У раённай арганізацыі “Белай Русі” – новы лідар
У мінулую суботу ў актавай зале аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама адбылася справаздачна-выбарная канферэнцыя Шумілінскай раённай арганізацыі РГА “Белая Русь”. На канферэнцыю прыбылі 24 дэлегаты, удзел у рабоце прынялі галоўны спецыяліст аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Л. В. Шаўцова, старшыні раённай ветэранскай арганізацыі К. Ф. Палоўнікава і раённай арганізацыі інвалідаў Л. М. Нагібава.
На парадку дня стаялі тры пытанні: работа Шумілінскай раённай арганізацыі РГА “Белая Русь” за справаздачны перыяд, выбары актыву і кантрольна-рэвізійнай камісіі.
Са справаздачай аб рабоце арганізацыі выступіў старшыня раённай арганізацыі РГА “Белая Русь” В. М. Саковіч, які ўзначальвае яе з 2012 года. У прыватнасці, Віктар Мілецьевіч адзначыў, што грамадская арганізацыя “Белая Русь” была створана ў раёне ў 2008 годзе і першым старшынёй яе стаў былы галоўны санітарны ўрач раёна В. Р. Бурэнь. Арганізацыя мела на мэце аб’яднаць у свае рады лепшых прадстаўнікоў раёна, якім неабыякавы лёс краіны, якія выступаюць за будаўніцтва квітнеючай, моцнай і незалежнай Беларусі. Ідэйная платформа аб’яднання базіруецца на ідэалогіі беларускай дзяржавы, нацэлена на стратэгію кансалідацыі беларускага народа ў яго стваральнай працы.
Зараз раённая грамадская арганізацыя, якая аб’яднала 521 чалавека, налічвае 31 пярвічку. “Белая Русь” цесна супрацоўнічае з аддзеламі і службамі райвыканкама, грамадскімі аб’яднаннямі. У пярвічках расце моцная каманда лідараў. “Цяпер асноўная задача – павялічыць колькасць членаў арганізацыі, – прадоўжыў В. М. Саковіч. – І зрабіць гэта шляхам актыўнай, дакладнай і планамернай работы.”
Формы і метады арганізацыі разнапланавыя. Сталі брэндавымі для “Белай Русі” такія акцыі як “Белая Русь” – будучым абаронцам Айчыны”, “Белая Русь” – з любоўю да дзяцей”, “Белая Русь” – за здаровы лад жыцця”, “Белая Русь” – за бяспеку дзяцей на дарозе”, “У Новы год з “Белай Руссю” і шмат іншых. Члены арганізацыі актыўна ўдзельнічаюць у масавых мерапрыемствах з нагоды дзяржаўных, гісторыка-культурных, прафесійных святаў, у мітынгах і дэманстрацыях. Па словах Віктара Мілецьевіча, большасць членаў “Белай Русі” – настаўнікі, таму вельмі шмат увагі ўдзяляецца арганізацыі выхаваўчай работы сярод падрастаючага пакалення.
Самы актыўны ўдзел прынялі прадстаўнікі РГА “Белая Русь” у выбарах дэпутатаў мясцовых Саветаў дэпутатаў 2014 года. Старшыня грамадскага аб’яднання выказаў спадзяванне, што не менш актыўным будзе ўдзел членаў арганізацыі ў выбарах Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь сёлета.
На думку В. М. Саковіча, трэба актывізаваць работу па прыцягненні новых членаў у “Белую Русь”, па папулярызацыі дзейнасці арганізацыі на старонках мясцовай прэсы і наогул у сродках масавай інфармацыі. Рашаць гэтыя задачы, а таксама ствараць электронную базу членаў арганізацыі трэба будзе новаму савету.
У абмеркаванні справаздачы выступілі дырэктар Навікоўскай СШ А. П. Далімаеў, загадчыца ясляў-сада №4 г. п. Шуміліна З. А. Зазыба, старшыня раённай ветэранскай арганізацыі К. Ф. Палоўнікава, галоўны спецыяліст аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Л. В. Шаўцова. Дэлегаты канферэнцыі прызналі работу раённай арганізацыі “Белая Русь” здавальняючай.
Новым кіраўніком раённай арганізацыі абрана Л. У. Маладзечкіна, дырэктар раённай гімназіі-інтэрната. Абраны раённы савет і кантрольна-рэвізійная камісія.
Алена КАРПУШЭНКА.
Надрукавана ў №5 ад 20.01.2015 г.