Мишневичские школьники подарили праздник пожилым людям

Актуалии Общество

У падарунак – шкарпэткі, тарты і яблыкі
Па даўняй добрай традыцыі ўдзельнікі клуба “Міласэрнасць”, што дзейнічае ў Мішневіцкай СШ, наведваюць састарэлых у аддзяленні кругласутачнага прабывання ТЦСАН. Вось і сёлета школьнікі загадзя рыхтаваліся, каб павіншаваць пенсіянераў з Нараджэннем Хрыстовым і Новым годам.
“Дзеці і настаўнікі зрабілі нашым пацыентам (іх зараз 24 чалавекі) сапраўднае свята, – расказала загадчыца аддзялення Святлана Якаўлева. – Яны прыйшлі з добрым настроем і салодкімі падарункамі, з Дзедам Марозам і Снягуркай. Дзеці абышлі кожную палату, павіншавалі ўсіх”.
Дарэчы, мішневіцкія школьнікі разам з настаўнікамі некалькі тыдняў збіралі цёплае адзенне для бабуль і дзядуляў. Некаторыя звязалі цёплыя шкарпэткі для падарунка.
“Наступная дабрачынная акцыя запланавана на пачатак сакавіка, – расказала намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Мішневіцкай СШ  І. А. Галабурда. – У ёй прымуць удзел не толькі члены БРСМ і піянеры, але і акцябраты. У красавіку плануем пасадзіць дрэвы ля аддзялення і прыбраць вакол тэрыторыю”.
Дарэчы, школьнікі былі не адзінымі гасцямі падчас святаў у аддзяленні кругласутачнага прабывання для пажылых грамадзян і інвалідаў. З віншаваннямі і тартамі сюды за-вітала старшыня Мішневіцкага сельвыканкама Г. У. Зязюлька, з яблыкамі са свайго сада – жыхар в. Заобаль А. Л. Бычкоў. “Мы вельмі ўдзячны ўсім добрым людзям за шчырасць, увагу і спагаду,” – кажа С. М. Якаўлева.
Ларыса КІСЯЛЁВА.
Надрукавана ў №2 ад 09.01.2015 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *