Лучший по профессии: социальный работник

Общество

Конкурс стане традыцыяй

Т. В. Терещенко

Напярэдадні прафесійнага свята і 10-годдзя з дня ўтварэння Тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва быў праведзены конкурс  сацыяльных работнікаў аддзялення сацыяльнай дапамогі на даму ў намінацыі “Лепшы сацыяльны работнік 2010 года”. Конкурс быў наладжаны ўпершыню, а ўдзел у ім прынялі 9 чалавек — розных па ўзросце, па вопыту работы ў сацыяльнай сферы.
Конкурс уключаў у сябе чатыры заданні. У першым пад назваю “Хачу ўсё ведаць” удзельнікі спаборніцтваў трымалі тэарэтычны экзамен. Трэба сказаць, усе 9 жанчын бліскуча справіліся з пастаўленымі задачамі. А на чарзе — другое заданне “Гаспадынька”. Чакалася, што канкурсанткі парадуюць членаў журы смачнымі і з густам аформленымі стравамі. І чаканні апраўдаліся. На стале былі блінчыкі і іншая смаката. Парадаваў кулінарным майстэрствам торт “Жылі-былі стары са старой”, выпечаны Надзеяй Іванаўнай Грузневіч.
Трэцяе заданне — “Візітка”, у якім быў паказаны 5-хвілінны відэасюжэт з удзелам канкурсантак і іх падапечных. У апошнім заданні жанчыны чыталі свае вершы, байкі, спявалі песні на азначаную тэму.
Чатыры заданні, аднак, не выявілі відавочнага лідара. Было вырашана правесці выніковае заданне — рашэнне сітуацыі з працоўных будняў сацыяльнага работніка. Напрыклад, трэба было расказаць, як паступіць канкурсанту ў канкрэтнай жыццёвай сітуацыі. Улічвалася тактычнасць, абыходлівасць у дачыненні да падапечных, ветлівасць і веданне псіхалогіі людзей.
Званне “Лепшы сацыяльны работнік 2010 года” заваявала Надзея Іванаўна Грузневіч, другое месца — за Аленай Аляксандраўнай Александровай з Мішневіцкага сельсавета, трэцяе — у Элеаноры Антонаўны Шэдзько з Мікалаёўскага. Лепшай гаспадыняй названа Алена Леанідаўна  Лапавухава. Прыз глядацкіх сімпатый заваявала Тамара Уладзіміраўна Цярэшчанка.
У зале, дзе праводзіўся конкурс, панавала добразычлівая і дружалюбная атмасфера. Праграму ўдала разнастаіла псіхолаг Н. П. Галаўнёва, якая выканала ўсходні танец, са сваёй песняй выступіў перад канкурсантамі і гасцямі Барыс Волкаў. Напярэдадні навагодніх святаў усіх павіншаваў з Новым годам Дзед Мароз са Снягуркай. Удзельнікі конкурсу атрымалі памятныя падарункі.
Ёсць спадзяванні, што конкурс на званне лепшага сацыяльнага работніка на даму стане добрай прафесійнай традыцыяй.
А. БАБІЧАВА,  в. а. дырэктара ТЦСАН.
Надрукавана ў №1 ад 5.01.2011 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *