На абароне інтарэсаў грамадзян
12 верасня 2011 года Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь была створана новая праваахоўная структура – Следчы камітэт Рэспублікі Беларусь. Раённы аддзел Следчага камітэта пачаў сваю работу 1 студзеня 2012 года.
Пра вынікі работы за тры гады, пра задачы, якія прыходзіцца рашаць работнікам Следчага камітэта, размаўляем з начальнікам аддзела падпалкоўнікам юстыцыі Русланам Васільевічам КУРКЛІНСКІМ.
– Руслан Васільевіч, да прызначэння на пасаду Вы ўжо мелі немалы вопыт следчай работы. Што, на Ваш погляд, памянялася ў рабоце следчых са стварэннем камітэта?
– Адной з асноўных задач следства як да, так і пасля ўтварэння Следчага камітэта была і застаецца абарона правоў і законных інтарэсаў грамадзян на стадыі дасудовай вытворчасці. Новым у рабоце стала, калі так можна сказаць, пэўная “аўтаномнасць” следчых – яны сталі больш самастойнымі ў прыняцці рашэнняў па крымінальных справах, якія знаходзяцца ў вытворчасці.
Нашы следчыя вядуць крымінальныя справы па ўсіх катэгорыях злачынстваў, разглядаюць заявы і паведамленні па матэрыялах праверак, якія звязаны са смерцю чалавека, па матэрыялах, звязаных з палавой недакранальнасцю грамадзян.
Сістэма праваахоўных органаў не стаіць на месцы. Яна пастаянна абнаўляецца, прыстасоўваецца да патрабаванняў часу. Змены закранаюць усе праваахоўныя органы. І яны найперш накіраваны на гуманізацыю. Так, сёння закон даволі лаяльны да тых, хто ўпершыню здзейсніў злачынства, якое не ўяўляе вялікай грамадскай небяспекі, ці менш цяжкае злачынства. За 2014 год раённым аддзелам было вызвалена ад крымінальнай адказнасці 26 грамадзян па прычыне раскаяння і кампенсацыі нанесеных страт. Змяніліся і адносіны да заключэння пад варту. Згадзіцеся, што далёка не заўсёды пазбаўленне свабоды – адэкватная мера. Таму апошнім часам пачалі больш шырока прымяняць альтэрнатыўныя меры – хатні арышт, залог. За тры гады работы аддзела абмежавальныя меры не звязаныя з пазбаўленнем волі былі прыменены да паловы абвінавачаных у здзяйсненні злачынстваў.
– Што ўяўляюць сёння вынікі работы раённага аддзела ў лічбах?
– У мінулым годзе да вытворчасці аддзелам было прынята 357 крымінальных спраў. Папярэдняе следства закончана па 191 справах, з іх 132 накіраваны ў суд, 53 спынены па розных падставах. Летась не было незаконнага прыцягнення грамадзян да адказнасці і незаконнага апраўдання асоб судом – гэта таксама добры паказчык эфектыўнасці нашай работы.
– Як выглядае дынаміка са злачынствамі у нашым раёне ў параўнанні з 2013 годам? Якіх злачынстваў больш?
– У 2014 годзе зарэгістравана 305 злачынстваў, за 2013 год – 273. Са злачынстваў упэўненае “лідарства” трымаюць крадзяжы. Не адкрыю нічога новага, калі скажу – шмат праблем з-за спіртнога. Больш чым 60% злачынстваў здзейснены асобамі ў нецвярозым стане.
– Руслан Васільевіч, як ідзе раскрыццё спраў, па тых жа крадзяжах, напрыклад?
– Можна з упэўненасцю сказаць, што паказчыкі па кампенсаванні страт, нанесеных злачынствамі, колькасці закончаных крымінальных спраў і спраў, якія расследаваліся ў тэрмін да аднаго месяца, вышэй сярэдніх па вобласці. Па лініі крымінальнага вышуку раскрыццё склала 65,4 %. Хачу адзначыць і аператыўнасць расследавання. Закончаны ў тэрмін да месяца 94 крымінальныя справы.
– Зразумела, што за ўсімі лічбамі стаяць людзі, іх прафесіяналізм…
– Ад прафесіяналізму, зладжанасці, аператыўнасці, мэтанакіраванасці кожнага супрацоўніка залежыць поспех аддзела ў цэлым. У нас падабраўся малады калектыў, з васьмі следчых чатыры яшчэ год назад былі студэнтамі ВНУ. Сярэдні ўзрост супрацоўнікаў аддзела – 27 год. Хочацца адзначыць намесніка начальніка аддзела, начальніка следчага аддзялення падпалкоўніка юстыцыі С. В. Камарову. Менавіта ад яе работы ў многім залежыць работа аддзела. Толькі ўхвальных слоў заслугоўваюць старшы следчы лейтэнант А. М. Мухо, дзяржаўная служачая Л. В. Карнавухава, лейтэнант Д. Г. Шчарбакоў, старшы следчы маёр юстыцыі В. В. Казлоўскі, спецыяліст групы рэжымна-сакрэтнай дзейнасці аддзела А. М. Аглушэвіч.
Аляксандр ШЭДЗЬКО.
Надрукавана ў № 3 ад 13.01.2015 г