На фермы «Райагросервиса» Дед Мороз и Снегурочка тоже заглянули

Общество Сельское хозяйство

Дзед Мароз і Снягурка з мясцовай прапіскай
Апошнія дні снежня. Прыгожы марозны дзянёк. Размераны рабочы рытм на фермах і ў майстэрнях. І раптам у яго ўрываюцца заліхвацкія гукі баяна, з’яўляюцца Дзед Мароз і Снягурка…
Гэтых персанажаў разам са старшынёй прафсаюзнай арганізацыі УП “Шумілінскі райаграсервіс” В. А. Клюевай  чакалі – тут стала добрай традыцыяй напярэдадні Новага года аб’язджаць усе вытворчыя аб’екты, віншаваць сваіх работнікаў. Так было і сёлета.
Калі ўлічыць тое, што ў райаграсервісе 12 фермаў і некалькі мехдвароў, то працаваць Дзеду Марозу са Снягуркай (а іх ролю выконвалі Алена і Андрэй Асташонкі) прыйшлося цэлы дзень. Усюды да прыходу казачных гасцей рыхтаваліся: прыбіралі ёлку, упрыгожвалі сцены і вокны пакояў адпачынку. А яшчэ вывучылі вершы і пажаданні.
Як гэтага патрабуе традыцыя, расказвалі вершыкі і спявалі песні Дзеду Марозу. Пад вясёлыя мелодыі баяна хутка станавіліся ў карагод і з пакояў адпачынку ліліся гучныя мелодыі знаёмых песень. І няважна, што дарослыя цёці і дзядзі даўно ўжо выйшлі з дзіцячага ўзросту, няважна, што не ў святочных уборах. Гэта зусім не перашкаджала кінуцца з Дзедам Марозам у пляску, закружыцца ў вальсе.
Работнікі фермаў падрыхтавалі для гасцей загадкі, скарагаворкі, цікавыя конкурсы. А ад Дзеда Мароза і Снягуркі – салодкія падарункі. Свята ўдалося яшчэ і дзякуючы мастацкаму кіраўніку Слабадскога СДК Андрэю Анатольевічу Залаценку, які ўжо другі год запар дапамагае райаграсервісу ў правядзенні святочных мерапрыемстваў.
І гучалі святочныя песні ў Баёўцы, Саломенцы, Паратоўцы, Залужжы, іншых фермах. Прыемна здзівілі механізатары – Дзеду Марозу чыталі вершы ўласнага сачынення, спявалі прыпеўкі. А жывёлаводы фермы Лескавічы самі разам са сваімі дзецьмі далі канцэрт. Увогуле, Новы год паказаў, што ў многіх работнікаў райаграсервісу багатыя таленты.
Падрыхтаваліся да свята і ў адміністрацыйным будынку прадпрыемства: вялікая ёлка зіхаціць каляровымі агеньчыкамі. Ну, а які ж Новы год без цукерак, мандарын і шакаладак? Практычна кожны работнік райаграсервісу (а іх усяго амаль чатырыста чалавек) – член прафсаюза, таму і для сябе салодкія падарункі атрымаў, і для сваіх дзяцей.
Ларыса ЗАЙЦАВА.
Надрукавана ў №1 ад 5.01.2011 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *