Над Шумилино сияет купол

Духоўнае Общество

Над Шумілінам ззяе купал
15 студзеня на званіцы храма свяціцеля Мікалая Цудатворцы, які будуецца ў Шуміліне, быў устаноўлены купал. Сведкамі такога важнага ў будаўніцтве царквы этапа сталі ўсе праваслаўныя свяшчэннаслужыцелі Шумілінскага раёна, у тым ліку і благачынны цэркваў Шумілінскай акругі протаіерэй Фёдар Пучынскі. Прысутнічаў на ўстаноўцы купалу і намеснік старшыні райвыканкама А. М. Зайцаў.  З такой знамянальнай нагоды ля храма сабралася і багата вернікаў, якія зносілі небу малітвы, прыкладаліся да святога крыжа, прасілі ў Бога дапамогі ў будаўніцтве храма і ў сваіх зямных клопатах. Нагадаем, што 19 снежня, у дзень Святога Мікалая, прайшло ўрачыстае асвячэнне гэтага купала.
Цікава, што малы купал важыць каля тоны, а вялікі (работы над ім таксама ідуць да завяршэння) будзе важыць і ўсе чатыры тоны. Сам купал устанаўліваўся з дапамогай пад’ёмнага крана, прадастаўленага ПМК-70, а крыж усталёўваўся на купале ўжо ўручную. Назіраць за гэтым працэсам было цікава і хвалююча. Рабочыя, што працуюць на будаўніцтве царквы, праявілі спрытнасць і сапраўдны прафесіяналізм. З Божай дапамогай усё атрымалася выдатна.
Майстра для стварэння купалаў знайшлі аж у Нясвіжы. Анатоль Каменка спецыялізуецца менавіта на такіх няпростых работах. Пад яго кіраўніцтвам гэта майстэрства спасціглі і шумілінскія хлопцы – Аляксандр Касноў і Дзмітрый Сінякоў. У гэты знамянальны для Шуміліна дзень яны таксама працавалі на аб’екце. Хлопцы расказалі, што “залатое” пакрыццё купала робіцца са спецыяльнага матэрыялу – нітрыду тытана. Вялікія залацістага колеру лісты ўручную трэба разрэзаць на сегменты пэўнай  формы і памеру. Гэта фізічна дастаткова цяжкая праца. Яны заўважылі, што лісты прасцей было б разрэзаць з дапамогай “балгаркі”, але якасць матэрыялу ад гэтага пацярпела б, і з часам купалы пакрыліся б іржой. А каму гэта трэба? Яны адказваюць за якасць сваёй працы. Усё ж не штосьці там робяць, а купалы для храма. Дарэчы, занятыя маладыя мужчыны і на іншых работах па будаўніцтве царквы.
Дык вось, нарэзалі яны сегментаў у форме ромбаў, потым з дапамогай спецыяльнага агрэгата загнулі бакі кожнага сегмента такім чынам, каб потым была магчымасць“абшыць” імі купал. Ромбы ставяцца ўшчыльную па прынцыпу замка і мацуюцца ўсяго адной клёпкай. Самая няпростая задача – звесці ромбы ў кола. Купалы задуманы круглымі, а таму памыліцца нельга нават і на сантыметр. Бывала, расказалі майстры, і пераробліваць прыходзілася: павінна ж быць ідэальна.
Сябе не шукай у хлуддзі,
На іншых не звальвай віну ўсю.
Дарогаю добрых ідзі
I сцежак праведнікаў пільнуйся.

Дарога добрых вядзе
Ў пакутнікі, ў пілігрымы,
Святую ў бядзе, ў жудзе
Яе не ўсцілаюць кілімы.

І сцежкі праведнікаў здаўна
Не збіты на жвір ступакамі.
Бо іх табе лёс даў на
Бяседу з небам, з вякамі.
«Дарогаю добрых ідзі», – раіць Рыгор Барадулін. Велічны, з залатымі купаламі храм дапаможа нам трымацца правільнага шляху. Хочацца верыць, што хутка наш храм расчыніць дзверы для вернікаў.
Наталля ЧАРНІЧЭНКА.
Надрукавана ў №6 ад 23.01.2015 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *