Будем ли рожать третьего? Спросим у шумилинцев

Актуалии Общество Семья

Ці будзем раджаць трэцяга?
Галоўнае на свеце – дзеці. Ісціна неаспрэчная. Без дзяцей няма будучага ні ў канкрэтнай сям’і, ні ў нацыі, ні наогул у чалавецтва. Таму пытанне “Колькі мець дзяцей?” толькі на першы погляд носіць прыватны характар. Дэмаграфія  ляжыць у аснове ўсіх дзяржаўных праграм. І тут кожная дзяржава выпрацоўвае свае падыходы. Не будзем гаварыць пра такія краіны, як Кітай, дзе трэба стрымліваць нараджальнасць, у нас, як і ва ўсёй Еўропе, іншая праблема: мы мала раджаем. Возьмем, напрыклад, наш Шумілінскі раён. Мы шчыра радуемся, што ў мінулым годзе ў нас нарадзілася 196 хлопчыкаў і дзяўчынак. Гэта добрая лічба, яна стаіць у самым пачатку дэмаграфічных справаздач, мы малайцы і па вобласці ў лідарах. Але ж у канцы той жа справаздачы мы вымушаны канстатаваць, што за мінулы год у раёне памерла 350 чалавек. Гэта менш, чым за папярэднія гады, але ж ад параўнання дзвюх лічбаў – 196 і 350 – сумна.
На дзяржаўным узроўні распрацаваны канкрэтныя праграмы па падтрымцы сямей, якія выхоўваюць дзяцей. Яны даюць плён, але недастатковы. У дадатак да іх напрыканцы мінулага года Прэзідэнт Беларусі акрэсліў неабходнасць стварэння сямейнага капіталу – 10 тысяч долараў пры нараджэнні ў сям’і трэцяга і наступнага дзіцяці. Ці стане гэта прарывам у дэмаграфічнай праблеме?
Рэдакцыя правяла апытанне па тэме “Колькі павінна быць дзяцей у сучаснай сям’і?” У анкеце мы прапанавалі нашым рэспандэнтам наступныя адказы:
1. Адно дзіця
2. Два
3. Тры
4. Чатыры і больш
5. Колькі Бог пашле
6. Сучаснай сям’і дзеці не патрэбны
7. Сям’я наогул зжыла сябе як саюз мужчыны і жанчыны, таму пры нараджэнні дзяцей жанчына павінна разлічваць толькі на сябе.
Як мы і чакалі, пераважная большасць апытаных прагаласавалі за сям’ю з дзецьмі. Устойліва выпрацаваны ў нашым грамадстве стэрэатып сям’і з двума дзецьмі пацвердзілі 55%. Пакуль толькі 15% разумеюць, што для таго, каб дэмаграфічная сітуацыя стабілізавалася і не было адмоўнага сальда, у сям’і павінна быць трое дзяцей. Дададзім сюды 4%, якія прагаласавалі за чацвёра і больш дзяцей і 16%, хто адрасаваў гэтае рашэнне Богу (а ён ужо пастараецца камандзіраваць бусла), і гэта ўжо атрымліваецца 35%.
7% лічаць, што дастаткова аднаго дзіцяці. За сям’ю без дзяцей выказаўся адзін рэспандэнт, двое перакананы, што сям’я зжыла сябе як саюз мужчыны і жанчыны, таму пры нараджэнні дзяцей жанчына павінна разлічваць толькі на сябе.
Адзначым, што ўдзел у абмеркаванні гэтага надзвычай актуальнага пытання прынялі 100 чалавек – наведвальнікі сайта газеты “Герой працы” і нашай старонкі “В контакте” (36 чалавек), работнікі Белаграпрамбанка (15), супрацоўнікі рэдакцыі (6 чалавек), а таксама 43 адзінаццацікласнікі (22 хлопцы і 21 дзяўчына) з СШ №1. Мы вельмі ўдзячны ўсім за актыўнасць і супрацоўніцтва.

Колькі Бог пашле

Дарэчы, пра стэрэатыпы. Пераважная колькасць школьнікаў (31 з 43), якія запаўнялі анкету, пераканана, што ў сям’і павінна быць двое дзяцей. Хто абвергне гэты стэрэатып, які склаўся ў дзяцей на падставе прыкладаў уласных бацькоў, знаёмых? Думаецца, толькі жыццё, у якім будзе дастойнае месца добрым шматдзетным сям’ям. Шчаслівым сем’ям.
Я хачу расказаць пра адну такую прыгожую, спадзяюся, і шчаслівую сям’ю, гледзячы на якую хочацца ўсміхацца і радавацца жыццю.
Аляксандр і Таццяна Шацілы. Яны нарадзіліся і выраслі ў Шуміліне. У старэйшых класах Таццяна была ўпэўнена, што свецкае жыццё не для яе і вырашыла прысвяціць сябе Богу. Гэта было сур’ёзна, родныя перажывалі, адгаворвалі, але дарэмна. А Аляксандр пераканаў, без слоў, адным толькі позіркам…
І вось ужо ў сям’і з’явіўся першынец Алёшка, за ім Сярожка, потым Ігарок. Калі ж яна зацяжарыла ў чацвёрты раз, некаторыя шумілінскія матроны здзіўлена ўзнімалі бровы: “Як гэта можна?”  А Таццяна адназначна рашыла раджаць, што Бог нарэшце пашле ёй дачушку, а бабулям Але і Марыі – унучку. І Бог падарыў Машачку, Марыйку. Імя ў гонар бабулі Марыі Ягораўны Лебедзевай – знакамітага повара з “Фартуны”, якая шчыра радуецца такому шчасцю, што цяпер у яе пяцёра ўнукаў і адна ўнучачка.
Таццяна  – добрая маці, любячая, пяшчотная. І гэта, па праўдзе, не здзіўляе, з той сур’ёзнай дзяўчынкі і павінна была вырасці такая адказная мама і гаспадыня. А вось юркага ўсмешлівага Аляксандра цяжка было ўявіць клапатлівым мнагадзетным бацькам. А ён менавіта такі. Аднаго на рукі, другога за руку – і ў магазін, у аптэку. Ён ведае, каму трэба купіць памперсы, каму кашу, каму афлубін. І пры гэтым заўсёды з усмешкай, быццам не цяжка яму расціць дзяцей, працаваць і будаваць дом.
У новым (дакладней, рэканструяваным) доме мы і сустрэліся. Яны пераехалі сюды перад Новым годам, пасля цеснай кватэры ім тут вольна і добра. Добра разам, ушасцярых. А калі Бог пашле яшчэ адно дзіця? “Будзе добра ўсемярых”, – усміхаюцца Таццяна і Аляксандр Шацілы.
Аліна ПЯТРОВА.
Надрукавана ў №6 ад 23.01.2015 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *