Вясёлкавыя вышыўкі
Даўней па ўменні вышываць лічылі пра жаноцкае працалюбства і здольнасці. Сёння гэты від творчасці, які страціў сваю актуальнасць, набывае другое дыханне. І для многіх жыхароў нашага раёна, як, напрыклад, для Валянціны Віктараўны Несцярэнка з в. Прыазёрная, становіцца справай усяго жыцця.
Колькі сябе помніць Валянціна Віктараўна, яна ўвесь час вышывае. З’яўляючыся майстарам у трэцім пакаленні, жанчына кажа, што “гены творчасці” перадаліся ад бабулі і маці. Яны добра шылі, вязалі, вышывалі, а бабуля нават мела спецыяльны станок для ткацтва дываноў. Не навучыцца майстэрству ў такой сям’і было немагчыма. І маленькая Валя старалася. Яшчэ ў пачатковых класах, яна ўзяла незакончаную маміну вышыўку і вырашыла дапамагчы. Вядома, крыжыкі атрымаліся крывымі і зусім не па ўзоры. Маці не сварылася, моўчкі распусціла няўмелыя крыжыкі і зноў села за работу.
Калі дзяўчынка падрасла, бабуля падарыла Валечцы канву і каляровыя ніткі. “Глядзі вось на гэтыя ўзоры на накідцы, што на крэслах, і вышывай, сказала мне бабуля, – згадвае мая субяседніца. – Гэта было для мяне першай сапраўды сур’ёзнай работай. І ў той жа час выпрабаваннем. Уздыхнула з палёгкай, калі нарэшце ўсё атрымалася. А калі пахваліла бабуля – гэта было найлепшай узнагародай за мае старанні”.
За сваё жыццё Валянціна Віктараўна зрабіла некалькі соцень вышыванак. Ёсць і значныя работы, напрыклад, карціны. Асабліва любіць вышываць жанчын у старажытных сукенках, а таксама жывёлу, прыроду. Кожны новы шэдэўр непадобны на папярэдні. Вяршыня майстэрства – вышыўка ікон. Гэта складаныя работы, на іх трэба шмат часу і ўседлівасці. Але ў Валянціны Віктараўны ўсё атрымліваецца.
“Зараз у майстроў добры памочнік – інтэрнэт, – кажа жанчына, – якіх толькі ўзораў там няма!” Іх Валянціна Віктараўна часта выкарыстоўвае ў сваёй сённяшняй рабоце, у якой знайшла прызванне: яна з’яўляецца кіраўніком гурткоў “Школы вышыўкі”, што створана пры Лаўжанскім філіяле Дома рамёстваў. Вучыць рамяству вышыўкі пачынаючых, а з вопытнымі займаецца вышыўкай беларускіх нацыянальных касцюмаў. “На працягу двух гадоў Валянціна Віктараўна аднаўляе рэгіянальны касцюм Шуміліншчыны, дапамагае ў вырабе сцэнічных касцюмаў для народнага клуба аматараў беларускай нацыянальнай кухні “Разынка” і народнага клуба народных майстроў “Спадчына”, – расказала малодшы навуковы супрацоўнік Дома рамёстваў В. В. Загвоздава.
У В. В. Несцярэнка шмат творчых задумак. Зараз, напрыклад, жанчына распрацоўвае аўтарскую ляльку і адзенне да яе, якое будзе вышыта беларускімі нацыянальнымі ўзорамі. “Гэта я ўжо рыхтуюся да будучага “Славянскага базару” – хочацца ж пахваліцца нечым новым і арыгінальным”, – кажа Валянціна Віктараўна.
Дарэчы, майстэрству вышывання В. В. Несцярэнка навучыла і сваю дачку Кацярыну, якая працуе метадыстам народнага клуба народных майстроў “Спадчына”. У руках маці і дачкі, як вясёлкі, мільгацяць каляровыя ніткі, з якіх потым нараджаюцца прыгожыя ўзоры. “Вышыўка супакойвае, дае гармонію для душы, – кажа Валянціна Віктараўна. – Раю кожнаму знайсці справу па душы, бо чалавек, які жыве сваім захапленнем, дабрэе. У свеце творчасці няма месца дрэннаму настрою і зайздрасці”.
Ларыса ЗАЙЦАВА.
Надрукавана ў №7 ад 27.01.2015 г.