месца мацярынскай любові і чалавечаму сумленню, дзе толькі чарка і новыя хмельныя ўцехі маюць сэнс. І яе не ўтрымалі бальнічныя сцены, яна адчыніла акно ў зімнюю ноч і збегла. Напэўна, ёй здавалася, што бегла яна насустрач свайму шчасцю…
Праз дзень яе знайшлі мёртвай. Што стала прычынай смерці?  Залішнія праміле ў крыві, непамерная колькасць спажытых таблетак ці чэрапна-мазгавая траўма? Цяпер гэта не галоўнае. Галоўнае, што яна сама па ўласнай волі перакрэсліла сябе, сама пазбавіла сябе шансаў быць шчаслівай і радавацца жыццю.
Страшна, што такіх, як яна, многа. А якія дэкрэты трэба прыняць, якія камісіі стварыць, каб іх стала менш? У раённым каардынацыйным савеце такіх асоб ведаюць, як кажуць, у твар. Вакол іх “круціцца” цэлае кола розных службовых асоб. Адны клапоцяцца пра іхніх дзяцей, уладкоўваюць у прытулак ці прыёмную сям’ю, кормяць, апранаюць, выхоўваюць. Другія шукаюць ім работу, возяць туды на машынах.
Але яны работу прагульваюць, а калі даўгі па кампенсацыі выдаткаў на ўтрыманне іх дзяцей зашкальваюць, проста збягаюць, часцей за мяжу. Сёння 7 асоб са 105 абавязаных знаходзіцца ў вышуку, 23 асобы – у лячэбна-працоўных прафілакторыях, яшчэ 17 – у месцах пазбаўлення волі. Усе разам яны запазычылі дзяржаве за ўтрыманне іх дзяцей больш за 2 мільярды рублёў.
Ці ўдасца вярнуць іх да дзяцей, у грамадства? Шанс трэба даць кожнаму. Для гэтага і працуюць шматлікія камісіі. Галоўны ж шанс трэба даць дзецям. І калі за 2014 год 7 дзяцей вярнулі ў родныя сем’і, дзе бацькі задумаліся пра свае абавязкі і зрабілі пэўныя крокі, дык гэта ўжо вынік.
На пасяджэнні кожны член савета трымаў справаздачу па сваім накірунку работы за 2014 год, таксама быў зацверджаны план работы па рэалізацыі ў бягучым годзе асноўных палажэнняў Дэкрэта №18.
Аліна ПЯТРОВА.
Надрукавана ў №7 ад 27.01.2015 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *